19 чэрвеня, у Нядзелю Усіх Сьвятых, адбылася знамянальная падзея ў жыцьці Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. У Катэдральным Саборы Сьв. Кірылы Тураўскага на Атлантык Авэню 401 у Нью- Ёрку ўрачыста прайшла хіратонія новага Епіскапа БАПЦ, ім стаў Уладыка Серафім.
Высьвячэньне адбылося з удзелам галавы БАПЦ Уладыкі Сьвятаслава і прадстаўнікоў Украінскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы ў ЗША – Архіепіскапа Аляксандра з Дэтройту, Архіепіскапа Макарыоса з Хьюстану, айца Міхаіла з Філядэльфіі, айца Аляксея з Дэтройту і дзеючых сьвятароў БАПЦ – айца Міхаіла з Сабору Сьв. Кірылы Тураўскага і айца Зіновія з Царквы Жыровіцкае Іконы Божае Маці ў Гайленд Парку. З эмацыянальным казаньнем да прысутных выступіў Уладыка Макарыос. На ўрачыстасьці прысутнічалі вернікі беларускіх цэркваў з Нью-Ёрку, Нью Джэрзы і Канады, прадстаўнікі беларускіх арганізацыяў.