Доктар Францішак Скарына, перакладаючы й выдаючы друкам Біблію на тагачасную літаратурную мову, дадаў да ўсіх кнігаў павучальныя ўступы й пасьлясловы ў мове канцылярыі ВКЛ пачатку XVI ст., а незразумелыя словы паясьніў на палёх, што можна лічыць пачаткам беларускае лексыкаграфіі. Пазьней беларускую лексыкаграфію распрацавалі Лаўрэнты Зізані ды Памва Бярында (Тамсама, с. 226).
Біблія Скарыны, як літаратурны твор на зразумелай мове, у якой праяўляліся рысы жывой крывіцкай мовы, тварыла асновы для нарастаньня й разьвіцьця літаратурнага працэсу. Сьлядамі Скарыны пайшлі Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, а за імі цэлая пляяда пісьменьнікаў, вучоных, палемістаў, гісторыкаў, паэтаў, што прывяло да разьвіцьця школьніцтва, рэфармацыйнага й вунійнага руху, друкарства ды дзяржаўна-эканамічнага ўздыму краіны. Меркаваньнем Вацлава Пануцэвіча, народная крывіцкая мова поўнасьцю сталася мовай літаратурнага працэсу ўсіх ягоных напрамкаў: выступала ў юрыдычных актах, у хроніках і гістарычных творах, у рэлігійным і культурным жыцьці ды ў мастацкай літаратуры. „Рускім” у гэтай літаратурнай старабеларускай мове заставаўся толькі традыцыйны нефанэтычны правапіс і некаторыя выражэньні, накшталт лацінскіх у заходняй літаратуры, што пазваляла захоўваць традыцыйны калярыт (Тамсама, с. 231).
Вацлаў Пануцэвіч прывёў цэлы шэраг вытрымкаў з розных летапісаў XVI і XVII ст.ст. Я спашлюся толькі на два прыклады: на Летапіс Быхаўца й на Прадмову да Літоўскага Статуту Льва Сапегі 1588 г.
Паслухайце, калі ласка, як апісваецца бяседа ў Летапісе Быхаўца:
„А калі тые госьці у велікаго князя Вітаўта былі, і князь велікі Вітаўт дастатак даваў ім вялікі, і выхожывало на ніх аброкаў на кожды дзень мёду сучанаго сем сот бочак, акром мушкатэл(ю); і він, і мальмазей, і інных піцей размаітых; а ялавіц семсот, бараноў, вепраў семсот, жубрэй па шэсьцьдзесят, лосей па сту, кроме інных размаітых зверын і інных многіх мяс і дамовых патрэб, і дзержаў тых гасьцей вялікі князь Вітаўт у сябе сем нядзель” (Тамсама ).
Вось якія былі банкеты ў вялікага князя Вітаўта.
І яшчэ кароценькі фрагмэнт з Прадмовы да Літоўскага Статуту Льва Сапегі. Варта прыслухацца да таго, што мела вялікае значэньне для ўкладальнікаў Статуту:
„А есьлі катораму народу ўстыд праў сваіх не ўмеці, пагатовю нам, каторые не інчым якім языком, але сваім уласным права сьпісаные маем і кождаго часу чаго нам патрэба ку атпору ўсякае крыўды ведаці можам...” (Тамсама, с. 233)
У ацэнцы Вацлава Пануцэвіча, літаратура пэрыяду XVI-XVII ст.ст. сапраўды заслугоўвае на назоў „залатога веку”. У гэтым часе былі складзеныя шматлікія летапісы, дзёньнікі, пераклады на крывіцкую мову Александрыны й Повесьці аб Троі, напісаныя былі такія аповесьці з галіны рыцарскай гераічнай літаратуры, як: Повесьць а Біруце, Повесьць а Барбары Радзівілаўне, Гісторыя аб Атыльлі, каралю вугорскім, Повесьць аб Трыстане, Повесьць аб Бове, Повесьць аб Тундале. А яшчэ ж Мэтрыка Літоўская – знакаміты архіў актаў ВКЛ. Разьвіваўся й вершаваны жанр. Вершы па-беларуску пісалі: Францішак Скарына, Андрэй Рымша, Герасім і Мялеці Сматрыцкія, Сымон Полацкі ды іншыя.
Вацлаў Пануцэвіч зьвярнуў увагу на тое, што ў ВКЛ, апрача беларускай літаратурнай мовы, існавалі яшчэ тры іншыя літаратурныя мовы: польская, руская й лацінская. Мова польская ў XVIII-XІX ст.ст. падмяніла мову крывіцкую.
Факт, што напрыканцы XVI ст. (1596 г.) Лаўрэнты Зізані выдаў свой Лексіс – царкоўна-славянскі слоўнік, сьведчыць пра патрэбу такой працы ў сувязі з тым, што славянска-руская мова была малазразумелай для жыхароў ВКЛ. Вось некалькі прыкладаў дзеля характарысткі:
Агнец - Баранак Баня - Лазьня Безумен - Дурань Блажэнство - Шчасьлівасьць Всаднік - Коньнік Врач - Лекар, доктар і г.д. (Тамсама, с. 248)
Як відаць, тагачасная „простая мова” народу амаль ня розьніцца ад сёньняшняй беларускай мовы – адзначыў В. Пануцэвіч, удзячны Зізанію й за тое, што не забыў паставіць націскі на словах, бо гэта дае магчымасьць дакладна пазнаць мову XVI ст.
Ніна Баршчэўская, "Польскае радыё для замежжа"
Пачатак размовы чытайце тут: