Беларусы Іркуцка адзначылі старажытнае беларускае свята Купалле ў ноч з 25 на 26 чэрвеня на беразе ракі Ангара. На свята сабралася каля трохсот чалавек, многія былі ў нацыянальных беларускіх строях, пашытых сваімі рукамі.Жыхар Іркуцка Арцём Кулікоў на свяце Купалле апынуўся ўпершыню і быў прыемна здзіўлены, што ёсць магчымасць акунуцца ў старажытныя абрады, таямнічай і трохі нерэальнай летняй ноччу. - Мы забыліся на свае карані! - гаворыць ён, - і я вельмі рады, што ёсць такое свята! У наступным годзе абавязкова падрыхтуюся як след, пашыю нацыянальную вопратку.
У праграме свята - беларускае застолле, цуды Купальскай ночы: пошук чароўнай Папараць-кветкi, скокі праз агонь, карагоды і традыцыйныя беларускія гульні, пошукі Купалінкі, праводзіны русалак, варажба на вяночках і начная беларуская дыскатэка!
Старшыня Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Я. Чэрскага Алег Рудакоў распавёў: - У гэтым годзе сабралася не так шмат народу, як бывала - каля трохсот. Але затое атмасфера была больш сяброўская, утульная. Прыехалі тыя, хто адчувае неабходнасць гэтага свята, а не проста жадае павесяліцца на свежым паветры.
Дарэчы сказаць, арганізатары свята і не гоняцца за вялікай колькасцю ўдзельнікаў.
- Мы спецыяльна не даём шырокай рэкламы свята, - кажа Алег, - калі прыедзе да паўтысячы чалавек, то ім самім будзе складаней. Аднойчы сабралася чалавек пяцьсот, і давялося рабіць два вогнішчы, вакол кожнага - карагоды ў тры шэрагі. Зараз прыязджае ўсё больш моладзі, чым людзей сярэдняга ўзросту - моладзь рамантычней, і ёй лягчэй вытрымаць ноч без сну.
Бліжэй да раніцы гасцей частавалі Зваром - гэта гарбата з траў, прыгатаваная на вогнішчы. А на досвітку - абрад купання ў гаючай вадзе. Гэта дае непаўторны зарад эмоцый, якога абавязкова хопіць да наступнага года.

Дзяўчаты плятуць вянкі

Выхад галоўнай гераіні свята Купалінкі ў суправаджэнні сябровак


Здабыча агню для купальскага вогнішча

Карагоды вкол купальскага вогнішча

Купальскія спевы


Скокі праз агонь
Паводле Нікі Пясчынскай, газета "Маланка"
