Больш за год TUT.BY знаёміў вас з унікальнай культурнай і духоўнай спадчынай Вільні — колішняга цэнтра беларускага адраджэння, які ўжо сем дзесяцігоддзяў ёсць сталіцай суседняй Літвы. Мы праводзілі вас жыццёвымі пуцявінамі вялікіх літвінаў і беларускіх адраджэнцаў, схілялі галаву перад святынямі ў шматвяковых бажніцах ды шпацыравалі па раскошных шляхецкіх палацах, узіраліся ў памятныя шыльды на аўтэнтычных сценах камяніц ды шукалі беларускую прысутнасць у Вільні сённяшняй. Сёння - фінальны акорд праекту "Страчаная сталіца". Хочацца верыць, што нашы віртуальныя вандроўкі не мінуліся дарэмна і вы пабачылі сталіцу суседняй дзяржавы ў іншым святле. Мы, у сваю чаргу, спадзяемся, што інтэрнэт-нататкі нарэшце аформяцца ў паўнавартасны турыстычны дапаможнік па Вільні для беларусаў, якога сёння так не стае. Захапляльнага падарожжа, спадарства!Вострая Брама (Aušros Vartai)"Толькi ў сэрцы трывожным пачуюЗа краiну радзiмую жах -Ўспомню Вострую Браму святуюI ваякаў на грозных канях.Ў белай пене праносяцца коні,Рвуцца, мкнуцца і цяжка хрыпяць...Старадаўняй Літоўскай ПагоніНе разбіць, не спыніць, не стрымаць".Гэтыя радкі з Багдановічавай "Пагоні" вядомы цяпер ці не кожнаму беларусу са школы. Вострая Брама - адзін з найважнейшых помнікаў гісторыі і архітэктуры Вільні — уяўляе сабою адзіную браму гарадской сцяны, якая захавалася з 16 ст., і капліцу з цудадзейным абразам Маці Божай Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці, якую лічаць святой як каталікі, гэтак і праваслаўныя, беларусы, палякі, літоўцы.Над аркай брамы дабудаваны фасад з пяццю амбразурамі і атык у стылі рэнесанс, дэкараваны гербам "Пагоня". Прычым герб менавіта беларускі, бо хвост каня апушчаны ўніз, а на літоўскім "Віцісе" — узняты дагары.Як адзначыў гісторык Алесь Смалянчук, з падачы Багдановіча выява “Пагоні” на Вострай Браме стала, па сутнасці, першым нацыянальным сімвалам Беларусі і нацыянальнага Адраджэння.Замкавая гара з вежай Гедыміна (Gedimino pilis) Замкавую гару, парэшткі забудовы якой сягаюць 13 ст., яшчэ клічуць гарой Гедыміна — у гонар вялікага князя літоўскага. Паводле легенды, ён заснаваў тут горад, пабудаваў фартэцыю і перанёс сюды сталіцу ВКЛ.З вежы Гедыміна, дзе сёння размешчаны філіял Літоўскага нацыянальнага музея, адкрываецца фантастычны від на стары горад. Вось як бачыў яго герой Коласавай паэмы "Новая зямля" дзядзька Антось:"Агромны горад, цесна збіты,Ўвесь блескам сонейка заліты,Займаў узгоркі і нізіны;Дамы стаялі, як віціны,То ўдоўж, то ўпоперак радамі,То закрываліся садаміАбо дзе ўзгоркам крутабокім;А дзе васпанам адзінокім,Расцерабіўшы сабе пляц,Як горды пан, стаяў палац.Будынкі цесна ў рад стаялі,Як бы адны другіх трымаліУ часе нейкай небяспекіІ асталіся так навекі.Беларускія даследнікі Сяргей Дубавец і Сяргей Харэўскі высветлілі, што ў 1864 годзе тут, на тэрыторыі расійскага гарнізону, быў патаемна пахаваны лідар антырасійскага паўстання на Беларусі Кастусь Каліноўскі. У 1921 годзе на магіле ўсталявалі мемарыял — драўляны крыж з мармуровай шыльдай, на якой выбілі імёны 15 пахаваных паўстанцаў. Пасля перадачы Вільні Літве ў 1940-м крыж быў спалены, а шыльда знікла. Сёння магіла ніяк не пазначана.