У апошнія дні траўня бягучага года ў Цэнтры культуры і народнага мастацтва Рыжскай думы "Ritums" адчынілася юбілейная выстава Аб'яднання мастакоў-беларусаў Балтыі "Маю гонар", прысвечаная 20-годдзю яго заснавання.
Аб'яднанне было заснавана 12 студзеня 1991 г. у Рызе. Гэта быў час Атмоды (Адраджэння), час, калі латышы, як і летувісы, і эстонцы, разам з прадстаўнікамі іншых нацыянальных меньшасцей, што жылі ў Балтыйскіх дзяржавах, змагаліся за незалежнасць гэтых краін. Рыга ў тыя дні была ў барыкадах, па Вільні грахаталі савецкія танкі. Сход мастакоў на гэту дату быў запланаваны яшчэ ў канцы восені 1990 г. На ўстаноўчы з'езд у Рыгу прыехалі з Санкт-Пецербурга Янка Чарнякевіч і Віктар Сівуха, з Эстоніі - Маргарыта Астравумава, а латвійскіх мастакоў-беларусаў прадстаўлялі Вячка Целеш, Ларыса Лойка, Мацей Чырыч і Валер Дзевіскіба. Тады ж старшынёй аб'яднання быў выбраны Вячка Целеш, а намеснікам - Маргарыта Астравумава.
З-за ўдзелу беларускіх мастакоў Вільні ў змаганні за незалежнасць Ліетувы ў гэтыя дні не змаглі прыехаць на з'езд Алег Аблажэй і Крысціна Балаховіч, але па тэлефону яны падтрымалі заснаванне аб'яднанння. Пазней да аб'яднання далучыўся са Швецыі Ян Кузьміцкі.
Час заснавання аб'яднання быў неспакойны, але гэта не перашкодзіла творчай інтэлігенцыі, захопленай духам свабоды і адраджэння сваёй нацыянальнай культуры, заснаваць сваю беларускую мастацкую арганізацыю ў балтыйскім рэгіёне. У гэты час у Балтыі ўжо існавалі беларускія таварыствы культуры. Мэты "Маю гонар" і таварыстваў па адраджэнню беларускай культуры супадалі. Мастакі сваімі выставамі, сваімі працамі вырашылі паказаць, што ёсць таленты, ёсць беларускія мастакі не толькі на сваёй этнічнай Радзіме, але і ў дзяржавах балтыйскага рэгіёна, і што яны сваёй працай гатовы дапамагаць гэтым таварыствам у адраджэнні беларускай культуры і яе папулярызацыі.Найбольшая актыўнасць аб'яднання прыпала на першую палову 90-х гадоў мінулага стагоддзя, калі незалежная Беларусь была пад нацыянальна-гістарычнымі сімваламі, калі на Бацькаўшчыне адбывалася нацыянальнае Адраджэнне, якое аб'ядноўвала беларусаў усяго свету.Першая мастацкая выстава "Маю гонар " адбылася ў верасні - кастрычніку 1991 г. у Ваенным музеі Латвіі. У студзені - лютым 1992 г., дзякуючы намаганням Маргарыты Астравумавай, выстава аб'яднання адбылася ў г. Кохтла-Ярве ў Эстоніі, у Музеі сланца. У 1992 г. Міністэрства культуры РБ арганізавала выставу "Маю гонар" у Мінску. У наступным годзе падчас Першага з'езда беларусаў свету, мастакі аб'яднання былі запрошаны на з'езд і ўдзел у выставе мастакоў - беларусаў свету "Жыве Беларусь". На жаль, гэтая выстава ў Беларусі стала і апошняй. З таго часу нацыянальнае аб'яднанне беларускіх мастакоў Балтыі не атрымала магчымасці ад сваей этнічнай дзяржавы паказаць сваё мастацтва ў роднай Беларусі.Агульныя выставы АМББ "Маю гонар" на працягу гадоў адбываліся ў Латвіі ў гарадах Рыга, Юрмала, Даўгаўпілс і Лімбажы, у Іыхве (Эстонія), Празе (Чэхія). Апрача гэтага кожная мастацкая суполка аб'яднання "Маю гонар" ладзіла выставы ў сваёй дзяржаве. Мастакі латвійскай суполкі пастаянна ўдзельнічаюць у агульных выставах мастакоў розных нацыянальнасцяў, што жывуць ў Латвіі. іх штогод арганізуе Асацыацыя нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч. Персанальныя выставы сябраў аб'яднання "Маю гонар" адбыліся ў Латвіі, Беларусі, Ліетуве, Эстоніі, Расеі, Фінляндыіі, Даніі, Германіі, Францыі, Канадзе і ЗША.