Сёлетні фестываль - 5-ы, своеасаблівы маленькі юбілей. Цэнтр зусім нядаўна адзначыў 10-годдзе свайго існавання. Гэты фестываль не такі афіцыйны, ды ён і не можа быць такім. Сама назва яго – “Ад Палесся да Сібіры нясіце, буслы, вясну!” - стварае атмасферу цёплую, лірычную, па-сапраўднаму вясновую.
Узгадвае дырэктар Цэнтра Ніна Васільеўна Кабанава: “Калі задумвалі гэты фестываль-конкурс, нават не меркавалі, які размах ён атрымае, якую цікавасць выкліча ў нашых сібірскіх беларусаў, ды і наогул ва ўсіх новасібірцаў. Натуральна, перш за ўсё зыходзілі з галоўнага, так бы мовіць, стратэгічнага прызначэння Цэнтра: удзел у рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі адраджэння, захавання і развіцця нацыянальнай беларускай культуры, звычаяў і традыцый. А каму як не маладому пакаленню вывучаць і развіваць культуру? Вось на яго і зрабілі стаўку, у большай ступені на сельскія раёны вобласці. Так гістарычна склалася, што менавіта ў вобласці пражывае значная колькасць беларусаў, у Кыштоўскім раёне, да прыкладу, яны складаюць амаль траціну насельніцтва. І да гэтага часу нашчадкі перасяленцаў у сельскіх раёнах захоўваюць беларускаія абрады, найбагацейшы нацыянальны фальклор, займаюцца традыцыйным беларускім рукадзеллем.
Разам з Міністэрствам культуры вобласці (тады яно называлася Дэпартаментам культуры) распрацавалі Палажэнне аб фестывалі-конкурсе, вызначылі мэты і задачы па выяўленню і падтрымцы адораных дзяцей і распаўсюджванню беларускай культуры ў рэгіёне, стварэнню новых творчых калектываў, арыентаваных на вывучэнне розных формаў нацыянальнай культуры, пашырэнню кантактаў выкладчыкаў і выканаўцаў.
Падтрымка кіраўніцтва стала немалым стымулам ў нашай працы. На месцах арганізавалі адборачныя туры, прыцягваючы юныя таленты ад 4-х да 20-ці гадоў. Вялікай падтрымкай стала метадычная літаратура, рэпертуарныя зборнікі, якія мы атрымліваем перыядычна з Мінска, у прыватнасці, з Беларускага інстытута культуры і метадычнага цэнтра г. Магілёва. Замаўляем і купляем нацыянальныя касцюмы, а таксама аўдыё-і відэаматэрыялы. На вучобу ў Мінск адпраўляем кіраўнікоў калектываў, а са сталіцы запрашаем спецыялістаў па вакале, харэаграфіі, народнаму танцу. І з радасцю сталі адзначаць, што ад конкурсу да конкурсу павышаецца сцэнічная культура юных артыстаў, стыль і манера выканання, ідзе паступовае авалоданне беларускай мовай.
Шмат у чым спрыялі гэтым поспехам і вельмі слушныя, не заўсёды прыемныя, але аб'ектыўныя заўвагі журы на заключных адборачных этапах конкурсу, калі адбываўся “разбор палётаў”. У журы запрашаем высакакласных спецыялістаў, некалькі разоў яго ўзначальвала заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі, мастацкі кіраўнік фальклорнага ансамбля “Рождество” (“Каляды” ) Вольга Гурына. А удзел гэтага калектыву ў гала-канцэртах значна уздымаў планку фестывалю і, натуральна, прымушаў падцягвацца усіх удзельнікаў, каб адпавядаць узроўню славутага ансамбля”. *** Ніна Васільеўна адсачыла толькі некаторыя вехі фестывалю, дзе, вядома, не заўсёды было так бязвоблачна, як хацелася. Калі раней ўдзельнічаць у свяце маглі да 300-т чалавек, то цяпер, пры пастаянным росце колькасці жадаючых, прыехаць могуць далёка не ўсе - папросту няма грошай на дарогу, асабліва для аддаленых раёнаў. Цэнтр са сваім небагатым бюджэтам імкнецца дапамагчы ўсім: і накарміць гасцей, і размясціць па неабходнасці ў гасцініцу! Гэтую гасціннасць, “дабро і ласку” гаспадароў адзначалі ў анкетах многія ўдзельнікі сёлетнега і ранейшых фестываляў. Думаецца, менавіта гэта стаўленне да юных талентаў і прыцягвае ўсё новыя сілы да фестывалю. Упершыню ў гэтым годзе так аб'ёмна, ва ўсіх намінацыях, быў прадстаўлены Новасібірскі сельскі раён: па 2-3 калектывы ў розных намінацыях выставілі г. Обь, Верх-Тула, Кальцова, Мачышча. У іх ліку і Качанёўскі раён, яго самадзейныя артысты, дарэчы, нядаўна пабывалі з канцэртам у Барысаве, куды іх запрашалі беларускія калегі. І зараз Цэнтр чакае сваіх суайчыннікаў з візітам у адказ.
