Алег Рудакоў: Мы павінны ахвяраваць, дзеля таго каб абудзіць цікаўнасць народа да сваёй гісторыі, традыцыі, культуры

Напрыканцы траўня адзначыць 15-гадовы юбілей Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага. Напярэдадні юбілею Таварыства сутыкнулася з пытаннем аб вясяленні з займанага памяшкання. Пра гэтую і іншыя праблемы, а таксама пра планы па адзначэнні юбілея распавёў нязменны старшыня Таварыства Алег Рудакоў.
Напрыканцы траўня адзначыць 15-гадовы юбілей Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага. Напярэдадні юбілею Таварыства сутыкнулася з пытаннем аб высяленні з займанага памяшкання. Пра гэтую і іншыя праблемы, а таксама пра планы па адзначэнні юбілею распавёў нязменны старшыня Таварыства Алег Рудакоў.

- Спадар Алег, як атрымалася, што напярэдадні 15-гадовага юбілею ў Таварыства ўзніклі праблемы з памяшканнем? З чым гэта звязана і што можна зрабіць у такой сітуацыі?

- Мы здымаем сядзібу ў Камітэце муніцыпальнай маёмасці ў Іркуцку. На сённяшні момант ёсць такі закон, у Расіі выйшаў, што ўлады павінны пазбавіцца сваёй маёмасці амаль усёй, прадаць гэтую маёмасць прыватным асобам, каб не забяспечваць утрыманне гэтых аб’ектаў. Застаюцца ў іхнай маёмасці толькі тыя будынкі, якія належаць непасрэдна адміністрацыі, то бок, дзе чыноўнікі сядзяць і працуюць. Гэтыя будынкі яны пакідаюць за сабой, а ўсе астатнія будынкі, якія належалі адміністрацыі, яны павінны распрадаць. І мы знаходзімся ў адным з такіх будынкаў. Згодна з законам пытанне з продажам трэба вырашыць да 2013 года, то бок да гэтага часу мы маглі б спакойна карыстацца памяшканнем, але нечакана прыйшла навіна, што наш будынак як раз збіраюцца выствіць на аўкцыён. Пакуль яшчэ дакладна невядома, мы спрабуем нешта рабіць, лісты розныя пішам. З другога боку існуе такі закон, згодна з якім, калі грамадская арганізацыя знаходзілася ў адным будынку больша за пяць гадоў, то яе не маюць права выгнаць проста так, нічога не прапанаваўшы ўзамен. І нам ўжо прапаноўвалі адзін варыянт, але там нам выставілі такі кошт арэнды, што мы не можам яго пацягнуць. Зараз нам прапанавалі другі варыянт, але там таксама будзе большая арэнда, чым зараз. І пры гэтым больш сціплыя ўмовы, то бок зараз у нас шэсць пакойчыкаў: невялічкая бібліятэка, музей “Беларуская хатка”, майстэрня, дзе моладзь займаецца традыцыйнымі беларускімі рамёствамі, невялічкая зала для пасяджэнняў Рады, рэдакцыя газеты “Маланка”. А там, дзе нам прапаноўваюць памяшканне, менш месца, таму мы пакуль не згаджаемся, але што будзе далей невядома.

- Але ж таварыства ўвесь час плаціціь арэнду за памяшканне?

- Так, мы плацім арэнду гарадскім уладам, але гэта была льготная арэнда як для грамадскай арганізацыі. Мы ўжо 11 год займаем гэтае памяшканне. Ад пачатку яно было ў непрыдатным стане, і мы больш за год там рабілі рамонт. Паступова, спачатку адзін пакой, потым другі, сваімі сіламі знаходзілі грошы, каб купляць нейкія матэрыялы.

- А тое, што зараз вам прапаноўваюць, гэта ўжо на камерцыйнай аснове?

- Так, гэта звычайная арэнда. Тое, што зараз нам прапаноўваюць, значна вышэй па кошце за тое, што мы плацілі. І ўвогуле я вымушаны сказаць, што мы падышлі да свайго 15-цігоддзя, так бы мовіць банкротамі. На жаль, з 2007 года ў нас няма падтрымкі дзяржавы, я маю на ўвазе, абласных органаў улады. Раней нам давалі нейкія грошы на правядзенне мерапрыемстваў, цяпер не даюць. І мы шукаем або спонсараў нейкіх, або самі скідваемся. Але пакуль што мы сваю актыўнасць не страцілі. Я думаю мы знойдзем сродкі правесці 28 траўня фестываль “Гучы гоман беларускі”, а потым я паеду ў Баяндаеўскі раён музей ствараць.

