У Гайленд-Парку прайшоў справаздачна-выбарчы Кангрэс Беларуска-Амерыканскага Задзіночання (БАЗА)

У адпаведнасці са Статутам БАЗА раз на два гады праводзяцца справаздачна-выбарчыя Кангрэсы. Чарговы Кангрэс адбыўся 28 траўня 2011 года ў грамадскай залі пры беларускай царкве ў Гайленд-Парку ў Нью-Джэрсі.

У адпаведнасці са Статутам БАЗА раз на два гады праводзяцца справаздачна-выбарчыя Кангрэсы. Чарговы Кангрэс адбыўся 28 траўня 2011 года ў грамадскай залі пры беларускай царкве ў Гайленд-Парку ў Нью-Джэрсі.

У Кангрэсе бралі ўдзел дэлегаты ад Аддзелаў і Гурткоў БАЗА – з Нью-Джэрсі, Нью-Ёрка, Вашынгтона, Кліўленда, Канэкцікута, Каліфорніі. Сваіх дэлегатаў на Кангрэс не прыслаў Нью-Ёркскі аддзел, які ўжо працяглы час канфліктуе з Галоўнай управаю. Нью-Ёрк прадстаўлялі дэлегаты Бруклінскага аддзелу, які быў створаны год таму.

Старшынстваваў на Кангрэсе сп. Вітаўт Кіпель, вядомы дзеяч эміграцыі і шматгадовы сябра БАЗА. Са спаваздачным дакладам выступіў старшыня Галоўнай управы БАЗА сп. Вячка Станкевіч, свае справаздачы зрабілі сябры Галоўнай управы і прадстаўнікі Аддзелаў і Гурткоў. Асабліва змястоўнымі былі даклады пра дзейнасць Бруклінскага аддзелу сп. Расціслава Гарошкі, сп. Ірыны Аскіркi з Вашынгтона і сп. Ірыны Бакланавай  з Канэкцікута. Таксама пра сваю працу па выданню перыёдык распавялі сп. Ганна Сурмач – адказны рэдактар газеты “Беларус” і сп. Віталь Алісіёнак – прадстаўнік ад англамоўнага часопісу “Беларускае рэвю”. Усе справаздачы былі прынятыя і адобраныя дэлегатамі.

У другой палове Кангрэсу адбыліся выбары новага кіраўніцтва БАЗА – старшыні і складу Галоўнай управы.

Старшынёю Галоўнай управы была абраная сп. Ганна Сурмач.

Склад Галоўнай управы:

Сяргей Пятровіч - заступнік старшыні

Сяргей Капытка - скарбнік

Таня Красоўская - пратакольны сакратар. Вядзе пратаколы пасяджэнняў і пратакольнае справаводства.

Юрась Зянковіч - карэспандэнцыйны сакратар. Рыхтуе карэспандэнцыю на дзвюх мовах, рассылае паведамленні пра пасяджэнні, дае абвесткі і паведамленні ў газеты.

Ала Орса-Рамана – адказная за культурна- асветную працу. Кіруе арганізацыяй культурных імпрэзаў і нацыянальных святаў, плануе асветную дзейнасць.

Валеры Дворнік - арганізацыйны ўнутраны дырэктар.Праводзіць арганізацыйную працу па падрыхтоўцы мерапрыемстваў БАЗА

Вячка Станкевіч - арганізацыйны вонкавы дырэктар.Адказвае за пашырэнне арганізацыі, падтрымлівае сувязі з іншымі арганізацыямі і дзяржаўнымі структурамі, са сродкамі масавай інфармацыі

Віталь Алісіёнак - дырэктар па сацыяльна-дапамаговых справах. Арганізацыя дапамогі сябрам БАЗА ў справе наладжвання жыцця на эміграцыі, прыём і дапамога новым эмігрантам

На завяршэнне Кангрэсу дэлегатамі і прадстаўнікамі новаабранага кіраўніцтва  былі выказаныя меркаванні, прапановы, парады і пажаданні адносна будучай дзейнасці БАЗА на сёмым дзесятку яго існавання.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"