У Вільні знойдзена магіла Камілы Марцінкевіч

На Бернардынскіх могілках у Вільні знойдзена магіла Камілы Марцінкевіч - грамадскай дзяячкі, дачкі пачынальніка беларускай літаратуры Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.

На Бернардынскіх могілках у Вільні знойдзена магіла Камілы Марцінкевіч - грамадскай дзяячкі, дачкі пачынальніка беларускай літаратуры Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.

Магіла была знойдзена выкладчыкам ЕГУ Юрасём Бачышча на Бернардынскіх могілках. Знаходка стала магчымай дзякуючы дапамозе Людвікі Кардзіс і Антанаса Грынчэлайціса. Антанас параіў звярнуцца да новай кнігі Віды Гірынінкене “Vilniaus Bernardinų kapinės. 1810-2010”. Там, у паказальніку імёнаў, і былі знойдзеныя згадкі пра пахаванне Казіміра і Камілы Асіповічаў на Бернардынскіх могілках і прыкладзена мапа, дзе пазначалася іх месца пахавання. Магіла захавалася ў даволі добрым стане, а надпіс нават быў абноўлены ў мінулым годзе польскімі валанцёрамі.

Пасля знаходкі стала вядома, што яна пахавана побач са сваім мужам Казімірам Асіповічам, нават каменны манумент усталяваны адзін на дваіх – з аднаго боку надпіс у памяць па Казіміру, а з іншага – па Каміле. Цікава, што дата яе смерці паводле надпісу на надмагіллі – 1900 год, што падаўжае яе жыццё прынамсі на дзесяць гадоў у параўнанні з папярэднімі здагадкамі. На жаль, і тут адсутнічае дата яе нараджэння, а таксама дзень і месяц смерці, хаця даты нараджэння і смерці яе супруга пазначаныя дакладна – 27 красавіка 1835 года і 25 ліпеня 1884 года.

Каміла Марцінкевіч – славутая дачка пачынальніка беларускай літаратуры Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Таленавітая кампазітарка і спявачка, настаўніца і патрыётка – гэтая ахвярная дзяўчына актыўна ўдзельнічала ў грамадскім жыцці краю, за што яшчэ ў маладосці была арыштавана і выслана за межы Айчыны ў Салікамск (Пермская губерня).

Менавіта Каміла Марцінкевіч, паводле рапартаў жандармерыі, першай пачынала спяваць патрыятычныя гімны ў касцёле, за што апынулася ў багадзельні (тагачаснай псіхлякарні). Яна ж выліла на галаву менскаму губернатару графу Э. Келеру вядро памыяў і, седзячы пад арыштам у Менскім турэмным замку (Валадарка), ухітрылася выкінуць пад ногі паўстанцу, якога вялі на пакаранне, букет кветак.

Да зняволення і высылкі яна займалася адукацыяй простых людзей, грала акторкай у п’есах свайго бацькі, натхняла людзей сваёй узнёслай музыкай і спевамі, карміла арыштантаў з Варшавы, якіх гналі праз Менск на ўсход, а аднойчы нават спякла для іх пірог з цукровым надпісам “Чэсць Вам”, і толькі пільнасць жандарскага афіцэра не дазволіла “небяспечнаму” пірагу патрапіць да вязняў.

Каміла карысталася вялізнай папулярнасцю сярод менскага люду, а на расейскіх чыноўнікаў наганяла жудасны страх. Аднойчы менскі губернатар выслаў яе з Менску ў Вільню, але калі пра гэта даведаўся віленскі губернатар Назімаў, то вельмі ўзлаваўся на свайго калегу і адразу ж забараніў дзяўчыне ўезд на Віленшчыну, вярнуўшы яе назад у Менск.

Высланая з краю ў Пермскую губерню Каміла ажанілася з лекарам Казімірам Асіповічам, нарадзіла шасцёра дзяцей і здолела вярнуцца ў Вільню, каб потым шукаць рукапісы твораў свайго бацькі і захаваць іх для нашчадкаў. Аднак час і месца яе пахавання доўгі час заставаліся таямніцай.

westki.info