На Шведскім Радыё да 25-годдзя з дня катастрофы на Чарнобыльскай АЭС адбылася прэм’ера радыёпастаноўкі па эсэ Барыса Пятровіча “Нічый Чарнобыль. Згадкі пра вясну 1986 года”, пераклад на шведскую мову і драматургічную апрацоўку якога ажыццявіў Дзмітры Плакс.
З пытаннямі наконт выхаду радыёпастаноўкі па-шведску мы звярнуліся да перакладчыка і даўняга папулярызатара беларускай культуры і літаратуры ў Швецыі Дзмітрыя Плакса:Спадар Дзмітры, скажыце, калі ласка, каму належыць ідэя гэтага радыёспектаклю?
Ідэя была мая. Калі недзе ў лютым, на сходзе літаратурнай часткі нашага радыётэатра абмяркоўвалася, што мы будзем рабіць у сувязі з дваццаціпяцігоддзем Чарнобылю, то першае, натуральна, пра што ішла гаворка, – паўтарыць спектакль “Чарнобыльская малітва” па матывах кнігі Святланы Алексіевіч. Гэта вельмі добрая пастаноўка, але яна гучала ў эфіры ўжо шмат разоў, і таму паўстала пытанне, ці не варта зрабіць нешта новае, бо ўсё ж гэта значная дата. Я і сказаў, што вось ёсць такое эсэ, дзе аўтар апісвае свой уласны досвед першых тыдняў пасля катастрофы, дакумент, сведчанне. І ўсе пагадзіліся, што гэта гучыць цікава.Ці задумваўся пераклад ад пачатку як радыёпастаноўка, бо ў арыгінале гэты твор – эсэ?Так, пераклад рабіўся спецыяльна для пастаноўкі. То бок спачатку для таго, каб іншыя сябры літаратурнай часткі, загадчык і, вядома, мастацкая кіраўніца радыётэатра змаглі прачытаць тэкст і неяк да яго паставіцца, каб прыняць рашэнне, ці ісці далей, рабіць пераапарцоўку, запускаць у вытворчасць.А наколькі цяжка было адаптаваць эсэ Барыса Пятровіча для радыёспектаклю?
Не цяжка, звычайная драматургічная праца. Адное, што хацелася захаваць голас апавядальніка, не перарабляць цалкам тэкст, а знайсці нейкі баланс паміж расповедам ад першай асобы і драматургічнымі сцэнамі, якія б гэты аповед ілюстравалі. Самае ж цяжкае было скараціць эсэ да неабходных для пастаноўкі памераў і захаваць пры гэтым галоўнае ў змесце і ў структуры. А ўжо напісаць пару дыялогаў, ды сітуатыўных сцэн, – гэта толькі тэхнічная задача.З якімі цяжкасцямі сутыкнуліся вы пры перакладзе?Цяжкасцей з уласна перакладам было не шмат, то бок яны ізноў жа звычайныя – назвы ўстаноў, пасад, транскрыпцыі...Ці ёсць нейкія водгукі на радыёспектакль у шведскай прэсе, чым гэтая тэма цікавая і блізкая шведам?Рэцэнзіі блі ў шведскай прэсе як цэнтральнай, так і рэгіянальнай. Усе яны пазітыўныя, асабліва рэцэнзія вядомага крытыка Ларса Рынга ў адной з буйнейшых шведскіх газет – Svenska Dagbladet, якую ён назваў «Сугестыўны радыёаповед пра Чарнобыль». Рэцэнзенту рэгіянальнай газеты Arbetarbladet пастаноўка падалася залішне сухой, але тэкст – важным. І ўвогуле, я думаю, для слухача важны тут менавіта сам тэкст, напісаны чалавекам, які гэта перажыў, аповед з першых вуснаў. Наагул, Швецыя ж таксама трохі пацярпела ад Чарнобылю, таму гэтая тэматыка шведам і цікавая, і блізкая. А што да рэцэнзій, дык прэм’ера адбылася толькі ўчора, можа будуць яшчэ іншыя рэцэнзіі, не ведаю.Раскажыце пра іншыя літаратурна-мастацкія праекты, што адбываюцца ці адбыліся ў супрацоўніцтве паміж Швецыяй і Беларуссю?У пачатку красавіка прайшла прэм’ера радыёпастаноўкі па п’есе Мікалая Халезіна і Наталлі Каляды “Спасцігаючы каханне”. Адначасова на тым жа, Першым канале Шведскага радыё чытаўся кароткі раман Васіля Быкава “Аўганец”, які ў шведскім перакладзе мае назву “Ветэран”. Таксама рыхтуюцца да выдання некалькі кніг беларускіх аўтараў: “Плошча” Барыса Пятровіча, “Горад Сонца” Артура Клінава, зборнік вершаў Андрэя Хадановіча. Чуў таксама пра планы выдання твораў Уладзіміра Някляева і Алеся Разанава, Святланы Алексіевіч.Паслухаць радыёпастаноўку па-шведску можна на сайце Шведскага Радыё.
Пачытаць эсэ Барыса Пятровіча па-беларуску можна на старонцы часопіса “Дзеяслоў”.