Цёплы прыём сібіракоў ацанілі і беларусы з суседняга Казахстана. Пабываўшы нядаўна на 10-годдзі Цэнтра, калектыў з г. Паўладар выказаў жаданне прыехаць і на вясновы фестываль. Усе ўдзельнікі, а было іх больш 20-ці - танцоры, вакалісты - з'ехалі з прызамі і падарункамі.
А многіх юных артыстаў і цэлыя калектывы з Новасібірска і вобласці можна назваць ужо “ветэранамі” фестывалю. Як добрых знаёмых сустракаюць гледачы таленавіты тэатр народнай песні "Вясёлка" Людмілы Кашчэевай, узорны дзіцячы ансамбль “Родничок “ (“Крынічка”) з п. Смаленка Машкоўскага раёна, фальклорны ансамбль “Чеботачки” з с. Вагайцава Ардынскага раёна, вакальны ансамбль “Лэвис” з Сузуна. А Наіля Камянская, Алена Дарашэнка, Ігар Куранкоў, можна сказаць, выраслі на сцэне, прыкметна вырас, між іншым, і іх выканальніцкі ўзровень. Усе яны - пастаянныя прызёры фестываляў. Варта адзначыць, што рэпертуар ва ўсіх калектываў пастаянна абнаўляецца, па ўсіх намінацыях.
З'явіліся і новыя лаўрэаты. У намінацыі “народныя спевы, сола” журы высока ацаніла выдатныя вакальныя дадзеныя, уменне трымацца на сцэне Насці Горб з Новасібірска, якая з бляскам, тэмпераментна выканала беларускую народную песню “Мае вочы чорныя”.
Вышэйшую ўзнагароду фестывалю павезлі з сабой і ўдзельнікі ўзорнага фальклорнага ансамбля “Весялуха” з Масляніна, а таксама ансамбль танца “Калыванскія прасторы”.
Як адзначылі члены журы, куды ўваходзілі сапраўдныя знаўцы народнай культуры, яны таксама разам з гледачамі атрымалі вялікае задавальненне ад гала-канцэрта. Старшыня журы Наталля Уладзіміраўна Лявонава, прафесар этнамузыказнаўства Новасібірскай дзяржаўнай кансерваторыі, прызналася, што нават не чакала такога багацця і разнастайнасці ў беларускай музычнай культуры. Яшчэ адным пацвярджэннем гэтага стала выступленне 12-гадовай Карыны Аўчыннікавай. Госця з Краснаярска выканала беларускія мелодыі на цымбалах. Гэты беларускі народны інструмент не надта папулярны ў Сібіры і таму стаў сапраўдным адкрыццём фестывалю.
У заключным слове дырэктар Цэнтра Ніна. Кабанава шчыра дзякавала юнай цымбалістцы і Н. П. Іванішчанка, якая суправаджала Карыну. А з старшынёй Краснаярскай краёвай нацыянальна-культурнай аўтаноміі Н. Ю. Аляксандравіч Цэнтр, магчыма, у хуткім часе арганізуе чарговы фэст, дзе у поўную сілу загучаць і беларускія цымбалы.
Людміла Бяляўская