
Скульптура класіка беларускай літаратуры была усталявана ў Кіеве на вуліцы Кацюбінскага, 3 (Шаўчэнкаўскі раён). Аўтары помніка – беларускія скульптары Кастусь Селіханаў і Алег Варвашэня.

Кампазіцыя вагой каля 2,5 тон і вышынёй 2,5 метры стваралася з сакавіка мінулага года. Бронзавы Караткевіч трымае рукі ў кішэнях паліто, на галаве яго – берэт. Пісьменнік стаіць на фоне адкрытай кнігі; адну з яе старонак ўпрыгожваюць радкі з верша класіка на беларускай і ўкраінскай мовах:
І пад птушак зялёны гоман Нарадзіліся для абшараў Плод кахання бору і хмары – Мой Дняпро, і Бяроза, і Нёман.
Уладзімір Караткевіч скончыў філалагічны факультэт Кіеўскага ўніверсітэта, працаваў у сярэдняй школе ў весцы Лясовічы Кіеўскай вобласці, добра разбіраўся ва ўкраінскай літаратуры.
Нагадаем, што першапачаткова помнік Караткевічу планавалася ўсталяваць напрыканцы мінулага года, у гонар 80-годдзя з Дня нараджэння пісьменніка. Бронзавая скульптура з Мінска ў Кіеў была адпраўленая яшчэ 14 снежня.
Але толькі 14 красавіка двухмятровы Караткевіч з’явіўся побач з будынкам беларускай амбасады ў Кіеве. Разам з чорнымі стужачкамі і кветкамі, якія гараджане прынеслі ў знак жалобы аб загінулых у выніку выбуху ў мінскім метро.
Зміцер Дзежыц, "Салідарнасць"