- А што гэта будзе за музей?

- У адміністрацыі Баяндаеўскага раёна ўзнікла думка пабудаваць тры сядзібы: мангольскую юрту з прыбудовамі, рускую ізбу с прыбудовамі і таксама беларускую хату з прыбудовамі. Мы ўжо знайшлі інвестара на пабудову беларускай сядзібы. Гэта будзе па дарозе на Малае Мора Байкала, і тудой ездзіць шмат турыстаў, там будзе зроблена таксама кавярня. Мы там збіраемся не проста музей зрабіць, а яшчэ і час ад часу праводзіць беларускія святы, адчыніць краму “Беларускі сувенір”. Гэта камерцыйны праект. Інвестар укладае грошы, будзе створана нейкае ТАА, і яно будзе атрымліваць з наведнікаў грошы. А мы будзем курыраваць. Мы ўжо нават дамовіліся, дзе возьмем беларускую хату. А хату мы возьмем у адной з беларускіх вёсак, утвораных у сталыпінскі час, мы яе купім і перавязём у музей, то бок гэта будзе гістарычны будынак. І ў хаце ў сярэдзіне таксама ўсё будзе зроблена як ў сталыпінскі час, адновім інтэр’ер, паставім печку там, скрыні, калаўрот, можа, кросны, карацей усё, што там было.

- У вас ўжо ёсць нейкія прыкладныя даты, калі гэты праект можа быць рэалізаваны.

- Я думаю, што да канца лета ўжо музей будзе пабудаваны. Там ужо пачалі будаўніцтва. Першыя крокі ўжо зроблены.

- У канцы траўня вы будзеце праводзіць фестываль “Гучы гоман беларускі”. Раскажыце, калі ласка, пра яго падрабязней.

- У гэтым годзе нам спаўняецца 15 год. 31 траўня 1996 года мы правялі свой Першы з’езд беларусаў Прыбайкалля, на якім было ўтворана наша рэгіянальнае грамадскае аб’яднанне. Гэты фестываль у нас ужо будзе сёмы, бо мы праводзім нашы фэсты адзін раз у два гады. Наша аб’яднанне мае статус рэгіянальнага і нашы аддзяленні раскіданыя па ўсёй Іркуцкай вобласці. Амаль ва ўсіх гэтых аддзяленнях ёсць свае гурты. Ёсць, праўда, такія аддзяленні, дзе гуртоў няма, але там ёсць бабулькі, якія спяваюць аўтэнтычныя беларускія спевы, старажытныя. Мы іх таксама запрашаем. То бок мы запрашаем любыя гурты, незалежна ад таго, ці яны належыць да нашай суполкі, ці яны не належыць, якія спяваюць беларускія песні. Фестываль мае такое значэнне, бо гэта будзе конкурс. Безумоўна, будзе нейкая камісія, якая будзе адбіраць лепшыя калектывы. Яны атрымаюць дыпломы лаўрэатаў, а тыя, хто не ўвайшоў у іх лік, атрымаюць дыпломы ўдзельнікаў. Кожны калектыў мы збіраемся ўзнагародзіць нейкім каштоўным падарукам альбо грашовай прэміяй. Бо я сам выдатна разумею, што асабліва на месцах падтрымка вельмі патрэбная, да таго ж для гэтых ансамблей, асабліва з перыферыі, прыехаць у Іркуцк з вёсак – гэта вельмі важна. Яны там у сябе нешта робяць, нейкія святы праводзяць і прыехаць у Іркуцк для іх вельмі важна, бо гэта нейкую такую рысу пад іх дзейнасцю падводзіць. То бок яны прыязджаюць і паказваюць самае лепшае. Гэта такі абмен вопытам. Я таксама спадзяюся, што прыедуць госці з Мінска, ужо ёсць пэўныя дамоўленасці, павінен прыехаць гурт Горынь, які спявае аўтэнтычныя беларускія песні. Запрашаем таксама з іншых сібірскіх гарадоў. Пакуль што пацвердзілі , што з Новасібірска прыедуць. Будзе вялікі фестываль.

У гэтым годзе так супала, што спаўняецца 650 гадоў гораду Іркуцку. І мы наш фестываль прымеркавалі таксама да гэтага юбілею. Іншыя нацыянальныя таварыствы пайшлі за намі і таксама прымеркавалі да юбілею свае мерапрыемствы. Але мы зрабілі сваю фішку. Мы не проста прымеркавалі фестываль да юбілею, а вырашылі, што кожны калектыў, які да нас прыедзе з розных рэгіёнаў, прывязе з сабой нейкі падарунак гораду Іркуцку ў гонар 350-годдзя. Мы папрасілі прывозіць што-небудзь цікавае, да прыкладу, нейкі ручнік ці нейкую рэч старажытную, якая належала беларускім сялянам, што перасяліліся ў Сібір 100 год таму, прадметы старажытнай культуры беларускай. То бок робіцца са сцэны падарунак, а потым мы зробім стэнд з гэтымі падарункамі ў Музеі горада Іркуцка. Там будзе падпісана “Беларусы Прыбайкалля гораду Іркуцку ў гонар 350-годдзя”. Гэтую фішку нашу пакуль яшчэ ніхто не скапіраваў. А ўвогуле мы тут у Іркуцку часта задаём моду на нейкія новыя ініцыятывы.

- А што яшчэ будзеце ладзіць да свайго юбілею?

- 31 траўня мы збіраемся ладзіць афіцыйны прыём. Нам 15 год, і безумоўна, будзе шмат людзей з другіх нацыянальна-культурных аб’яднанняў, з грамадскіх арганізацый, з якімі мы супрацоўнічаем, якія захочуць нас павіншаваць. Калі іх запусціць на фестываль 28 траўня, то гэта зойме палтары гадзіны часу адны віншаванні.Таму мы вырашылі на фестывалі агучыць толькі вітанні ад адміністрацыі вобласці, ад губернатара і ад мэра. А ўсе астатнія будуць агучаны 31 траўня. Мы правядзём ўрачыстае пасяджэнне, на якім арганізуем фуршэт, будзем прымаць падарункі, віншаванні. Будзе святочны дзень, кожны зможа прыйсці, нас павіншаваць, сказаць усё, што ён пра нас думае. Будзе ў нас такі Дзень народзінаў.

- Гэта будзе ў вас на сядзібе?

-- Не, на сядзібе мы не змесцімся. У нас ёсць зала Грамадскай палаты Іркуцкай вобласці. Будзем на яе дамаўляцца. Там змесціцца дзесьці 50 чалавек. А фестываль мы будзем праводзіць у Іркуцкай абласной філармоніі. Там заля на 450 чалавек, мы спадзяемся, што яна будзе практычна поўная. У нас ёсць ідэя, можа, мы не паспеем гэта да 28 траўня зрабіць, будзем рабіць на працягу года, мы б хацелі зняць нейкі фільм пра нашую дзейнасць. Мы ўжо вызначыліся, з чалавекам, які будзе здымаць. Гэта будзе аматарская здымка, але нармальная па якасці. Будзем таксама рабіць буклет, прысвечаны 15-годдзю, дзе пастараемся таксама сабраць інфармацыю па нашых аддзяленнях, пра іх асноўную дзейнасць.

- На фестывалі будуць прадстаўлены толькі музычныя нумары ці іншыя жанры таксама?

- Не толькі музычныя, там могуць быць прадстаўлены любыя жанры мастацтва, галоўнае, каб гэта было на беларускай мове: ці гэта песня, ці танец, ці батлейка – важна, каб гэта было на беларускай мове. Калі гэта танец, то каб гэта быў беларускі традыцыйны танец, або калі гэта сучасны танец, то каб пастаноўка была на беларускую тэматыку. Нават аднойчы ў нас харэограф, дзяўчына маладая паставіла танец на песню Памідорава “Быць беларусам”.

- А ў адзначэнні юбілея горада будзеце неяк удзельнічаць?

-- 4 чэрвеня ў нас будзе дзень горада Іркуцка. І ў гэты дзень будзе карнавальнае шэсце. Першы раз шэсце было ў мінулым годзе, пры чым яно было арганізавана без удзелу гарадскіх уладаў. Такое жаданне ўзнікла ў некаторых камерцыйных фірмаў, яны ўзялі дазвол і зрабілі шэсце. Уладам гэта спадабалася і ў гэтым годзе вырашылі паўтарыць, ужо ёсць падтрымка і ад горада Іркуцка, але зноў жа гарадскія ўлады ў гэта не ўмешваюцца, гэта праводзяць камерцыйныя фірмы і грамадскія арганізацыі. Гэта будзе шэсце па галоўнай вуліцы, дзесьці кіламетра тры – тры з паловай, і мы таксама будзем браць удзел, там будзе 10 кропак, дзе будзе агучвацца, хто ідзе, і калі калона будзе падыходзіць да гэтай кропкі, то трэба нешта паказаць. Некаторыя фірмы сучасныя танцы ставяць, мы думаем нейкі карагод паказаць ці нейкі бытавы танец. Безумоўна, мы будзем апрануты ў нацыянальныя касцюмы. Акрамя нас, напісалі заяву на ўдзел Бурацкі цэнтр і кітайскі. Здаецца, больш ніхто не рашыўся ўдзельнічаць. Там ёсць свае ўмовы, у калоне павінна ісці не менш за 35 чалавек, не ўсе нацыянальныя цэнтры могуць сабраць такі актыў, але для нас гэта не праблема, у нас вялікі актыў.

