Удзельнікі фестывалю моў у Санкт-Пецярбургу развучылі беларускую песеньку пра Дзеда-Барадзеда

Прэзентацыя беларускай мовы адбылася ў межах V Пецярбургскага фестывалю моў, які праходзіў 17 красавіка на базе і пры ўдзеле Неўскага інстытута мовы і культуры. Прэзентацыю праводзіў сябра Санкт-Пецярбургскага аб'яднання беларускай моладзі Ян Смаленкін.

Фестываль моў у Санкт-Пецярбургу праводзіцца з 2007 года. Асноўная мэта мерапрыемства -- паказаць разнастайнасць моў свету, унікальнасць і каштоўнасць кожнай з іх. У межах фестывалю спецыялісты ў галіне мовазнаўства і носьбіты моў дзеляцца сваімі ведамі з гасцямі мерапрыемства ў фармаце кароткіх (40-хвілінных) урокаў-прэзентацый. З ініцыятывы Санкт-Пецярбургскага аб'яднання беларускай моладзі беларуская мова на фестывалі прэзентуецца ўжо другі год запар.

Ян Смаленкін

Сёлетняя прэзентацыя пачалася з расповеду пра беларускую культуру і беларускія традыцыйныя святы – Гуканне вясны, Купалле, Юр’я, Куст, Багач і інш. Вельмі дарэчы тут прыйшліся паштоўкі, прысвечаныя беларускім святам і абрадам з арыгінальным апісаннем, створаныя кампаніяй “Будзьма беларусамі!”.

Затым перайшлі непасрэдна да вывучэння беларускай мовы – ад алфавіта да граматыкі. Падчас імправізаванага ўрока прысутныя даведаліся пра паходжанне беларускай мовы, гісторыю яе развіцця, пра незвычайныя для рускамоўных людзей літары “ў”, “дз”, “дж”.

Прыемным сюрпызам для ўсіх стала вывучэнне і спевы беларускай песенькі “Дзед-Барадзед”.

“Гасцям вельмі яна спадабалася, а мне нават неяк дзіўна было, бо ніколі раней не чуў беларускіх песень з такім акцэнтам, -- распавёў Ян Смаленкін. -- Нават тэксты і ноты гэтай песенькі ўсе прысутныя пакінулі сабе”.

Ян Смаленкін звярнуў увагу на вялікі інтарэс да беларускай мовы з боку ўдзельнікаў Фестывалю моў: “Мне спадабалася тое, што былі людзі, прафесійныя лінгвісты і гісторыкі, якія не здолелі трапіць на прэзентацыю, бо самі выкладалі іншыя мовы, але іх вельмі цікавіць беларуская мова, нават адзін навуковец папрасіў у мяне дапамогі ў распрацоўцы міжнароднага сайту лінгвістаў, бо пра беларускую мову, на жаль, людзі вельмі мала ведаюць.”

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”