Галандка напісала кнігу пра беларускае пакаленне Y у кантэксце Чарнобылю

У Нідэрландах выйшла кніга Франкі Хумэлc "De Generatorgeneratie", што можна прыкладна перакласці як “Пакаленне рэактару”. Кніжка пра маладых беларусаў, якія нарадзіліся і сталі дарослым ў цені Чарнобылю.
У Нідэрландах выйшла кніга Франкі Хумэлc "De Generatorgeneratie", што можна прыкладна перакласці як “Пакаленне рэактару”. Кніжка пра маладых беларусаў, якія нарадзіліся і сталі дарослым ў цені Чарнобылю. Мы звярнуліся да аўтаркі кнігі з пытаннем, як гэта — быць замежнікам, што піша кнігу пра Беларусь.

Франка Хуммэлс

32-гадовая Франка Хумэлс скончыла гістфак у Ратэрдаме, паспела папрацаваць журналісткай на Даўнінг Стрыт у Лондане, але тамтэйшае жыццё не надта ёй прыйшлося даспадобы, і Франка вырашыла вярнуцца на радзіму, каб паглыбіцца ў журналістыку і… Беларусь.

“Многія людзі ў Нідэрландах ўвогуле не ўяўляюць, дзе Беларусь знаходзіцца. Для многіх гэта нешта накшталт Расіі. На жаль”, — кажа Франка, якая стала цяпер нечым накшталт эксперта для галандскіх медыя ў беларускім пытанні, а заадно і ў сферы ядзернай энергетыкі.

Чаму Беларусь стала тэмай кнігі, і як Франка пачынала свой шлях, можна пачытаць у папярэднім інтэрв’ю з ёй, што было ўзятае два гады таму ў Мінску ў самым пачатку падрыхтоўкі кнігі.

За гэты час спадарыня Хумэлс аб’ездзіла ўсе важныя месцы ў краіне, у першую чаргу, звязаныя з Чарнобылем, пабывала ў чарнобыльскіх землях на Радуніцу — адзіны час, калі туды можна легальна трапіць без асаблівых перашкодаў. Была, вядома, і ва Украіне, але галоўнай тэмай 271-старонкавага выдання стала пакаленне маладых беларусаў, што нараджаліся, вучыліся і кахаліся ўжо пасля Чарнобылю. Пра гэта распавядаюць у кнізе яе героі. То бок пра нас з вамі.

“Не толькі радыёактыўныя дажджы і кінутыя вёскі”

“Гэта кніга ў першую чаргу аб чалавечых лёсах. Але няма адной гісторыі пра Чарнобыль. Можна распавесці шмат-шмат сюжэтаў пра тое, як людзі жылі пасля гэтай катастрофы”, — кажа Франка. Аўтарка вырашыла падрабязна раскрыць тры найбольш цікавыя жыццёвыя гісторыі прадстаўнікоў беларускага пакалення Y.

Так, лунінецкія настаўніцы з забруджаных пасля катастрофы рэгіёнаў, у класах якіх няма цяпер здаровых дзяцей, на старонках “Пакалення рэактару” змяняюць дзяцей ліквідатараў катастрофы, бацькі якіх бягуць ад Чарнобыля і трапляюць у яшчэ больш забруджаныя раёны.

“Адной з найбольш цікавых для мяне сюжэтаў стаў расповед Сержука Бахуна, які сам знайшоў мяне праз Інтэрнэт і распавёў сваю гісторыю ўцёкаў з забруджаных тэрыторый. У яго лёсе сплялася мазаіка беларускай рэчаіснасці, не заўжды вясёлая, але такая, якая ёсць”.

“Я размаўляла з мноствам маладых беларусаў. Некаторыя аптымістычна глядзяць на сваю будучыню: яны хочуць будаваць уласнай жыццё сваімі рукамі. Некага турбуе будаўніцтва Астравецкай АЭС, нехта хоча з’ехаць, але няма нейкага агульнага настрою ці погляду на сітуацыю — усе розныя”.

“Многія людзі захацелі паехаць у Беларусь пасля таго, як прачыталі гэтую кнігу. Па іх словах, людзі выглядаюць вельмі добрымі, а прырода — цікавай. Я не хацела маляваць толькі дрэнныя малюнкі, таксама жадала паказаць, што насамрэч Беларусь — гэта не толькі радыёактыўныя дажджы і кінутыя вёскі”.

“Амбасадарка паабяцала мне бясплатную візу ў Беларусь”

“Для некаторых гэта кніга стала нечым зусім новым. Нехта ж пра Беларусь мала што ведаў, акрамя таго, што ёсць такая дыктатура”, — кажа аўтарка кнігі.

Зрэшты, аб рэакцыі на кнігу ні афіцыйных беларускіх колаў, ні нават беларускай амбасады ў Нідэрландах пакуль невядома. Франка канешне ж чула водгукі ад людзей, набліжаных да амбасады, але адмаўляецца каментаваць іх: “ты не можаш гэтага напісаць”.

Як звычайны замежнік, што цікавіцца Беларуссю, Франка марыць наведаць нашу краіну яшчэ раз: “Цяпер гэта краіна мне падабаецца яшчэ болей, а палітычная сістэма — яшчэ меней”. І цяпер, як і над любым замежнікам, над ёй вісіць дамоклаў меч адмовы ў беларускай візе: многія еўрапейскія журналісты ўжо атрымлівалі адпаведны штамп ў пашпарце. Таму Франка як заўжды асцярожнічае: “Я толькі журналіст, і не хачу даваць палітычных ацэнак”.

Тыя ж самыя словы я чуў ад яе роўна два гады таму, калі Франка Хумэлс упершыню прыехала ў Беларусь дзеля збору інфармацыі для кнігі. Франка цудоўна разумее, што ў любы момант яе персона можа стаць “непажаданай” для беларускіх уладаў. Але, здаецца, пакуль усё атрымліваецца: нядаўна на канферэнцыі, прысвечанай Беларусі, беларуская амбасадарка нават паабяцала ёй паспрыяць у атрыманні бясплатнай беларускай візы.

“Не надта веру ў тое, што спадарыня амбасадар можа паўплываць на кошт візы, але хочацца верыць”, — смяецца Франка.

“А што далей?” — пытаю я.

“Думаю над новым вялікім праектам. І пра Беларусь пісаць хачу. Але ўжо пасля змены рэжыму”, — усміхаецца Франка.

Сапраўды, мінулую Беларусь яна ўжо апісала.

generation.by