На працягу двадцаці гадоў спіс сяброў аб'яднання мастакоў-беларусаў Балтыі "Маю гонар" паступова мяняўся. З-за эканамічных праблем, пасля з'яўлення мытняў і візаў не змагла прыязджаць у Латвію для ўдзелу ў мастацкіх выставах суполка з Санкт- Пецербурга. Не заўсёды мелі магчымасці прыязджаць на адкрыццё выстаў "Маю гонар"мастакі з Вільні і Эстоніі, але яны заўсёды дастаўлялі на выставы свае працы.Адыходзілі з аб'яднання мастакі ці не маглі прыехаць на выставы па розным прычынам: з-за асабістых поглядаў на нацыянальныя каштоўнасці, з-за эканамічных праблем, аднак не гледзячы на ўсе гэтыя праблемы і змены, аб'яднанне не згортвала сваю дзейнасьць, а наадварот, пастаянна папаўнялася новымі мастакамі. Вось і сёлета для ўдзелу ў юбілейнай выставе "Маю гонар" да аб'яднання далучылася новая мастачка з эстонскага горада Пярну Людміла Прыбыльская, а таксама вядомая мастачка ў Латвіі Зіта Суднік. Зіта нарадзілася ў Латвіі, але яе беларускія карані па бацьку ідуць з Віцебшчыны.Прайшло двадцаць год з дня заснавання аб'яднання мастакоў-беларусаў Балтыі "Маю гонар" і па традыцыі гэты юбілей, як і папярэднія, мастакі адзначаюць выставай сваіх твораў.На выставе, якая адчынілася 28 траўня, экспануюцца творы 18 мастакоў аб'яднання. Латвійская суполка прадставіла творы 12 мастакоў. Гэта працы Анатоля Ермаковіча, Ларысы Лойка, Алены Лаўрыновіч, Васіля Малышчыца, Ганны Пейпіні, Алены Раманенка, Зіты Суднік, Ірыны Трумпель-Сабалеўскай, Пятра Худабчонка, Вячкі Целеша і фотамастачкі Алены Мельнік.З Ліетувы экспануецца праца толькі аднаго мастака Алега Аблажэя. Не змаглі прыняць удзел у выставе Крысціна Балаховіч, Сяргей і Алесь Поклады, а таксама Юры Грыгаровіч. Эстонскую суполку мастакоў "Маю гонар" на адкрыцці выставы прадстаўляла Людміла Прыбыльская. На жаль, не змагла прыехаць з Эстоніі намеснік старшыні АМ-ББ "Маю гонар" Маргарыта Астравумава, а таксама Генадзь Курленкоў з Нарвы. Аднак іх працы, якія былі дастаўлены ў Рыгу, годна занялі месца ў экспазіцыі юбілейнай выставы. Дзве жывыпісныя працы на выставе прадстаўляюць мастака са Швецыі Яна Кузміцкага, гэтыя карціны мастак раней падараваў Вячку Целешу. Пра самога мастака даўно нічога не чуваць, апошняя паштовая сувязь з ім перарвалася ў 2003 годзе, калі ён знаходзіўся ў Беластоку. Не змаглі знайсці кантакт для ўдзелу ў юбілейнай выставе з мастачкай "Маю гонар" Кацярынай Вольскай, якая зараз жыве ў Швецыі. Аднак не губляем надзеі аднавіць гэтуя сувязь.
Сярод сяброў Аб'яднаня "Маю гонар" ёсць як прафесійныя мастакі, якія скончылі вышэйшыя ці сярэднія мастацкія навучальныя ўстановы, так і мастакі, якія самастойна набывалі навыкі малюнку і жывапісу, вучыліся майстэрству ў мастацкіх студыях вядомых мастакоў. Чатыры мастакі з'яўляюцца сябрамі Латвійскага саюза мастакоў. Гэта Вячка Целеш, Ганна Пейпіня, Зіта Суднік і Ірына Трумпель-Сабалеўская, а Генадзь Курленкоў з г.Нарвы - сябра Саюза мастакоў Эстоніі. Вячка Целеш у 1995 г. быў прыняты ў Саюз беларускіх мастакоў.Экспазіцыя выставы даволі цікавая не толькі почыркамі мастакоў, але і мастацкімі стылямі і яркасцю палітры. На выставе выстаўлены 40 твораў жывапісу, графікі, пастэлі, малюнка, акварэлі, габелена, а таксама працы, што выкананыя ў рэльефнай расфарбаванай лепцы. Сюжэтная тэматыка выставы рознабаковая, гэта пейзажы, партрэты і нацюрморты, яны выкананыя як у рэлістычна-класічнай манеры, так ёсць і мадэрна-філасофскія творы.
