Ініцыятарамі такога памятнага знаку ў гэтым урочышчы са сваёй цікавай гісторыяй сталі Вінцэнт і Раіса Жук-Грышкевічы. Пазней побач з крыжом быў усталяваны камень ахвярам камуністычнага рэжыму.
Цікавае месца. Але час бярэ сваё. Крыж і фундамент патрабуюць капітальнай рэстаўрацыі, адпаведна ўкладання немалых сродкаў. Паездка была працоўная. Хочацца захаваць тое, што зроблена нашымі суродзічамі. Гэтыя памятны крыж і камень, бадай, адзіныя на ўсю Канаду беларускія знакі.
Шыльда пад крыжом з надпісам: "Гэты крыж быў узведзены беларусамі на памяць тысячагоддзя хрысціянства на Беларусі для ўслаўлення Бога з малітваю за свабоду Беларусі". Ніжэй прыводзіцца тэкст гімна "Магутны Божа". Крыж бласлаўлёны і асвечаны 5 верасня 1988 года падчас 18-га Сходу беларусаў Паўночнай Амерыкі айцом Аляксандрам Надсанам.