Больш за два дзесяткі гадоў на украінскім небасхіле ззяе беларуская “Зорка Венера”. Так называецца гурток беларускай культуры, які ўзначальвае Пятрусь Капчык.
Як ва Украіне з’явілася беларуская зорка
“Я нарадзіўся і вырас у вёсцы Раўнаполле, да якой са сталіцы краіны ўсяго 48 хвілін язды электрычкай Мінск-Пухавічы-Асіповічы, дзе й зараз жыве мая старэйшая сястра Сафія Міхайлаўна Капчык, яе дзеці, унукі й праўнукі. А мяне лёс кідаў з аднаго месца ў іншае, пакуль, нарэшце, у 1983 годзе не асеў у старадаўнім горадзе на беразе ракі Гарынь ва Украіне, Ізяславе, -- распавядае Пятрусь Міхайлавіч.
Там Пятрусь Капчык уладкаваўся працаваць выкладчыкам рускай мовы і літаратуры ў школе №1, быў класным кіраўніком у 4”Б” класе. З гэтага першага класа і пачалося стварэнне гурта беларускай культуры. Гэта былі Савецкія часы, і для нейкага юбілею трэба было рыхтаваць інфармацыю пра Савецкія рэспублікі.
“Раз я родам з Беларусі, то мы ўзялі Беларускую ССР. Мы выпісалі прэсу, “Піянер Беларусі” і іншыя газеты беларускія. Аказалася, што ў класе нават ёсць прадстаўнікі беларускай дыяспары. Мы пачалі працаваць, рабілі альбом, падбіралі розныя выразкі, фотаздымкі і гэтак далей, - прыгадвае Пятрусь Капчык. -- Потым Жана Хеленюк, зараз яна жыве ў Кіеве, кажа: “Пятрусь Міхайлавіч, а давайце мы будзем вывучаць беларускую мову”.
Такім чынам, ініцыятыва стварэння гурта беларускай культуры сыходзіла ад вучняў. Першапачаткова назвалі гурт “Мова нашых пабрацімаў”. Аснову склалі вучні таго класа, дзе Пятрусь Капчык працаваў класным кіраўніком, да іх далучыліся і іншыя школьнікі. На занятках вывучалі беларускую мову, літаратуру, гісторыю, культуру, слухалі беларускую музыку.
Змена назвы гуртка адбылася зноў жа дзякуючы вучням. “Калі дзеці пачулі ў запісе песню “Зорка Венера”, зноў тая ж Жана Хеленюк сказала: “Давайце, Пятрусь Міхайлавіч, назавём наш гурток “Зорка Венера”. Ну, і так назвалі, вывучалі Багдановіча, ездзілі ў Ялту, былі на магіле Багдановіча, збіралі кнігі Багдановіча, яго вершы на беларускай мове і пераклады, - успамінае кіраўнік “Зоркі Венеры”.
“Куды б я ні звяртаўся за дапамогай, ніхто мне не адмаўляў”
Падчас заняткаў Пятрусь Міхайлавіч выкарыстоўваў падручнікі па беларускай мове з уласнай бібліятэкі, таксама звяртаўся за матэрыяламі для навучання ў Міністэрства асветы, у таварыства па сувязях з суайчыннікамі за мяжой “Радзіма”.
Па словах Петруся Капчыка, куды б ён ні звяртаўся, ніхто яму не адмаўляў у дапамозе.
“У той час у Міністэрстве асветы працаваў спадар Генадзь Пяцігор, які пастаянна цікавіўся нашымі справамі, імкнуўся аказваць рознабаковую дапамогу, у тым ліку па яго ініцыятыве я з групаю дзяцей меў магчымасць пабываць на адпачынку ў летніку "Зубраня", што месціцца на возеры Нарач. Спадарыня А.В. Шамелава, дырэктар Рэспубліканскай навукова-педагагічнай бібліятэкі, дапамагала ў падборы падручнікаў па беларускай мове, літаратуры, гісторыі, культуры, інфармавала мяне пра новыя паступленні ў бібліятэку, што магло быць нам прыдатным у нашай асветніцкай працы. Сваю пасільную дапамогу аказвала нам і таварыства"Радзіма", дасылаючы па 20-30 экземпляраў газеты "Голас Радзімы", якую мы выкарыстоўвалі на ўроках, у якой я час ад часу друкаваў свае гумарэскі, пераклады на беларускую мову твораў з французскай, нямецкай ды іншых моў, даваў інфармацыю пра справы гурта беларускай культуры"Зорка Венера".
Да гэтай пары Пятрусь Міхайлавіч з цеплынёй узгадвае пра дапамогу, якую аказала ў свой час гуртку “Зорка Венера” фірма “DAINOVA”.
“Прайшло ўжо шмат гадоў з нашага падарожжа на Нарач, але мы з цеплынёй і ўдзячнасцю ўспамінаем ТАА "DAINOVA" і яе былога дырэктара па маркетынгу спадара Зміцера Бандарэнку, які зараз за кратамі, які апекаваўся намі падчас нашага знаходжання на турбазе ў Мінску, каб дзеці пазналі сталіцу іх бацькоў: фірма для гэтага дала нам усю неабходную фінансавую дапамогу, якой хапіла яшчэ дзецям набыць падарункі для бацькоў. Спадар Зміцер,трымайцеся, мы Вас памятаем і жадаем вытрымаць тэрмін зняволення годна: молім Бога даць Вам веры ў свае сілы, здароўя.”
“Мы згубілі “Голас Радзімы”
Пятрусь Капчык са шкадаваннем гаворыць, што зараз газету “Голас Радзімы” яны не атрымліваюць.
“На сёння справы з "Голасам Радзімы" проста дрэнныя - мы яе згубілі, яна да нас не даходзіць, бо перастала быць самастойным выданнем! Бачыў яе ў дадатку да "Minsk News", і прадаюцца яны толькі разам! Проста жах..."Голас Радзімы" неабходны нам, беларусам замежжа, як глыток свежага паветра, таму мы просім таварыства"Радзіма" і яе новага кіраўніка спадара Максіма Дубянка зрабіць усё, каб газеце быў вернуты яе ранейшы статус і выгляд”.
Творчая дзейнасць
Пісаць Пятрусь Капчык пачаў у 8-м класе Рудзенскай школы. Першая нататка была надрукавана ў газеце “Зорька” на рускай мове. Зараз Пятрусь Міхайлавіч піша па-беларуску гумарэскі і вершы на рускай мове.
“Справа ў тым, што я вучыўся на рускай мове. Я вучыўся не ў Беларусі, а ў Дагестане. Скончыў філфак “Руская мова і літаратура і журналістыка”. Працаваў у расейскамоўнай газеце ў Таджыкістане, -- тлумачыць Пятрусь Капчык. -- Па-беларуску я пісаў увесь час, проста не публікаваў у Таджыкістане. Калі я пераехаў ва Украіну жыць, то я пачаў ужо дасылаць у “Голас Радзімы” творы”.
Гумарэскі Петруся Міхайлавіча друкаваліся ў беларускай прэсе, а таксама ў альманаху беларускіх пісьменнікаў замежжа “Беларус” за 2007 год (выдаецца ў ЗША). З публікацыяй вершаў у Беларусі, па словах Петруся Капчыка, ёсць пэўныя праблемы за-за таго, што яны на рускай мове. Да таго ж, на выданне кніг патрэбны грошы. Нядаўна Пятрусь Капчык даведаўся, што ў Беларусі рыхутецца да выдання “Анталогія сучаснай беларускай літаратуры замежжа”. Выданне будзе двухмоўным: на рускай і беларускай мовах. Дырэктар выдавецтва “Літаратура і мастацтва”, у якім выйдзе анталогія, Алесь Карлюкевіч паабяцаў, што вершы Петруся Капчыка таксама будуць уключаны ў кнігу.
“Вось нарэшце мае вершы будуць надрукаваны ў беларускай анталогіі, -- радуецца Пятрусь Міхайлавіч, -- ва Украіне яны ўжо ёсць у анталогіях”.
“Пакуль жыве хоць адзін беларус, “Зорка Венера” будзе на небе ўзыходзіць”
У хуткім часе Пятрусь Міхайлавіч выйдзе на пенсію, але сядзець склаўшы рукі ён не збіраецца. Будзе працягваць працу ў гарадской бібліятэцы Ізяслава. У гэтую бібіліятэку ён перадаў сабраную ім за гады працы калекцыю беларускіх кніг. Цяпер там ёсць цэлая беларуская палічка, карыстацца якой можа кожны наведвальнік бібліятэкі.
“Буду дапамагаць ва ўсім, што звязана з нашай літаратурай, нашай культурай, -- гаворыць Пятрусь Капчык. -- Калі трэба, магу якіясьці стэнды падрыхтаваць, выстаўку кніжную зрабіць, лекцыю якуюсьці прачытаць, з перакладам дапамагчы”. Да Петруся Міхайлавіча звяртаецца па дапамогу шмат людзей. Ён не толькі выдатна ведае беларускую мову, але яшчэ рускую, польскую, нямецкую, французскую.
“Зараз у Ізяславе нас засталося 5 чалавек, беларусаў, і калі мы сустракаемся, мы гаворым па-беларуску спакойна. Пакуль жыве хоць адзін беларус, зорка Венера будзе на небе ўзыходзіць. Так што “Зорку Венеру”, пакуль я жывы, не выкрэслівайце, яна нікуды не дзенецца”, -- запэўнівае Пятрусь Капчык.