Юбілейную выставу адчыняе дырэктар цэнтра "Ritums" сп. Вія Ліетэ
Адчыніла выставу дырэктар цэнтра "Ritums" спадарыня Вія Ліетэ. Вячка Целеш коратка расказаў пра аб'яднанне "Маю гонар", яго дзейнасць на працягу двадцаці год, выказаў падзяку ўсім, хто спрычыніўся да адкрыцця выставы і выдання буклета-брашуры і плаката.
Віншаванне ад старшыні Саюза мастакоў Латвіі Мартыньша Хеймратса
Беларуская імпрэза была багатай і на фарбы, і на добрыя словы. Павіншаваць мастакоў са святам прыйшлі ансамбль "Вавёрачка" Рыжскай Беларускай асноўнай школы разам з яе дырэктарам Ганнай Іванэ, гурт беларускай песні "Вытокі", старшыня Латвійскага таварыства беларускай культуры "Сьвітанак" Ірына Кузміч, прэзідэнт Саюза латвійскіх мастакоў Мартыньш Хэймратс.Саветнік беларускай амбасады ў Латвіі Ігар Назарук перадаў віншаванне мастакам ад беларускага пасольства ў Латвіі. Беларускі амбасадар у Латвіі спадар Аляксандр Герасіменка не змог прысутнічаць на адкрыцці, але ён знайшоў час і праз некалькі дзён наведаў выставу, дзе азнаёміўся з творамі мастакоў, а ў кнізе водгукаў пакінуў запіс падзякі і пажаданні натхнення ў творчай працы беларускім мастакам Балтыі.
Беларускія песні ў выкананні Лауры і Людмілы Ігнатавых
Прыемным падарункам для мастакоў "Маю гонар" стаў канцэрт былых вучаніц Беларускай мастацкай студыі "Вясёлка" сясцёр Людмілы і Лаўры Ігнатавых. Яны спявалі беларускія песні, выконвалі класічныя і джазавыя творы пад акампанімент піяніста, студэнта магістратуры Паўла Рачука. Дарэчы, Людміла напярэдадні адкрыцця гэтай выставы здала апошні дзяржаўны экзамен па класу вакала Латвійскай акадэміі музыкі і атрымала кваліфікацыю прафесійнай вакальнай спявачкі, з чым усе прысутныя яе і павіншавалі. Добрай музыкай парадаваў мастакоў рыжанін-беларус, піяніст і кампазітар Дзмітрый Чарняўскі.Віншавалі беларускіх мастакоў прэзідэнт канцэрна "Рада" Янка Кабановіч, старшыня Асацыацыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч, доктар мастацтваў, прафесар Латвійскай акадэміі музыкі Рафі Хараджанян, а таксама мастакі, прадстаўнікі нацыянальных меньшасцяў Латвіі: жывапісец Нугзар Паксадзэ, жывапісец Валеры Макавы, акварэліст Іван Пустошкін і інш.Да адкрыцця выставы быў выдадзены юбілейны каляровы буклет-брашура, ў якім размешчана інфармацыя пра 36 мастакоў "Маю гонар\, іх біяграфіі і працы. Дызайн і выданне буклета і афішы зрабіла сябра аб'яднання Алена Лаўрыновіч, а яе дызайнерская фірма \ADT", як і Рыжская Дума, камерцыйны канцэрн "Рада" Янкі Кабановіча, беларускі прадпрымальнік з Латвіі Васіль Трафімчык былі фундатарамі гэтых выданняў.
Дапамогу ў арганізацыі адкрыцця выставы зрабіла Латвійскае таварыства беларускай культуры "Сьвітанак".Гэтае выданне, як і сама выстава, яшчэ адна старонка, якую беларускія мастакі ўпісалі ў гісторыю беларускай культуры ў балтыйскім рэгіёне.Выстава будзе працаваць штодня да 3 ліпеня бягучага года.Вячка Целеш,старшыня Аб'яднання мастакоў-беларусаў Балтыі "Маю гонар"