На фоне храма-музея ў Калінінградзе
Раніцой, 21 траўня, мы выправіліся з Вільні і накіраваліся ў бок літоўска-расійскай мяжы. Літоўскую мяжу мы праехалі хутка, а вось на расійскай давялося пастаяць, хаця і чэргаў вялікіх там не было. Цяжка сказаць, з чым звязана тое, што надзвычай павольна яны правяраюць перасякаючых мяжу.
На ўездзе ў Калініград нас сустракае старшыня Таварыства беларускай культуры Калінінграда Ігар Шаховіч, які будзе нашым правадніком па Калінінградзе гэтыя два дні нашай вандроўкі. Сам горад быў заснаваны ў 1256 годзе рыцарамі Тэўтонскага ордэна.
Першым месцам, якое мы наведалі ў Калініградзе (гістарычная назва Кёнігсбэрг), была катэдра, гісторыя якой цесна звязана з жыццём горада. Яна стала чарговым сведкам таго, як у СССР “добра” захоўвалася гістарычная спадчына. Думаю, Кёнігсбэрг перадусім звязваецца з імем знакамітага філосафа Канта, які спачывае ля сцен катэдры. Менавіта яму прысвечана значная частка экспазіцый музея, што знаходзіцца ў адной з вежаў катэдры. Першыя залі прысвечаныя гісторыі горада, астатнія – Эммануілу Канту, аўтара ідэі чыстага розуму. Па музеі нам дапамагала вандраваць Лідзія Давыдзенка, якая кораценька нас пазнаёміла з гісторыяй горада, а таксама з біяграфіяй Канта. Калі казаць пра асобу філосафа, найперш трэба адзначыць яго пунктуальнасць. Ён рабіў усё ў адзін і той жа час: падымаўся, снедаў, абедаў, ішоў на працу, сустракаў гасцей і клаўся спаць. Як казалі ў той час кёнігсбэрцы, па ім можна было звяраць гадзіннік. І ён ніколі не парушаў свайго рэжыма ні на хвіліну. Нават прымаючы гасцей, спаць ішоў а 9 вечара, нягледзячы на тое, што госці яшчэ не жадалі разыходзіцца. Праўда, ён іх не прасіў разыходзіцца, а дазваляў і надалей сядзець у яго ў кватэры, ужо без гаспадара, які нават у такіх выпадках не парушаў свайго распарадка дня.
Гэта катэдра звязана і з беларускай гісторыяй. Тут жыў Багуслаў Радзівіл, які спачывае ў сценах сабора. У сваім запавеце ён зазначыў, што калі памрэ ў Кёнігсбэргу, то каб яго там і пахавалі, што і было выканана. Таксама перавёз у Кёнігсбэрг вялікую бібліятэку, якая знаходзілася ў адной з вежаў храма.
Гэтае месца звязана і з другім слаўным сынам беларускай зямлі, ці не з самым вядомым выхадцам з нашай бацькаўшчыны – Францыскам Скарынам. Ён сябраваў з Вялікім магістрам Тэўтонскага ордэна Альбрыхтам, які пераўтварыў тэакратычную дзяржаву ў свецкае Прускае герцагства, а сам стаў герцагам. Ён стаў заснавальнікам у Кёнігсбэргу першай тыпаграфіі і ўніверсітэта. Да нашых дзён дайшлі звесткі, з якіх вядома, што Скарына не толькі кантактаваў з Альбрыхтам, але пэўны час жыў у гэтым горадзе.
Больш падрабязна з гісторыяй Кёнігсберга мы пазнаёміліся ў музеі "Фрыдляндскія брамы", які створаны на месцы брамаў, што некалі вялі ў горад, якога зараз няма. Мы там прагледзелі два відэафільмы, дзе прадстаўлена трагічная гісторыя Кёнігсбэрга, з яго храмамі, вулачкамі, дамамі, кавярнямі, рэстарацыямі, якіх сёння няма. Адно знішчыў бязлітасны час, іншае – новыя гаспадары, якія так і не змаглі стаць сапраўднымі гаспадарамі горада, а толькі спрычыніліся да яго знішчэння. Самы яскравы прыклад – у 1967 годзе ўзарвалі каралеўскі палац. На яго месцы збудавалі высотны дом, але так сталася, што і да гэтага часу ён стаіць пустым і не знаходзіць гаспадара. Відаць, каралеўскі дух гэтага палаца не змог дараваць яго знішчэння і перашкаджае таму, каб там было нешта іншае. Магчыма, спадзяецца, што ўладальнікі ўсё ж такі зразумеюць сваю памылку і адновяць знішчаную веліч былога каралеўскага замка.
