
Парафія св. Кірылы Тураўскага ўрачыста адзначыла Дзень святой Еўфрасінні Полацкай. З аповедам пра жыццё і дзейнасць славутай беларускай асветніцы выступіла пісьменніца Вольга Іпатава, аўтарка першай у беларускай літаратуры аповесці пра Еўфрасінню Полацкую “Прадыслава”(1971г.).
Яна таксама расказала аб тагачаснай рэакцыі ўладаў на свой твор – пачынаючы ад разгромнай рэцэнзіі гісторыка Л. Абэцадарскага ў “Советской Белоруссіі” да рэзка негатыўных водгукаў у абласным і раённым друку Беларусі. Пазней гэтая аповесць увайшла ў школьныя праграмы і некалькі разоў перавыдавалася, у тым ліку ў Балгарыі.
Уладыка Святаслаў, япіскап Наваградскі і Паўночна-Амерыканскі Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы падзяліўся з прысутнымі звесткамі аб гісторыі кананізацыі св. Еўфрасінні і аб высілках нацыяльных рэлігійных дзеячоў па вяртанні парэшткаў святой спачатку з Кіева-Пячэрскай лаўры, а потым з Масквы, дзе пасля прыходу да ўлады бальшавікоў ейныя цудадзейныя мошчы былі выстаўленыя ў музеі атэізму.
Пра Еўфрасінню Полацкую распавядае Уладыка Святаслаў
Прысутныя адзначылі, што такія імёны, як св. Еўфрасіння, робяць гонар кожнай нацыі і ўсяму чалавецтву.
Вяла імпрэзу старшыня парафіі Надзея Дробіна
Удзельнікі імпрэзы
Ю. Трубец