І сёлета, 26 сакавіка, у гонар Акту абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, сябры таварыства і госці сабраліся ў будынку Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч, каб адзначыць гэтую векапомную для беларусаў дату.
Але перад тым, як распачаць свята, патрэбна было вырашыць усе надзённыя справы таварыства, каб затым нэпасрэдна пачаць саму ўрачыстасць.
Быў праведзены справаздачна-выбарчы сход Латвійскага таварыства беларускай культуры "Сьвітанак", падчас якога былі абраны новы склад Рады таварыства і старшыня. Быў намечаны план дзейнасці таварыства на бліжэйшую будучыню, які павінны абмеркаваць сябры Рады ў хуткім часе. Новая Рада прыняла рашэнне падтрымаць Заяву беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы да сусветнага грамадства пра становішча ў Беларусі пасля 19.12.2010 г.
Пасля дзелавой часткі сходу з прывітальным словам да ўдзельнікаў свята звярнуўся старшыня Аб 'яднання мастакоў-беларусаў Балтыі "Маю гонар", кавалер Ордэна Трох Зорак Латвіі, сябра Кансультатыўнай Рады нацыянальных меншасцяў пры прэзідэнце Латвійскай Рэспублікі, адзін з заснавальнікаў таварыства "Сьвітанак" Вячка Целеш.
Ён зрабіў невялікі экскурс у гісторыю і нагадаў прысутным пра тыя падзеі, што адбываліся ў Беларусі ў перыяд са снежня 1917 г. па сакавік 1918 г., калі была абвешчаная незалежная Беларуская Народная Рэспубліка, а таксама распавёў пра тое, як гэтае свята адзначаюць беларусы свету. Былі зачытаны віншаванні ад старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі спадарыні Івонкі Сурвіллы і старшыні Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны спадара Алега Трусава.
Пасля віншавальных выступаў адбыўся канцэрт ансамбля беларускай песні "Вытокі" пад кіраўніцтвам музыкі і кампазітара Станіслава Клімава.
Для латвійскіх беларусаў сёлетняе свята адметнае яшчэ і тым, што менавіта 25 сакавіка бягучага года споўнілася 90 гадоў з дня заснавання ў Дзвінску (цяперашнім Даўгаўпілсе) першай беларускай супольнасці ў Латвіі - культурна-асветніцкага таварыства "Бацькашўчына". Менавіта "Бацькаўшчына" на пачатку дваццатага стагоддзя заклала падмурак дзейнасці беларускіх адраджэнцаў у Латвіі.Гэта дзякуючы намаганням "Бацькаўшчыны" пачалі працаваць шматлікія школы на роднай мове ў Латгаліі, адчыніліся беларускія гімназіі ў Люцыне (Лудза) і у Дзвінску (Даўгапілсе), сталі працаваць беларускія школы ў Рызе і іншых гарадах. Толькі беларускіх пачатковых школ налічвалася каля шасцідзесяці. А яшчэ быў і беларускі тэатр, і беларускае выдавецтва...
Аб традыцыях, закладзеных "Бацькаўшчынай", аб той слаўнай старонцы, якую ўпісала таварыства ў гісторыю беларусаў Латвіі, прыгадвалі ў гэты дзень "сьвітанкаўцы". І не толькі добрым словам , але і канкрэтнымі справамі яны збіраюцца адсвяткаваць юбілей "Бацькаўшчыны". Пад эгідай юбілею таварыства "Бацькаўшчына" на працягу года будзе ладзіцца шэраг мерапрыемстваў. Так у траўні мяркуецца правесці юбілейную выставу аб'яднання мастакоў-беларусаў Балтыі "Маю гонар". Гэтаму творчаму аб'яднанню сёлета споўнілася дваццаць гадоў. Абодвум юбілеям у Рызе і будзе прысвячацца выстава беларускіх мастакоў Балтыі.
Сябры ЛТБК "Сьвітанак" спадзяюцца, што значным імпульсам у дзейнасці таварыства стане абранне новай Рады і тое, што кіраўніцтва таварыства значна памаладзела - старшынёй таварыства Рада абрала маладую сябру суполкі Ірыну Кузьміч.
А завершылася святочная вечарына рамансам "Зорка Венера" ў выкананні ўсіх удзельнікаў свята. Так у "Сьвітанку" распачалі і сёлетні юбілейны год Максіма Багдановіча, які будзе адзначацца разнастайнымі мерапрыемствамі.