Музей створаны на месцы Фрыдляндскіх брамаў, якія некалі служылі абарончымі ўмацаваннямі і былі пропускам у горад. Самы галоўны экспанат, як зазначыў экскурсавод, самі брамы, якія да нас дайшлі аўтэнтычнымі і ніколі не перабудоўваліся, калі не лічыць некалькіх момантаў, пракладка трамвайных ліній, а пасля іх ліквідацыя. Практычна ў сваім аўтэнтычным выглядзе яны пераносяць нас ў Кёнігсбэрг, горад са слаўным мінулым. Мінулі гады, эпохі, змяніліся ўлады, толькі нязменным застаўся рыцар над брамай, які і да гэтуль вартуе свой горад.
У экспазіцыях музея прадстаўлены экспанаты, якія ў асноўным паказваюць быт жыхароў даваеннага Кёнігсбэрга, якія ў асноўным па нацыянальнасці былі немцамі. Мы можам убачыць прадметы быту, посуд, харчаванне, лекі, парфумерыю і многае іншае, чым карысталіся даваенныя гараджане. Цікавым з’яўляецца тое, што многія даваенныя фірмы і сёння працуюць на сусветным рынку і нам добра вядомыя.
У Калінінградзе ўвекавечаны наш зямляк Францыск Скарына. Наступным пунктам нашай праграмы было наведванне помніка нашаму славутаму генію. Ля помніка Скарыны Ігар Шаховіч прымацаваў бел-чырвона-белы сцяг. Гісторыя ж стварэння гэтага помніка доўгая і трагічная, яна разцягнулася амаль на дзесяцігоддзе, пачынаючы з 1995 года, калі ўзнікла такая ідэя і да 2004 г., калі помнік быў усталяваны. Так здарылася, што два чалавекі, якія спрычыніліся да яго ўстаноўкі, загінулі. Але дзякуючы намаганню калінінградскіх беларускіх актывістаў, перадусім Ігару Шаховічу, гэты помнік быў усталяваны.
Ля помніка Франсцыску Скарыну
Завяршаючым этапам першага дня вандроўкі ў Кёнігсберг стала сяброўская вячэра ў доме спадароў Шаховічаў, на якую сабраліся прадстаўнікі беларускай дыяспары Калінінграда. Трэба аддаць належнае спадарству Шаховічаў, бо бачна, што да вячэры яны падрыхтаваліся вельмі сур’ёзна і нас прынялі на высокім узроўні. Беларускасць гэтай сям’і адчуваецца практычна ад уваходных дзвярэй. На другім паверсе стаіць наш шматпакутны і адвечны сімвал: бел-чырвона-белы сцяг.
На вячэру былі запрошаны тры музыкі. Прыемным было тое, што большасць песняў яны выканалі на беларускай мове, між іншым прагучалі такія патрыятычныя, як „Пагоня“ М. Багдановіча, „Мой родны кут“, „Магутны Божа“ і інш. Адзін музыка быў украінец і яму варта аддаць належнае, бо вельмі цудоўна выконваў песні на беларускай мове. Панавала цалкам беларуская атмасфера, якая спрычынілася да таго, што ўсе спрабавалі размаўляць на беларускай мове, хаця было бачна, што некаторым гэта было складана рабіць. Але ўсе зразумелі, што ў гэты вечар нас аб’яднала Беларусь, якая ў нас адна. І быць беларусам без беларускай мовы немагчыма. Там, дзе гіне мова, гіне свядомасць. Нават калі рускамоўны чалавек і лічыць сябе беларусам, але сваёй беларускасці ён ужо не можа перадаць рускамоўным дзецям, якія з рускай мовай упітваюць у сябе не толькі рускую культуру, але і рускую свядомасць. Калі б бацькі размаўлялі па-беларуску ў сям’і, сітуацыя была б іншай, дзеці пачуваліся б беларусамі і былі б звязанымі са сваёй этнічнай бацькаўшчынай. Няма мовы, няма сувязі з продкамі. Дзеці становяцца носьбітамі чужой культуры і асімілююцца.
За размовай, беларускімі песнямі і танцамі, мы нават і не заўважылі як прабег час. Ніхто, нягледзячы на познія, амаль ранішнія гадзіны, не хацеў разыходзіцца. Усім было прыемна паразмаўляць са сваімі братамі-беларусамі, падзяліцца сваім вопытам па захаванні і прапагандзе беларускасці і тым, як той ці іншы пачувае сябе беларусам.
У гасцях у Ігара Шаховіча
Думаю, кожны хто там быў, перажываў сустрэчу са сваёй Бацькаўшчынай, краінай продкаў, бо для беларуса дарагая не толькі зямля, дзе нарадзіўся ён ці яго бацькі, для яго яшчэ дарагая тая зямля, на якой вечным сном спяць яго бацькі і дзяды. Можна сказаць, што для гэтага вечара найбольш падыходзілі словы Якуба Коласа: “Мой родны кут, як ты мне мілы, забыць цябе не маю сілы”.