Час працы 1.05 – 30.09: Пн-Нд: 10-19; 1.10-30.04: Аў-Нд: 10-17. Кошт Дарослыя – 5 Lt, школьнікі, студэнты – 2 Lt, дзеці да 7-мі, інваліды — бясплатна. Друкарня Скарыны (Didzioji, 19 — Stikliu, 4)Шыльда на гэтым будынку 15-16 стагоддзя, які належаў бурмістру Вільні Якубу Бабічу, сведчыць аб тым, што ў 1520 годзе беларускі асветнік Францыск Скарына перавёз сюды з Прагі сваю друкарню. Тут і былі надрукаваныя ягоныя "Малая падарожная кніжка" (1522) і "Апостал" (1525). Памятная табліца стала першай беларускай шыльдай у горадзе, у адкрыцці якой у 1990 годзе ўдзельнічала афіцыйная дэлегацыя з Мінска. Пазней у двары будынку (Stikliu, 4) дзейнічала славутая друкарня віленскіх купцоў братоў Кузьмы і Лукі Мамонічаў, у якой працавалі расійскія першадрукары, беларусы з паходжання Іван Фёдараў і Пётр Мсціславец. З 1574 да 1623 гг. друкарня выдала каля 115 кніг, сярод якіх галоўныя заканадаўчыя дакументы Вялікага княства Літоўскага — “Трыбунал” (1586) і легендарны “Трэці статут ВКЛ” (1588), які з’яўляўся адным з самых прагрэсіўных зводаў законаў тагачаснай Еўропы. У панадворку будынка ўсталявана гранітная скульптура “Летапісец” у гонар віленскіх першадрукароў. Крыж паўстанцаў (Lukiškių aikštė) 22 сакавіка 1864 г. на запаланёнай віленчукамі Лукішскай плошчы расійскія ўлады павесілі Кастуся Каліноўскага. На меркаваным месцы пакарання нацыянальнага героя Беларусі і яшчэ 20 паўстанцаў, амаль пад самым касцёлам Святых Якуба і Піліпа, стаіць памятны крыж і паваенная мемарыяльная пліта.Яшчэ ў 1929 г. Саветы ўсталявалі на плошчы мемарыяльную пліту паўстанцам, пасля атрымання Літвой незалежнасці — драўляны крыж каля яе. У 2008-м, падчас разгляду праектаў рэканструкцыі плошчы па-над помнікам паўстанцам навісла пагроза. Толькі дзякуючы пратэстам беларускай грамады на чале з Таварыствам беларускай культуры Літвы ўрад прыняў рашэнне захаваць помнік, накіраваўшы адпаведнае рашэнне ў Міністэрства культуры. Крыж з мемарыяльнай плітой, а таксама шэсць драўляных лавак і 10 дэкаратыўных ліхтарняў з чырвонага граніту і чыгуну ўзялі пад ахову дзяржавы.“Базыльянскія муры" (Aušros Vartu, 7)Базыльянскія муры — гэта комплекс, што ўтвараюць царква Святой Троіцы, будынкі жаночага і мужчынскага кляштараў, званіца, Паўночная і Паўдзённая брамы і бурса.У сценах кляштара (Aušros Vartu, 7а) месцілася праваслаўная друкарня, дзе ў 1596 годзе беларускі педагог-гуманіст Лаўрэнці Зізані выдаў першы ўсходнеславянскі лемантар "Грамматіка словенска...", потым — базыльянская друкарня. На пачатку 19 ст. першы паверх паўднёвага корпуса кляштара быў перароблены ў турму, вязнямі якой у 1823-24 гг. былі арыштаваныя па справе філаматаў Адам Міцкевіч, Ігнат Дамейка і інш. Келля, дзе быў зняволены Міцкевіч, атрымала імя Конрада, бо менавіта тут разгортваліся падзеі ІІІ часткі паэмы “Дзяды” (спрэчка героя з Богам і д’яблам). На меркаваным месцы келлі ўсталяваная мемарыяльная шыльда Адаму Міцкевічу. Памяць сусветнавядомага навукоўца, геолага Ігната Дамейкі ўшанавалі ў 2002 годзе, усталяваўшы шыльду (на літоўскай і польскай мовах) на ўваходнай барочнай браме ў Базыльянскія муры. Пазней у вязніцы утрымліваліся ўдзельнікі паўстання 1830-1831 гг. У 1920-40-х гадах у сценах кляштара існаваў палітычны і культурны цэнтр беларусаў: Беларускі музей імя І. Луцкевіча і беларуская бібліятэка, Віленская беларуская гімназія, дзве беларускія пачатковыя школы, Беларускае навуковае таварыства, Беларускі нацыянальны камітэт, Беларускія настаўніцкія курсы, Беларуская школьная рада Віленшчыны.Касцёл Святога Яна (Šv. Jono, 12)Касцёл Святога Яна вядзе сваю гісторыю ад 1387 года, калі на гандлёвай плошчы ў цэнтры тагачаснага горада Уладзіслаў Ягайла збудаваў драўляную бажніцу. Праз паўстагоддзя першы парафіяльны касцёл Вільні стаў мураваным, набыўшы рысы готыкі. Пасля перадачы Жыгімонтам Аўгустам храма прыбылым з Нямеччыны езуітам (1571) бажніца, якая паклала пачатак будучаму Віленскаму ўніверсітэту, не раз гарэла і рэканструявалася. Ключавую ролю ў яе ўзнаўленні адыграў легендарны мінскі архітэктар Ян Франкевіч - пачынальнік архітэктуры барока на беларускіх землях. Арыгінальныя краслюнкі Франкевіча з праектам касцёла Святога Яна сёння захоўваюцца ў адным з кіеўскіх архіваў.
Фота: eair.nl |
У сценах бажніцы ладзілі ўрачыстыя каралеўскія прыёмы Стэфан Батура, Жыгімонт III, Уладзіслаў IV, Ян Казімір, адбываліся святы езуіцкай акадэміі і навуковыя дыспуты.На зломе 16-17 стагоддзяў побач з касцёлам была ўзведзена 60-метровая званіца, якая неаднаразова гарэла, разбуралася і ўзнаўлялася. Падобны пакручасты лёс зазнаў і сам касцёл. Следам за Франкевічам новае жыццё яму надавалі легендарныя беларускія дойліды Тамаш Жаброўскі з Наваградку, будучы рэктар Полацкага калегіуму езуітаў Габрыэль Лянкевіч і выхадзец з Воранаўшчыны Караль Падчашынскі.У 1839 годзе сюды быў перавезены арган з разрабаванага расійцамі касцёла Святога Стэфана ў Полацку. У сярэдзіне 19 ст. на ім граў аўтар першай беларускай оперы Станіслаў Манюшка, які цягам некалькіх гадоў працаваў у касцёле арганістам, атрымліваючы 100 рублёў срэбрам у год. Сёння на хорах найвялікшага ў Літве аргана (узноўлены ў 2000 годзе) можна ўбачыць бюст кампазітара.Акрамя шматлікіх святых, у касцёле ўвекапомнены выбітныя культурныя дзеячы. Гэтак ў паўднёвым нефе, на месцы, дзе любіў стаяць Адам Міцкевіч, у 1899 годзе ўсталяваны бронзавы бюст паэта. Побач з ім стаіць помнік (1901) ягонаму сябру, ураджэнцу Ашмяншчыны, паэту і перакладчыку Антонію Адынцу.На супрацьлеглым баку ў 1908 годзе з’явіўся помнік Уладзіславу Сыракомлю. На той жа паўночнай сцяне да 100-годдзя з часу смерці кіраўніка антырасійскага паўстання 1794 года Тадэвуша Касцюшкі польскія патрыёты “прэзентавалі” гіпсавую крыжападобную табліцу ягонай памяці. Абарваны ніжні край пліты сімвалізуе паразу паўстанцаў.За “панскай Польшчай” і да 1941 года вікарыем касцёла быў славуты беларускі ксёндз Станіслаў Глякоўскі. Ужо ў савецкія часы святыя сцены займаў Музей навуковай думкі, ліквідаваны з перадачай храма каталіцкай царкве ў 1991-м. 5 верасня 1993 года тут адбылася сустрэча віленскай інтэлігенцыі з Папам Рымскім Янам Паўлам II.У касцёле, які ўваходзіць у комплекс Віленскага ўніверсітэта, рэгулярна ладзяцца ўрачыстыя мерапрыемствы з удзелам студэнтаў і выкладчыкаў.Палац Хадкевічаў (Didžioji, 4)Паводле адной інфармацыі, палац Хадкевічаў - слыннага шляхецкага роду ВКЛ - існуе яшчэ з 16 стагоддзя. Іншыя крыніцы сцвярджаюць, што велічная пабудова ў стылі рэнесанснай архітэктуры паўстала пасля 1619 года - з ініцыятывы аднаго з самых таленавітых вялікалітоўскіх палкаводцаў Яна Караля Хадкевіча.
Фота: qedata.se |
Напрыканцы 18 стагоддзя палац прыйшоў у занядбанне і быў выкуплены Віленскім універсітэтам (1803). Класічныя формы, якія і дайшлі да нашых дзён, будынак набыў пасля перабудовы ў 1834 годзе.З 1994 года ў былым палацы Хадкевічаў месціцца Віленская карцінная галерэя - філіял Мастацкага музея Літвы.Тут сабрана аграмадная калекцыя мастацтва з больш як 2500 карцін 16-20 стагоддзяў - спадчына творцаў Вялікага княства Літоўскага і іх наступнікаў: стваральніка Віленскай мастацкай школы Яна Рустэма і яе першага прафесара Францішка Смуглевіча, класікаў беларускага мастацтва Альфрэда Ромера, Вінцэнта Дмхоўскага, Фердынанда Рушчыца… Апроч шматлікіх пейзажаў і партрэтаў дзеячаў ВКЛ у музеі можна ўбачыць рэлігійныя творы і абразы з бажніцаў.Класічныя інтэр’еры палацавых залаў максімальна набліжаныя да памяшканняў шляхецкіх маёнткаў 19 стагоддзя.Час працы Аўт–Сб: 11.00-18.00, Нд: 12.00-17.00.Кошт дарослыя – 6 Lt, школьнікі, студэнты – 3 Lt, дзеці да 7-мі, інваліды – бясплатна .WWW ldm.ltЛітоўскі нацыянальны музей (Arsenalo gatve, 1, 3)У будынках Віленскага замкавага комплексу, паблізу ад падножжа вежы Гедыміна, месціцца Літоўскі нацыянальны музей. У двух ягоных карпусах - Стары Арсенал (археалагічная экспазіцыя, Arsenalo, 3) і Новы Арсенал (гісторыя ВКЛ і найноўшага часу, Arsenalo, 1) - захоўваецца каля 1 мільёна экспанатаў, многія з якіх кожны беларус па праве можа назваць “сваімі”. Пячаткі Вітаўта, зброя і партрэты князёў Вялікага княства Літоўскага, мапы тагачаснай Беларусі і пісаныя старабеларускай мовай кнігі і дакументы - усяго гэтага вы не ўбачыце ў Беларусі.Яшчэ 11 траўня 1855 года гісторык і калекцыянер Яўстах Тышкевіч заснаваў у Вільні Музей старажытнасцяў. На пачатку ХХ стагоддзя ягоную справу працягнуў ідэолаг беларускага адраджэння Іван Луцкевіч, які сабраў больш за 13 тысяч экспанатаў. Аднак пасля канчатковай перадачы Сталіным Вільні Літве (1939) і разгрому Саветамі беларускага руху літоўцам адышла і ўнікальная калекцыя Вялікага княства, на аснове якой быў заснаваны спачатку Музей гісторыі і этнаграфіі, а потым і Літоўскі нацыянальны музей.
Надпіс у гасцявой кнізе музея |
Час працы 1.05–30.09: Аўт-Сб: 10.00-17.00; 1.10-30.04: Ср-Нд: 10.00-17.00.Кошт дарослыя – 5 Lt, школьнікі, студэнты – 2 Lt, дзеці да 7-мі, інваліды – 0.WWW lnm.ltМогілкі Росы (Rasų, 32)Могілкі “Роса”, заснаваныя ў аднайменным раёне горада ў 1801 годзе, ёсць найстарэйшым некропалем Вільні. У 1980-я некропаль меў быць знішчаны, а праз яго планавалася пракласці аўтамагістраль. Аднак праз пратэсты віленчукоў і эканамічныя цяжкасці на злачынным праекце быў пастаўлены крыж. У постсавецкі час літоўскія і польскія ўлады супольнымі намаганнямі рэканструявалі могілкі. У 2005-м падчас дзяржаўнага візіту ў Літву прэзідэнт Польшчы Аляксандр Квасьнеўскі і прэзідэнт Літвы Валдас Адамкус усклалі кветк да магіл нацыянальных герояў сваіх краін Ёнаса Басанавічаса і Юзафа Пілсудскага.
Помнік братам Луцкевічам. Фота: К. Шастоўскі, Radzima.org |
Тым часам Росы ёсць адным з беларускіх нацыянальных сімвалаў Вільні. Тут знайшлі апошні прытулак многія слынныя беларускія дзеячы: Іван Луцкевіч і Францішак Аляхновіч, Яўстах Тышкевіч і Уладзіслаў Сыракомля, Ядвігін Ш і Казімір Сваяк, Альбін Стаповіч і Лявон Вітан-Дубейкаўскі…Помнік Гедыміну (Katedros aikšte)Помнік заснавальніку Вільні вялікаму князю літоўскаму Гедыміну быў адкрыты на Кафедральнай плошчы ў 1996-м (скульптар Вітаўтас Кашуба).
Фота: Travelpod.com
Паводле легенды, упаляваўшы на высокай гары тура, Гедымін сасніў вешчы сон, у якім убачыў вялізнага ваўка на гары, пасля чаго і збудаваў на гэтым месцы горад. Мураваны замак у Вільні, куды Гедымін перанёс сваю рэзідэнцыю з Наваградка, з’явіўся не пазней за 1320 год. Каля 1321 году Гедымін пабудаваў у Вільні касцёл для манахаў-францысканцаў, пачаўшы запрашаць рамеснікаў і купцоў з Заходняй Еўропы.
Кастусь Лашкевіч, TUT.BY