Незабыўныя сустрэчы ў ТБК у Літве

Надзвычай цікавае і незвычайнаемерапрыемства адбылося ў Таварыстве беларускай культуры ў Літве ў апошнюю суботу траўня. Ва ўтульнай зале таварыства выступіў праваслаўны мужчынскі хор "Скітас".

Надзвычай цікавае і незвычайнаемерапрыемства адбылося ў Таварыстве беларускай культуры ў Літве ў апошнюю суботу траўня. Ва ўтульнай зале таварыства выступіў праваслаўны мужчынскі хор "Скітас".

Хор "Скітас"

Калектыў новы, малады, перспектыўны, у стане прафесійнага росту. За сваю кароткую дзейнасць хор прымаў удзел у міжнародным фестывалі духоўнай музыкі, які кожны год у траўні праходзіць у Вільні. Перад выступленнем слова меў кіраўнік хору, кампазітар Віктар Мінётас. У канцэрце прагучалі ўрыўкі з праваслаўнага духоўнага рэпертуару:трапар Вялікадня "Хрыстос Уваскрос", "Херувімская песня" на стараславянскай мове, "Ад юнасці маея", "Ойча наш", "Свяціла", "Унедал" з грузінскага песнапення на грузінскай мове і на заканчэнне праграмы праспявалі "Многае лета".

Прысутныя былі ў захапленні, шмат станоўчых уражанняў. Старшыня ТБК і слухачы дзякавалі калектыву і кіраўніку за выступленне. Такі канцэрт адбыўся ўпершыню ў ТБК, у першую чаргу, дзякуючы чальцу таварыства Андрусю Старавойтаву, які спявае ў хоры з дня заснавання, дый і раней ён часам упрыгожваў мерапрыемствы патрыятычнымі песнямі. Андрусь скончыў музычную вучэльню ў Беларусі, нейкі час выкладаў музыку.

Наступнай выступіла Леакадзія Мілаш. якая падзялілася ўражаннямі ад вандроўкі ў Калінінград. Дапоўніў яе аповед Хведар Нюнька. Ён расказаў пра свайго сябра і паплечніка, слыннага дзеяча беларускага адраджэння Лявона Караля, якому 13 траўня споўнілася б 89 год. Ён вылучаўся выключнай сціпласьцю ў знешнім выглядзе і ў паводзінах, у гэтым і выяўлялася ягоная мудрасць. Слухаць яго было адно задавальненне, гаворка адкрытая, дакладная, да яго слушных парад прыслухоўваліся, калі ён уваходзіў у рэдакцыйную камісію "Руні", у раду ТБК. Сэрца палымянага патрыёта спынілася па дарозе на раду ТБК у 1998 годзе.

ЛЕАКАДЗІЯ МІЛАШ

Выступае Леакадзія Мілаш

Сённяшняя эканамічная і палітычная сітуацыя ў Беларусі прымушае і беларусаў замежжа цікавіцца сітуацыяй, думаць пра лёс мовы, культуры, будучыню. Хацелася б, каб беларуская дзяржава была самастойнай, адкрытай, будавалася на прынцыпах дэмакратыі, каб беларусы замежжа адчувалі падтрымку і без перашкод маглі наведваць родных на этнічнай радзіме, могілкі продкаў. Аналізаваў сітуацыю ў Беларусі студэнт ЕГУ Кастусь Манкус, дапоўніў яго палітолаг Артур Юдзіцкі.

Кастусь Манкус

Традыцыя па арганізацыі вандровак і цікавых сустрэч, запачаткаваная Хведарам Нюнькам,  працягваецца. Па вяртанні з Калінінграда было вырашана ў наступныя выхадныя, пасля мерапрыемства, адправіцца ў пешае падарожжа ў Павільню -старажытны раён Вільні. Першым прыпынкам стаў касцёл, які адзначае 100 гадовы юбілей, помнік драўлянага дойлідства, за святыняй- старажытныя могілкі, дзе спачывае беларускі дзеяч Фабіян Ярэміч, сын і жонка Адольфа Клімовіча. Наведаць магілу Фабіяна Ярэміча і было асноўнай мэтай вандроўкі. Насупраць касцёла захаваўся дом ,у якім з 1946 года жыў Хведар Нюнька, ён расказаў шмат цікавага, з таго часу ў доме жыве толькі другі гаспадар. Пахадзілі па вузкіх вулачках Павільні, дзе захаваліся будынкі пачатку ХХ стагоддзя, спыніліся каля воданапорнай вежы, аглядзелі пляц, дзе стаяў дом жонкі Якуба Коласа, вернуты беларусам дзякуючы дваццацігадовай, няспыннай працы Х.Нюнькі.

Перад касцёлам у Павільні

Закончылася вандроўка ў сядзібе мастакоў Хрысціны Балаховіч і Алега Аблажэя.Тут у коле сяброў-аднадумцаў доўга доўжыліся размовы. Ксеня Мілаш выконвала беларускія песні. І тут ад чальца ТБК Лілі Балаховіч паступіла прапанова ў чэрвені наведаць яе радзіму, вёску ў Салечніцкім раёне на беларускім памежжы.

Позна вечарам, стомленыя, шчаслівыя, поўныя прыемных уражанняў, вярталіся дамоў, пешшу па вулачках старажытнай Вільні. Такія незабыўныя сустрэчы натхняюць на новыя здзяйсненьні і пошукі.

Леакадзія Мілаш