Такія сустрэчы дапамагаюць захоўваць Беларусь у сэрцах тых, каму яна дарагая. І хаця нас было нешмат, але тут былі самыя палымяныя беларусы, тыя, якіх у сёняшняй Беларусі называюць “нячэснымі” і дзякуючы якім і перазахоўваецца бацькаўшчына будучым пакаленням.
Цэнтральнай падзеяй другога дня было наведванне Генеральнага Консульства Літоўскай Рэспублікі і сустрэча з генеральным консулам, беларусам па паходжанню, Вацлавам Станкевічам. Але перад гэтым мы зрабілі невялікую экскурсію па горадзе, пазнаёміліся з яго архітэктурай, помнікамі… Наведалі сквер беларуска-расійскай дружбы, у якім прадстаўляны выявы ўсіх беларускіх абласных гарадоў з гербамі, а ў цэнтры плошчы – мапа Беларусі.
На сустрэчы з генеральным консулам Літвы
Мы таксама наведалі самы старажытны храм Кёнігсбэрга. Гэта яшчэ адзін з прыкладаў знішчэння гісторыі і духа гэтага горада. Яго цяперашнія ўладальнікі – праваслаўная царква. Царкоўныя служкі вельмі ўтульна сябе адчуваюць у не сваім храме і лічаць гэта гістарычнай справядлівасцю, быццам так яно і павінна быць, не зважаюць на тое, што гэты храм стагоддзі належыў людзям іншых канфесій. Але такое становішча рэчаў характэрна для ўсёй Калінінградскай вобласці. У самім Калінінградзе ўсе лютэранскія храмы перададзеныя не іх законным уладальнікам ці тым, хто мае на іх права, а праваслаўнай царкве. Гэта тычыцца і кафедральнага сабора, сімвала Кёнігсбэрга, гэта тычыцца і каталіцкіх храмаў. Дзіўна тое, што нягледзячы на тое, што ў Калінінградзе католікі ёсць і патрабуюць як вяртання гэтага свайго храма, так і патрэбу ў храмах, іхнія святыні перадаюцца праваслаўнай царкве, якая на мой погляд, не мае на іх ні маральнага, ні юрыдычнага права. Але гісторыю пішуць пераможцы. І мы бачым, што гэтыя пераможцы не лічацца з гісторыяй гэтага горада, не шануюць яго традыцый, а значыцца, не вынеслі ніякіх урокаў з гісторыі.
Праўда, належыць адзначыць, што апошнім часам назіраецца тэндэнцыя па аднаўленні гістарычнай часткі горада. Але гэта носіць больш спарадычны і, відаць, толькі паказальны характар. Застаецца спадзявацца, што час усё расставіць на свае месцы. Толькі шкада простых людзей, якія ў чарговы раз сталі закладнікамі, гэтым разам савецкай сістэмы.
У генеральным консульстве Літоўскай Рэспублікі нас гасцінна прыняў генеральны консул Вацлаў Станкевіч, нашчадак славутага рода Станкевічаў, які пакінуў у гісторыі Беларусі адзін з самых глыбокіх слядоў. У нашай размове, якая прабегла незаўважна, мы больш дэталёва пазнаёміліся са спадаром Вацлавам, колькі слоў сказалі аб сучасных беларускіх праблемах. Спадар Вацлаў зазначыў, што на дадзеным становішчы, ён не вельмі можа дапамагаць беларусам і займацца беларускімі праблемамі, паколькі тут ён прадстаўляе Літоўскую Рэспубліку і павінен сябе рэпрэзентаваць чалавекам гэтай краіны. Але самае галоўнае – што ў душы ён перажывае за Беларусь і з’яўляецца яе палымяным патрыётам.
Вяртаючыся ў Вільню, мы заехалі ў Ніду, дзе нашым гідам быў наш кіроўца спадар Васіль Акуневіч. Ён нам паказаў курортны пасёлак, мора, а таксама завёз нас на дзюну, на якой знаходзіцца сонечны гадзіннік. Глыбокай ноччу, стомленымі, але задаволенымі вандроўкай мы вярталіся ў Вільню.
У кожнага былі свае думкі, свае перажыванні і ўражанні ад вандроўкі і ўбачанага. Але ўсе былі задаволеныя тым, што беларусаў можна сустрэць паўсюль, і што яны заўжды шчырыя, адкрытыя, гасцінныя, а самае галоўнае – незалежна ад абставінаў захоўваюць у сваіх сэрцах Беларусь. І таму самы яркі прыклад, гэта сям’я Шаховічаў. І Ігар, і Наталля гавораць па-беларуску. І іх дзеці не толькі гавораць на гэтай мове, але з’яўляюцца палымянымі патрыётамі беларускай Беларусі, з яе гісторыяй, дзеямі і надзеяй на ўваскрашэнне, а значыць перазахаваюць і перададуць Беларусь будучым пакаленням.
Там дзе мова, там жыве Беларусь.