Семнаццаты абласны фестываль самадзейнай творчасці нацыянальных аб'яднанняў Цюменскай вобласці “Мост дружбы” праходзіў з 27 па 29 траўня ў Цюмені. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел каля 2000 чалавек. Традыцыйна фестываль праходзіў у абласным Палацы нацыянальных культур “Будаўнік”, а гала-канцэрт адбыўся на Каляровым бульвары (Цветной бульвар) у цэнтры горада.
З самай раніцы на плошчы мітусіліся людзі ў нацыянальных касцюмах, афармляліся падворкі. Цюменская зямля - гасцінная і жыватворная. Тут у згодзе жывуць і працуюць рускія і ўкраінцы, казахі і татары, беларусы і палякі, яўрэі і карэйцы, ханты і чувашы, грузіны і інгушы ... На падворках стравы нацыянальнай кухні сваім водарам прыцягвалі зазірнуць і пакаштаваць: варэнікі, кумыс, бешбармак, шашлык, пірагі з рыбай, печаныя яблыкі і дранікі ...
Прадстаўнікі Цюменскай абласной грамадскай арганізацыі "Нацыянальна-культурнае таварыства “Аўтаномія Беларусь” узялі ўдзел ва ўсіх 9 конкурсных намінацыях фестывалю “Мост дружбы”.
Народная беларуская песня “Ляцела Зязюля” ў выкананні народнага фальклорна-этнаграфічнага ансамбля "Вячоркі" (кіраўнік Валянціна Міхеенка, с. Вікулава) заваявала журы сваёй напеўнасцю і чысцінёй выканання (1 месца). Народны ансамбль “Лянок” (кіраўнік Клаўдзія Зуева г. Цюмень,) выканаў вясёлую беларускую песню “Як стамлюся я раненька” і заняў 2-е месца.
Спадабалася гледачам і выступленне народнага фальклорнага ансамбля “Расіяначка” (кіраўнік надзея вычужаніна, с.Ермакі, Вікулаўскі раён). Апладысментамі сустракалі нашых салістаў Алену Жарыкаву, Ірыну Калібабу, Валерыя Кайчэнкава, Святлану Фёдараву, дуэты “Каханне”, “Сустрэча” і трыо “Сябры”.
Салісты ансамбля "Расіяначка" на беларускім падворку
Запомнілася і яркае выступленне моладзевага ансамбля “Палессе” (кіраўнік Тамара Грыгор'ева, г. Цюмень). Беларускія мелодыі гучалі і ў інструментальнай жанры: Аляксандр Вахнічаў (баян), Ігар Катаргін (гармонік) занялі 3-е месца. Упершыню на суд гледачоў быў прадстаўлены ў акадэмічным жанры беларускі раманс, і зноў перамога - дыплом 3-й ступені ў Галіны Емяльянавай (г. Цюмень).
Удзельнікі ансамбляў "Вячоркі" і "Палессе"
Ансамблі "Лянок" і "Расіяначка"
Таксама на фестывалі былі можна было паглядзець беларускія вышыўкі Валянціны Поляваевай і вырабы з саломкі Любові Фуфаевай.
У жанры “Мастацкае слова” на роднай беларуская мове гучалі вершы, байкі, гумарэскі. Усё было зразумела гледачам і без перакладу. Смяяласяся зала , слухаючы байку “Варона і Чыж” (чытала Святлана Фёдарава) і гумарэску “Баба і чорт” (чытала Алена Антончанка). Лірычныя вершы аб роднай Беларусі чыталі Ірына Калібаба, Валянціна Міхеенка і Надзея Вычужаніна (дыпломы 2-й і 3-й ступені).
Вынік: сярод 24-х нацыянальна-культурных аб'яднанняў вобласці, якія бралі ўдзел у фестывалі, па агульным заліку НКТ “Аўтаномія Беларусь” заняла 2-е месца.