У Беластоку прайшло "Свята беларускай культуры"

12 чэрвеня 2011 года ў гарадскім парку Беластока ў Польшчы адбылося традыцыйнае мерапрыемства беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы “Свята беларускай культуры”.

Арганізатарамі мерапрыемства з’яўляліся Беларускае грамадска-культурнае таварыства (БГКТ) і Таварыства беларускай культуры (ТБК) у Польшчы пры актыўным садзейнічанні Пасольства і Генеральнага консульства Беларусі ў Беластоку, фінансавай і творчай падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Ва ўрачыстых мерапрыемствах свята ўдзел прынялі намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама І.Жук, дэпутаты польскага Сейма Я. Чыквін і Я. Матвеюк, прадстаўнікі Міністэрства культуры Беларусі, мясцовых органаў самакіравання Падляскага ваяводства, беларускія дыпламаты. Свята сабрало каля трох тысяч гледачоў з ліку беларускай грамадскасці рэгіёну і жыхароў горада.

У час адкрыцця канцэрта да гасцей, удзельнікаў і гледачоў звярнуўся старшыня БГКТ Я. Сычэўскі, які зачытаў прывітальны ліст ад Міністра культуры Рэспублікі Беларусь.

Удзельнікамі сёлетняга свята сталі 26 аматарскіх калектываў беларускай меншасці ў Польшчы, сярод якіх некалькі дзіцячых і юнацкіх ансамбляў, шэраг моладзевых груп, лепшыя фальклорныя гурты з розных рэгіёнаў Падляшша. Упрыгожваннем канцэрта стала выступленне фальклорнай групы “Купалінка” Белдзяржфілармоніі, а таксама танцавальнага калектыву “Гарадзенскія карункі” Гродзенскага мастацкага каледжу.

На працягу трох гадзін гледачы вельмі цёпла, а часта і авацыямі адзначалі выступленні артыстаў, а ў фінале канцэрта ў выкананні ўсіх ўдзельнікаў і гледачоў прагучала песня “Люблю наш край”, якая з’яўляецца традыцыйным гімнам этнічных беларусаў у Польшчы.

Паводле прэсавай службы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь