Еўрапейская пісьменніцкая рада асудзіла пераслед беларускіх пісьменнікаў

26-27 чэрвеня ў фінскім горадзе Турку, сёлетняй еўрапейскай сталіцы культуры, сабраліся прадстаўнікі самых розных еўрапейскіх пісьменніцкіх арганізацый, якія ўваходзяць у Еўрапейскую пісьменніцкую раду. Сярод іх былі прадстаўнікі і Саюза беларускіх пісьменнікаў.

На шостым форуме MARE NOSTRUM пад назвай “Пісьменнасць і культура чытання” пісьменнікі, перакладчыкі, крытыкі са шматлікіх еўрапейскіх краінаў абмяркоўвалі праблемы, з якім сутыкаецца сучасны літаратар і чытач у эпоху, калі, падаецца, цікавасць да кніг значна знізілася. Небяспека, якая чакае ўдумлівага чытача; краіны-лідары ў культуры чытання; цэнзура ў Еўропе; ці варта баяцца электронных кніг, –  гэтыя і іншыя тэмы былі галоўнымі падчас дыскусій у першы дзень сустрэчы.

Другі дзень візіту еўрапейскай пісьменніцкай эліты ў Турку распачаўся пасяджэннем Генеральнай Асамблеі Еўрапейскай пісьменніцкай рады, падчас якой прайшло абранне кіраўніцтва арганізацыі, абмеркаванне бягучых праблемаў, а таксама абмеркаванне самых балючых пытанняў, у лік якіх трапіла і сітуацыя ў Беларусі. Еўрапейскія калегі блізка да сэрца ўпрынялі тое, што адбываецца ў нашай краіне.

Напрыканцы выступу прадстаўнікоў СБП сябры Еўрапейскай пісьменніцкай рады адзінагалосна прынялі заклік да беларускіх уладаў выконваць свабоды, прапісаныя ў Канстытуцыі ўласнай краіны і ў Міжнароднай дэкларацыі правоў чалавека, а таксама асудзілі пераслед сябраў Саюзу беларускіх пісьменнікаў: Уладзіміра Някляева, Паўла Севярынца і Аляксандра Фядуты.

Прэсавая служба СБП