-- Вы ўзначальваеце Таварыства на працягу 15 год, што ўвесь гэты час дае сілы, дапамагае рухацца наперад?

- Упартасць. Справа ў тым, што я калі бачу, што шмат стэрэатыпаў пра беларускі народ, пра беларускую традыцыю, беларускую гісторыю з’яўляецца ў нас у Іркуцку, мне гэта дае нейкую такую ўпартую патрэбу, каб гэтыя стэрэатыпы ламаць. Напрыклад, 16 красавіка мы правялі вечарыну, прысвечаную беларусам, якія ўдзельнічалі ў фарміраваннях генерала Андэрса. Дагэтуль у сродках масавай інфармацыі  ў Іркуцку заўжды пісалі пра польскіх салдатаў, кшталту гэта была польская армія і польскія салдаты. І я раней нават над гэтым не задумваўся. Упершыню я над гэтым задумаўся, калі пачуў інтэрв’ю аднаго ветэрана з горада Чарамхова, ён сказаў: “Я не паляк, я беларус”. Я задумаўся і стаў шукаць, праводзіць даследаванні, і даведаўся, што ў арміі Андэрса было шмат беларусаў. І мы правлі такую гістарычную вечарыну з удзелам польскага консула, з удзелам гісторыкаў. Калі пачынаеш пра ўсё распавядаць, то атрымліваецца, што беларусы шмат чаго зрабілі, ёсць шмат герояў, якія ваявалі ў арміі Андэрса, праславіліся ў бітве пад Монтэ-Касіна. Але пра гэта ніхто не ведае. Ёсць стэрэатып, што гэта палякі, хаця была ў арміі Андэрса нават цэлая дывізія, якая так і называлася “Беларускія зубры”. Трэба змагацца з гэтым неяк, са стэрэатыпамі. Вось так сціскаеш зубы і змагаешся. Бывае, што іншым разам стамляешся і не ведаеш, што рабіць, але ўсё роўна трэба гэты пласт неяк накіроўваць і рухаць. Шмат розных стэрэатыпаў, і гэтыя стэрэатыпы падтрымліваюцца. Напрыклад, то й жа Польшчай. Яны прапагандуюцца і на гэта польскі бок дае грошы: на правядзенне розных канферэнцый, розных мерапрыемстваў. Таму некаторым нашым беларусам зручней сябе называць палякамі. Але беларусаў усё роўна значна больш у Іркуцкай вобласці і ім патрэбна нейкае натхненне, упэўненасць, ім патрэбна нейкае плячо, каб яны маглі адчуць упэўненасць. З палякамі гэта толькі адзін бок, а ёсць жа ў нас рускія шавіністычна настроеныя, якія кажуць: беларусы, дык гэта ж тыя самыя рускія, падумаеш, трошкі гэкаюць смешна. Ворагаў беларушчыны вельмі шмат, і калі мы будзем маўчаць, калі мы будзем ім ўсё дараваць, цярпець, то і народу нашага не будзе ўвогуле, ён знікне, ён растворыцца. Ёсць такая праца ў Льва Гумілёва, ён там пісаў, што калі народ, нацыя знікае, то з’яўляюцца такія пасіянарныя асобы, то бок самаахвярныя, якія ахвяруюць сваім жыццём, грашыма, забяспечанасцю, то бок мы павінны ахвяраваць, дзеля таго каб абудзіць цікаўнасць народа да сваёй гісторыі, традыцыі, культуры. Трэба гэта рабіць. Калі гэтага не рабіць, не абуджаць, то яно ўсё знікне, проста растворыцца. Каб моладзь пайшла за намі, трэба абудзіць у яе цікавасць да сваёй гістарычнай спадчыны, годнасць, што яны беларусы. Зараз за намі цягнуцца некаторыя іншыя рэгіёны Сібіры, яны просяць, каб мы дасылалі ім сцэнары нашых святаў нацыянальных. Таму што гэта сапраўды каларытныя святы, гэта паказчык нашай культуры, традыцыі.

Гутарыла Таццяна Печанко,
прэс-сакратар МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”