У Татарстане стартавала акцыя “Чытаем Купалу разам”

У дзень нараджэння Янкі Купалы, 7 ліпеня, у вёсцы Пячышчы каля Казані (Татарстан), дзе паэт жыў у эвакуацыі, а цяпер размяшчаецца мемарыяльны музей, быў дадзены старт акцыі "Чытаем Купалу разам".

Памятная шыльда Янку Купалу на будынку музея ў Пячышчах

У дзень нараджэння Янкі Купалы, 7 ліпеня, у вёсцы Пячышчы каля Казані (Татарстан), дзе паэт жыў у эвакуацыі, а цяпер размяшчаецца мемарыяльны музей, быў дадзены старт акцыі "Чытаем Купалу разам".

Дырэктарка музея ў Пячышчах Рыма Абызава распавяла, што такім чынам яны рыхтуюцца да 130-й гадавіне паэта, якую будуць адзначаць у наступным годзе. Прычым чытаць Купалу у Пячышчах будуць на рускай і беларускай мовах. Дарэчы, Янку Купалу можна прачытаць і на татарскай мове - паэма "Над ракой Арэсай і верш "А хто там ідзе?" ёсць у перакладзе.

Для школьнікаў музей падрыхтаваў адмысловую праграму "Габдула Тукай і Янка Купала - народныя паэты".

Супрацоўнікі Пячышчынскага музея па драбках збіраюць архіўныя дакументы і да юбілею паэта тут сёе-тое знайшлі.

-   Доўгі час сцвярджалі, што аўтамабіль, на якім Янка Купала прыехаў у эвакуацыю з Беларусі, адразу ж паехаў назад, - распавядае Рыма Абызава. - А вось і не. Мы знайшлі ў архівах дакументы, якія пацвярджаюць, што аж да 1945 года яго "Шэўрале" стаяў у гаражы Пячышчынскага мясакамбіната, а за машыну адказваў загадчык гаража. Гэты аўтамабіль быў падораны паэту урадам рэспублікі ў 1939 годзе, калі яму ўручылі ордэн Леніна. Цяпер адрэстаўраваны "Шэўрале" знаходзіцца на дачы Купалы ў Ляўках.

Акрамя таго, у архівах Нацыянальнага музея Татарстана мы знайшлі шмат рукапісаў паэта на ваенную тэматыку. Мабыць, усё, што захоўвалася на гарышчы дома ў Пячышчах, у свой час адправілі ў Казань, і гэтыя дакументы да пары да часу ніхто не разбіраў. Цяпер мы пачынаем над імі працаваць. Магчыма, штосьці ўжо друкавалася ў мясцовых газетах, але гэта яшчэ трэба высветліць.

І гэта яшчэ не ўсё ... Да гэтага часу ў нас не было здымкаў Янкі Купалы разам з дырэктарам пячышчынскага млына Іванам Наякшыным, які і прыняў у сябе знакамітага паэта. Цяпер гэтыя фатаграфіі ёсць. Іх знайшлі ў мясцовым Доме культуры. А разам з імі і здымак жонкі Купалы - Уладзіславы Луцэвіч, датаваны 1955 годам, калі яна прыязджала сюды пасля гібелі паэта.

Акцыя “Чытаем Купалу разам” будзе працягвацца цэлы год і завершыцца 7 ліпеня 2012 года, у дзень, калі будзе адзначацца 130-гадовы юбілей паэта.

У верасні гэтага года ў Пячышчах адзначаць яшчэ адну круглую дату - 70 гадоў таму Купала ўпершыню трапіў сюды і закахаўся тут у Волгу. Тут ён правёў апошнія восем месяцаў свайго жыцця.

Паводле rg.ru