Абрана новае кіраўніцтва Асацыяцыі беларусістаў Літвы

30 сакавіка 2011 года адбылося пасяджэнне Асацыяцыі беларусістаў Літвы. Праграма складалася з трох частак: адзначэнне двадцацігоддзя дзейнасці, прыём новых сяброў і выбары новага кіраўніцтва.
30 сакавіка 2011 года адбылося пасяджэнне Асацыяцыі беларусістаў Літвы. Праграма складалася з трох частак: адзначэнне двадцацігоддзя дзейнасці, прыём новых сяброў і выбары новага кіраўніцтва.

Пасяджэнне распачала старшыня Асацыяцыі, доктар гуманітарных навук Альма Лапінскене, якая распавяла аб дваццаці гадах дзейнасці. Сама Асацыяцыя распачала сваю дзейнасць 27 лютага 1991 года, калі ў Інсттытуце літоўскай літаратуры і фальклора Акадэміі Навук Літвы сабраліся першыя 10 чалавек з мэтай заснавання арганізацыі, якая б займалася на навуковым і культурным узроўні праблемамі беларусістыкі ў Літве. Гэта былі: А. Лапінскене – перакладчык і літаратуразнаўца, В. Чэкманас – мовазнаўца, А. Антанавічус – перакладчык, Р. Гірконтас – гісторык, Л. Луцкевіч – дзеяч культуры, В. Місявічэне – фалькларыст, Я. Раманчук – літаратуразнаўца, М. Савіч - мовазнаўца, Э. Легуце – перакладчык, О. Раманчук – мовазнаўца.

На пасяджэнні хвілінай маўчання ўзгадалі тых сяброў Асацыяцыі, якія ад нас адышлі: Э. Матузявічуса, В. Місявічэне, Л. Луцкевіча, Э. Грынавіцкене, В. Чэкманаса, Г. Войцік, А. Антанавічуса.

Затым Альма Лапінскене распавяла аб дзейнасці Асацыяцыі цягам двадцаці год. Асацыяцыя арганізавала і правяла пяць навуковых канферэнцый:

100-годдзе Максіма Багдановіча (1991 г.) Вацлаў Ластоўскі і асяроддзе (1993 г.) Дзесяцігоддзе асацыяцыі беларусістаў у Літве (2001 г.) Іх творчы шлях ішоў праз Вільню “Наша Ніва” у кантэксце віленскай беларускай культуры.

Шмат пасяджанняў было прысвечана знакавым асобам у беларускай культуры і літаратуры: 100-годдзю Максіма Гарэцкага, 80-годдзю Уладзіміра Караткевіча і інш.

Асацыяцыя сябруе з Саюзам пісьменнікаў Літвы. У іх было праведзена 5 вечарын з удзелам пісьменнікаў з Беларусі, напрыклад з В. Быкавым, Р. Барадулінам, С. Аляксеевіч, В. Коўтун, А. Разанавым.

Таксама Асацыяцыя актыўна супрацоўнічае з Літоўскай амбасадай у Мінску. 17 чэрвеня 2009 г. там прадставілі дзейнасць Асацыяцыі і абмеркавалі шляхі да далейшага супрацоўніцтва.

Варта адзначыць, што сябрамі Асацыяцыі зроблены шэраг перакладаў беларускай літаратуры на літоўскую мову. Такім чынам літоўскі чытач змог бліжэй пазнаёміцца з літаратурнымі здабыткамі сваіх суседзяў. Таксама выдалі некалькі кніг на беларускай мове, датычных літаратурных і моўных сувязяў паміж Літвой і Беларусю.

Сябры Асацыяцыі прымалі ўдзел ва ўсіх пасяджэннях Міжнароднай арганізацыі беларусістаў.

На дадзены момант у Асацыяцыі 24 сябры, з іх 8 мовазнаўцаў, 7 літаратуразнаўцаў, 5 гісторыкаў, 2 фалькларысты. Падчас пасяджэння 30 сакавіка ў Асацыяцыю прынялі двух новых сяброў: Вітаутаса Жэймантаса і Алега Аблажэя.

Пасяджэнне завяршылася выбарамі новага кіраўніцтва. Старшынёй Асацыяцыі беларусістаў у Літве абралі Лілею Плыгаўку, яе намеснікамі Алега Аблажэя і Алеся Адамковіча.

Былая старшыня Альма Лапінскене перадае пячатку новай старшыні Лілеі Плыгаўцы

Копія першага пратакола паседжання Асацыяцыі беларусістаў Літвы

westki.info