У Беларускім грамадска-рэлігійным цэнтры Таронта (Канада) 15 траўня адбылася сустрэча з фізікам-ядзершчыкам, сустаршынём руху “Вучоныя за без'ядзерную Беларусь” Ягорам Фядзюшыным. Яна была прымеркаваная да 25-годдзя Чарнобыльскай катастрофы, і назва яе “Праблемы і перспектывы будаўніцтва АЭС у Беларусі” адлюстроўвае трывогу грамадскасці ў сувязі з гэтым праектам.
Дакладчык, які трыццаць пяць гадоў адпрацаваў у Інстытуце ядзернай энергетыкі ў Соснах і з'яўляецца аўтарам трыццаці вынаходніцтваў, у драбніцах ведае праблемы “мірнага атама”. Яго пазіцыя наконт недапушчальнасьці будаўніцтва АЭС у Беларусі (падтрыманая такімі вядомымі вучонымі, як Аляксей Яблыкаў, Георгі Лепін, Юры Варонежцаў і іншымі) была неаднаразова агучаная у сродках масавай інфармацыі і выклікала азлобленасць беларускіх уладаў.
Па выніках сустрэчы была прынятая рэзалюцыя, аднагалосна ўхваленая ўсімі прысутнымі. Вяла сустрэчу старшыня Згуртавання беларусаў Канады Валянціна Шаўчэнка.Віялета Кавалева
Мы, удзельнікі сустрэчы, прысвечанай 25-й гадавіне Чарнобыльскай катастрофы, канстатуем: Ядзерная энергетыка, развіццё якой грамадства вітала ў пяцідзесятыя-васьмідзесятыя гады мінулага стагоддзя, паказала сапраўдную цану так званай “таннай энергіі”. Пасля Чарнобыльскай катастрофы, асабліва пасля нядаўных падзей на Фукусіме, свет мае тысячы загубленых жыццяў, мільёны знявечаных, хворых людзей, небяспеку для будучых пакаленняў. Усё гэта яскрава паказвае чалавецтву, што выхад толькі ў больш чыстых, альтэрнатыўных крыніцах энергіі.
Аднак магутнае ядзернае лоббі настойліва прапагандуе будаўніцтва новых АЭС. У Беларусі, якая напоўніцу “пакаштавала” ядзернай атруты, збіраюцца будаваць сваю АЭС. Не бяруцца пад увагу недастатковая дасведчанасць пра пляцоўку пад будучую АЭС, недахоп спецыялістаў, псіхалагічная і фізічная небяспека для пацярпелага ад “мірнага атама” насельніцтва. Дыктатар, які не раз публічна шкадаваў аб тым, што з Беларусі была вывезена атамнае ўзбраенне, марыць аб расейскіх крэдытах і аб уласнай ядзернай “дубінцы”. Вось чаму ўпершыню за 25 гадоў быў забаронены “Чарнобыльскі шлях” у Мінску.
Мы, удзельнікі сходу, рашуча пратэстуем супраць будаўніцтва АЭС у Беларусі, тым болей у адным з нешматлікіх параўнаўча чыстых рэгіёнаў, у 50 кіламетрах ад дарагой для кожнага беларуса старажытнай сталіцы ВКЛ – Вільні.
Мы заклікаем усе дэмакратычныя сілы Беларусі пратэставаць супраць злачынных планаў сённяшніх уладаў. Калі мы не спынім гэтае будаўніцтва, то ў будучым можам як нацыя ўвогуле знікнуць з твару планеты.Удзельнікі сходу беларусаў Канады, Таронта, 15 траўня 2011 г.