Кожны з нас, спадзяюся, мае пачуццё сувязi з Радзiмаю. Але тут, у Нью-Ёрку, пачуццё гэтае часта пачынае губляцца, асаблiва, калi побач няма тваіх родных і сяброў з Бацькаўшчыны. У гэтым вялiкiм горадзе з чужою культураю, музыкаю, моваю і ладам жыцця, з зусім іншым менталiтэтам людзей, можна згубіцца і нават забыцца, хто ты такi. Бо, жывучы тут, усё больш пачынаеш размаўляць па-ангельску, а родную мову ўжываеш усё радзей.
Калi цябе нехта пытае: “Хто ты, цi адкуль ты родам ?” – ты, мабыць, адказваеш: “Я – беларус”. Але не кожны ўсведамляе, што гэта значыць, як не задумвалася i я.
Калі я сустрэлася ў Нью-Ёрку з маім сябрам з Наваполацка Арцёмам Міхайлоўскім, ён параіў мне: “Ідзі да сваіх”. І я прыйшла ў аддзел Беларуска-Амерыканскага Задзіночання ў Нью-Ёрку.
Прызнаюся cумленна, я і не разумела, наколькi гэта важна сустракацца, сябраваць і размаўляць з землякамi, абмяркоўваючы палітычныя, эканамічныя і культурныя падзеі, што адбываюцца ў Беларусі і ў свеце. Калi ўпершыню прыйшла на сход і пачула, што ўсе размаўляюць па-беларуску, спачатку я спалохалася, што не змагу быць сапраўднаю сяброўкаю арганізацыі, таму што не размаўляю так добра на роднай мове. Прычына гэтаму ў тым, што ў Беларусі я саромелася размаўляць па-беларуску, ды й сябры здзекваліся, таму што гэта лічылася несучасным і нямодным, а мне не хацелася быць белаю варонаю, над якою ўсе смяюцца. Таму родная мова паступова забывалася.
Цяпер я разумею, што на гэта была і ёсць скіраваная палітыка лукашэнкаўскага ўраду, каб маладыя беларусы нават і не задумваліся, што яны адрозныя ад расейцаў, і што беларускі народ мае сваю адметнаю мову, культуру, традыцыі, урэшце, сваю дзяржаву, за якую трэба змагацца, каб быць гаспадаром у ёй, а не шукаць шчасця па свеце недзе ў чужых краёх.
Трапіўшы ў БАЗА ў беларускамоўнае асяроддзе, я перастала саромецца і баяцца, адчула сябе сярод роўных і з радасцю пачала размаўляць па-беларуску. І мне гэта падабаецца. Гэта дадало мне ўпэўненасці, што ў гэтай краіне я не адна. Хочацца параіць усім, хто ходзiць на нашыя сходы, каб таксама, спачатку як могуць, як атрымоўваецца, спрабавалі размаўляць між сабою і дома па-беларуску, каб вярнуцца да нашай роднай мовы. Мабыць, тады мы будзем адчуваць сябе больш згуртаванымі і абароненымі. Мова аб’ядноўвае людзей.
Больш таго, менавіта ўдалечыні ад Радзімы я пачала адчуваць сваю прывязанасць да беларускай культуры нават больш, чым раней.
Сяброўкаю БАЗА я стала нядаўна. Даведалася, што сябры арганізацыі адзначаюць тут нашыя нацыянальныя святы: Каляды, Гуканне вясны, Купалле, святкуюць Дзень незалежнасці Беларусі, смела ацэньваюць палітычныя падзеі і навіны, пра якія даведваюцца не з салодка-ліпавай падачы беларускага тэлебачання, а з самых разнастайных інфармацыйных крыніцаў. Адзін мой знаёмы сказаў: “Я хачу жыць ў такой Беларусі, у якой тэлебачанне будзе працаваць па-беларуску, а не на рускай мове нашых фактычных акупантаў.”
З нецярпеннем чакаю лета і Купалля. Спадяюся, што сёлета на яго збярэцца шмат дзяўчат і хлопцаў. Лета ў Нью-Ёрку гарачае, і нашае традыцыйнае народнае свята будзе выдатнай нагодаю разам паехаць на прыроду, забыўшыся пра гарадскія клопаты.
Вельмі задаволеная, што знайшла месца і сяброў, дзе я з годнасцю магу адчуваць сябе беларускаю.
Алена Ахмяненка, e-krama.com