Беларусы Іркуцка 26 сакавіка правялі абрадавае свята “Гуканне вясны”. Галоўным арганізатарам свята быў Моладзевы клуб "Крывiчы" пры рэгіянальнай Грамадскай арганізацыі "Іркуцкае Таварыства Беларускай Культуры ім. Яна Чэрскага”. Свята праходзіла ў бярозавым гаі на беразе ракі Ангара.
Удзельнікі свята спявалі песні-вяснянкі, вадзілі карагоды, гулялі ў старадаўнія беларускія гульні, танчылі традыцыйныя беларускія танцы, гушкаліся на арэлях.
Падрыхтоўка да свята ідзе поўным ходам.
Перад святам сябры клуба "Крывічы" ўпрыгожваюць дрэвы.
Дзяўчаты ідуць на ўзвышша, каб быць бліжэй да багіні прыгажосці Лады, якая з'яўляецца ўвасабленнем вясны. Яны запускаюць у неба папяровых птушачак для таго, каб прыспешыць прыход вясны.
Дзяўчаты заклікаюць вясну песнямі.
У зямлю закапваюць гаршчочак з ячневай кашай. Гэта ахвяра зямлі для таго, каб ў гэтым годзе быў багаты ўраджай.
Апошняя абарона зімы: на дзяўчат напаў Пужайла з пудзілам Зімы ў руках.
Зіму спальваюць на вогнішчы, каб ужо дакладна не вярнулася!
Свістулькі зроблены ў выглядзе птушачак. Пачуўшы іхны "спеў" Лада зразумее, што ўжо і птушкі прыляцелі і абавязкова прыйдзе.
Кожны ўдзельнік свята павінен з'есці смажанае яйка, бо яйка -- гэта сімвал сонца. Без яго вясна не прыйдзе. Прычым смажацца яйкі без солі, каб жыццё салёным не было.
Яшчэ адзін традыцыйны пачастунак, які ядуць ў гэты дзень -- галёпы.
Фота Мікалая Бесарабава
Пасля танцаў ды карагодаў удзельнікі свята ідуць гушкацца на арэлях. Пажадана, каб гушкаліся адначасова хлопец і дзяўчына. Калі дзяўчына знаходзіцца на версе, трэба выкрыкнуць пажаданне. Калі ўсё правільна зрабіць, то яно абавязкова спраўдзіцца!
Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Фота Наталлі Бакуновіч (акрамя апошняга)