Невялічкі пакой пражскай кавярні "Sladkovský", дзе праходзіў 3 траўня беларускі літаратурны вечар, сваім інтэр'ерам і атмасферай пераносіў у 20-30-ыя гады мінулага стагоддзя, перыяд Першай Рэспублікі. Менавіта ў тыя часы шматлікія кавярні былі цэнтрам культурнага і літаратурнага жыцця, пакуль не з'явіўся тэлевізар і інтэрнэт і мы ўсе не пераселі да экранаў. Таму той вечар аказаўся надзвычай цёплым і кранальным, ён нагадаў, якую радасць можа прыносіць мастацтва жывога слова.
Вёў імпрэзу вядомы паэт Андрэй Хадановіч, якога для чэхаў тлумачыў багеміст і перакладчык Сяргей Сматрычэнка.
Першай прачытаць свае вершы выйшла пераможца конкурсу беларускага Пэн-цэнтру да 100-годдзя Ларысы Геніюш – Наста Баярскіх, якая піша пад псеўданімам Ася Волкава.
Вядомы перакладчык Сяргей Шупа прадставіў свае пераклады твораў Тацяны Громачы і Міленка Ергавіча з харвацкай. Адзін з вершаў Тацяны Громачы асабліва закрануў апісаннем стану безнадзейнасці і татальнай абыякавасці. Быццам бы яна Беларусь апісвала, а не пасляваенную Харватыю.
Парадаваў сваім выступам Ян Максімюк, які прачытаў пераклад украінскай пісьменніцы Оксаны Забужко на... падляшскую мову.
Ян Масксімюк (злева). Фота Святаслава Ліпеня
Не асаблівы аматар публічных выступаў пражскі паэт і пісьменнік Макс Шчур усё ж выйшаў, каб прачытаць свае творы, а таксама пераклады вершаў Уладзіміра Някляева на чэшскую мову. Ён нават расшчодрыўся і выканаў адну са сваіх даўніх песен "Вандроўнік Драздовіч". Што да Максавай творчасці, то большасць яго прачытаных вершаў была звязана з падзеямі Плошчы.
Макс Шчур. Фота Святаслава Ліпеня
Пасля Макса Шчура свае новыя вершы прачытала перакладчыца і літаратарка, аўтарка кнігі “Цмокі лятуць на нераст” Марыйка Мартысевіч. Марыйка зачытала і свой пераклад на беларускую мову верша Іржы Сухага, які ў арыгінале агучыў Іржы Дзедэчак. Дарэчы, дзякуючы Марыйцы беларусы могуць прачытаць на роднай мове такія чэшскія творчы як “Зваўчэнне” Антаніна Байяя і “Неба пад Берлінам” Яраслава Рудзіша.
Марыйка Мартысевіч. Фота Святаслава Ліпеня
Сяргей Сматрычэнка ўжо даўно быў вядомы як выдатны багеміст і перакладчык з чэшскай і славацкай моваў. Але атмасфера вечара была настолькі цёплай і інтымнай, што акрамя перакладаў на чэшскую Віктара Жыбуля і Вальжыны Морт, а на беларускую Яхіма Топала і Магора (Івана Марціна Іроўса) Сяргей упершыню асмеліўся і прачытаў уласныя вершы, сумныя і кранальныя.
Сяргей Сматрычэнка. Фота Святаслава Ліпеня
Іржы Дзедэчак - паэт і пісьменнік, старшыня чэшскага Пэн-клуба, быў адзіны выступоўца-чэх. Ён не толькі прачытаў некалькі сваіх вершаў, але і зладзіў сапраўдны канцэрт. Зацікаўленыя могуць паслухаць пару песень Дзедэчка тут.
Іржы Дзедэчак. Фота Святаслава Ліпеня
Апошнім выступаў Андрэй Хадановіч. Сваімі вельмі дасціпнымі вершамі ён не даў засумаваць публіцы ні на хвіліну. Пачаўшы з вершаў, Андрэй плаўна перайшоў да музыкі, завяршыўшы выступ цудоўнай песняй Леанарда Коэна “Алілуя” (у сваім беларускім перакладзе).
Андрэй Хадановіч. Фота Святаслава ЛіпеняФота Святаслава Ліпеня
Фота Святаслава Ліпеня