На думку аўтара, і гэтае мастацтва ( якое тады называла сябе "авангардам"), і рэвалюцыйныя бальшавіцкія ідэі аб'ядноўвала на пачатку ХХ стадна і тая ж мэта -- разбурэнне старога і стварэнне новага свету. Аднак праз пэўны час адбылося іх размежаванне -- бальшавікам патрэбны былі паслухмяныя выканаўцы, агітатары, якія б выказваліся на мове, зразумелай "працоўным масам". Авангардысты ж не збіраліся нікому падпарадкоўвацца, а хацелі самі дыктаваць культурную палітыку. У выніку гэты мастацкі рух у СССР быў пастаўлены па-за законам. А Захад, не звяртаючы ўвагу на траскучыя антыбуржуазныя лозунгі, проста ўключыў "авангардыстаў" у сваю рынкавую сістэму, у рамках якой такое мастацтва існуе дагэтуль.
Пасля краху камуністычнай ідэалогіі "сучаснае мастацтва" пачало паспяховую культурную агрэсію на краіны былога савецкага блоку, дзе мастакі -"авангардысты" ганарыліся сваім "цярновым" вянцом і статусам ахвяры бальшавізму -- не ўзгадваючы, вядома, пра агульныя карані і колішняе сяброўства.
На працягу ХХст. і сярод камуністаў, і сярод "сучасных" мастакоў адбывалася несупынная негатыўная селекцыя, і калі напачатку і адны, і другія верылі ў свае ўтапічныя ідэалы -- як Ленін, Дзяржынскі, Чычэрын, а ў мастакоў Кандзінскі, Малевіч, Філонаў, -- то пад канец стагоддзя адзіным " ідэалам" у абодвух выпадках стала прага нажывы.
На думку Алега Аблажэя, "сучаснае мастацтва" адкінула не толькі традыцыі, але і ўвогуле ўсё тое. на чым грунтавалася мастацтва ўсіх часоў і народаў -- эстэтыку, прыгажосць, майстэрства. І гэта не дазволіць яму мець якую б там ні было перспектыву ў новым стагоддзі. "Сучаснае мастацтва" па сутнасці сваёй даўно стала (чаго, зрэшты, і не хавае), антымастацтвам, -- і яно рана ці позна накіруецца ўслед за сваім духоўным братам камунізмам на сметнік гісторыі.
Жадаючыя могуць пазнаёміцца з фрагментамі лекцыі ў беларускай праграме "Тутэўшы час", якая выходзіць на 2 праграме Літоўскага радыё "Класіка" кожны аўторак а 15 гадзіне.