Выстава беларускай мастачкі і блогеркі Нікі Сандрас адбылася ў кракаўскім клубе Cisza 25 сакавіка. Арганізатарам выставы выступіла беларускае таварыства ў Кракаве.
Кракаў гэтай выставай першы распачаў акцыю салідарнасці з Беларуссю ў Дзень Волі. Вёў вечар Аляксей Шота, сябра таварыства. Прадставіўшы мастачку, ён пачаў завальваць яе пытаннямі. Мовай адказаў Ніка абрала беларускую. Вядома, многіх цікавіць папулярнасць блогу Нікі. Яна ж тлумачыць гэта так: "У маім жыцці шмат цікавых людзей, падзеяў. Мне кажуць, што ёсць людзі, якія чытаюць мой блог, замест таго каб глядзець серыялы. Людзі баяцца быць адкрытымі, я – не".
Блогерка расказала пра праблемы беларускага сучаснага мастацтва: "У Мінску немагчыма зладзіць выставу. Ёсць адна жывая галерэя – "Ў". Я не ведаю, дзе выстаўляюцца маладыя мастакі. Адкрыццё мяне як мастачкі адбылося ў ЖЖ, не было кагосьці, хто б мог мне падказаць – у мяне няма знаёмых мастакоў. Я самотная панда".
Наступным нумарам праграмы быў камерны канцэрт з папулярных песняў вядомых беларускіх музыкаў — выконвалі сябры таварыства, студэнты-беларусы.
А пасля арганізатары зладзілі чытанне лістоў. Па Кракаве былі расстаўленыя паштовыя скрыні, куды кожны ахвотны мог адпісаць пра ўсё, што ён думае пра Беларусь. Збольшага палякі лічаць сваю суседку яркай, кантрастнай і цікавай краінай, але былі і такія, што шчыра прызнаваліся ў сваёй абыякавасці да Беларусі.
Мастачка была задаволеная мерапрыемствам: "Тое, што мне спадабалася больш за ўсё, – жывыя і зацікаўленыя вочы тых, хто прыйшоў. У Мінску ўсе сябры, а тут я не ведала, чаго чакаць. Але ж рэакцыя мне спадабалася – тут людзі больш разняволеныя, больш цікаўныя".
Пра свае бачанне свету Ніка сказала так: "Я бачу ўсё, што адбываецца навокал, малюнкамі і вобразамі. Я не прыдумляю сюжэты. Ідзе па вуліцы мужчына з белым пакетам, а мне падаецца, што гэта кіт. А яшчэ я заўжды ўсё замалёўваю".
На развітанне Ніка Сандрас пажадала ўсім у гэты святочны дзень не баяцца паказаць свае пачуцці, жыць напоўніцу, бо ў нас няма часу на страх.