У Вільні адзначылі найвялікшае свята беларусаў – Дзень Волі

Таварыства беларускай культуры разам са Згуртаваннем беларускіх грамадскіх арганізацый 26 сакавіка 2010 г. у Вільні адзначыла чарговую гадавіну найвялікшага беларускага свята – Дзень Волі. Варта адзначыць, што ўжо дугі год запар 25 сакавіка гэтымі арганізацыямі адзначаецца разам.

Таварыства беларускай культуры разам са Згуртаваннем беларускіх грамадскіх арганізацый 26 сакавіка 2010 г. у Вільні адзначыла чарговую гадавіну найвялікшага беларускага свята – Дзень Волі. Варта адзначыць, што ўжо дугі год запар 25 сакавіка гэтымі арганізацыямі адзначаецца разам.

Нягледзячы на розныя погляды, на рознае разуменне Беларусі і беларускасці, ім ўдалося пераадолець разнагалоссі і разам пад бел-чырвона-белым сцягам і гербам Пагоня ўшанаваць той дзень, без якога сёняшняй Рэспублікі Беларусь не было б, відаць, не было б і саміх беларусаў. Але гісторыя ХХ стагоддзя, не зважаючы на сваю крыважэрнасць і жорсткасць, змагла даць беларусам шанс самавызначыцца, згуртавацца ў нацыю і стварыць сваю першую нацыянальную дзяржаву. І гэта было на світанні 25 сакавіка 1918 г. Сама дэкларацыя аб незалежнасці прынялася ў той момант, калі ўзыходзілася сонца, а 6 раніцы. І з узыходзячым сонцам душа тых, хто абвяшчаў незалежнасць свае Бацькаўшчыны, імкнулася ў нябесныя высі з адчуваннем свабоды і шчасця для сваёй зямлі. Скідваліся кайданы векавых паняволенняў і нараджалася на развалінах імперыі цудоўная пара новага перыяда, які распачынаў новую, і нікому яшчэ невядомую дзяржаву. Такімі былі яе пачаткі. І яшчэ, яна нарадзіліся ў той дзень, калі анёл абвесціў Дзеве Марыі, што яна зачне і народзіць Божага Сына. І відаць гэтыя даты не сталі выпадковымі. Нованароджаная Рэспубліка не змагла ўтрымацца на палітычнай мапе свету. Яна, як і Божы Сын, была зняважана, растаптана і ўкрыжавана. І зараз чакае свайго ўваскрашэння.

Імпрэзу распачаў старшыня ТБК Хведар Нюнька, які зачытаў віншаванне Прэзідэнта БНР Івонкі Сурвілы з нагоды чарговай гадавіны абвешчання БНР. У яе віншаванні, як і ў іншых прамоўцаў, прагучала тэма фальсіфікацыі апошніх выбараў у Беларусі 19 снежня 2010 г., збіцця мірных дэманстрантаў, узмацнення хвалі рэпрэсій, пасадкі ў турмы сотняў змагароў за Беларусь. Віншаванне Івонка Сурвіла скончыла словамі веры ў Беларусь і ў яе перамогу: „Краіна наша выстаіць і зойме сваё годнае месца між дзяржаваў сьвету. Я моцна ў гэта веру й заклікаю кожнага з вас далучыцца да тых новых сілаў у нашым народзе, якія супрацьстаяць варожым нам ідэалёгіям і мэнталітэту. Разам мы пераможам усе цяжкасьці на шляху да волі і дабрабыту.“

Выступаючы на святочным мерапрыемтсве прэзідэнт Згуртавання беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы Раман Вайніцкі адзначыў, што без гэтага свята, без 25 сакавіка 1918 года, не было б сёняшняй Беларусі. Сваю згоду святкаваць разам Дзень Волі патлумачыў так: „Беларусь у нас адна і дзяліць яе не мае сэнсу“. Варта тут адзначыць, што разам адзначаць свята стала магчымым толькі тады, калі Раман Вайніцкі ўзначаліў Згуртаванне. Яго былы прэзідэнт Лявон Мурашка не згаджаўся святкаваць пад бел-чырвона-белым сцягам і гербам Пагоня.

Пасля гэтага старшыня ТБК Хведар Нюнька зрабіў Раману Вайніцкаму заўвагу, што той не меў права на круглым стале, які адбыўся ў Рызе 12 сакавіка, выступаць ад імя ўсіх беларусаў Літвы. У Літве дастаткова беларускіх грамадскіх арганізацый, якія не падзяляюць думку Рамана. Нагадаю, што 12 сакавіка ў Рызе адбыўся круглы стол, дзе некалькі прадстаўнікоў ад беларускіх арганізацый краін Балтыі, Расіі, Украіны звярнуліся ў Эўразвяз з заявай, у якой выказаліся супраць увядзення эканамічных санкцый для беларускага рэжыма. І беларускія грамадскія арганізацыі, якія былі не згодныя з заявай, прынятай у Рызе, выпрацавалі свой тэкст зварота, які таксама вырашылі накіраваць у розныя інстытуцыі Літвы і Эўразвяза з надзеяй быць таксама пачутымі і паказаць, што беларусы Літвы маюць і іншы погляд. У той час, калі ў турмах сядзяць сотні палітычных вязняў, калі ў краіне праводзяцца рэпрэсіі супраць беларусаў, калі краінай кіруе толькі адзін чалавек, які лічыць сябе богам, нельга весці з ім толькі дыялог. Дыктатура разумее толькі сілу. 17 год дыктатарскага рэжыма ў Беларусі паказалі, што перамовы нічога не даюць. Нават візавыя санкцыі не прыносяць пазітыўных вынікаў: колькасць вязняў не змяншаецца, рэпрэсіі не толькі не аслабляюцца, а наадварот, нарастаюць. Рэжым у Беларусі за гэты час выпрацаваў толькі адну пазіцыю: „А Васька слухае ды есць“. Таму, калі не зменіца тактыка адносінаў да Беларусі, калі не будуць уведзеныя больш жорсткія санкцыі, то гэты ўзурпатарскі рэжым яшчэ праіснуе не адно дзесяцігоддзе.

Раман Вайніцкі спрабаваў патлумачыць сваю пазіцыю адносна сваёй адмоўнай пазіцыі да эканамічных санкцый, але нічога пераканаўчага з яго вуснаў не прагучала.

Аб падзеях 25 сакавіка 1918 года зрабіў даклад Артур Яўмен. Ён прысутным распавёў аб гісторыі стварэння БНР і тых падзеях, што папярэднічалі яе абвяшчэнню. У сваім дакладзе Артур звярнуўся да розных асобаў, якія нараджалі новую Беларусь, а таксама і да тых гістарычных момантаў, якія зрабілі магчымым у 1918 годзе ствараць новыя незалежныя наыянальныя дзяржавы. І тут варта падкрэсліць, што ў гэтых падзеях самы актыўны і непасэдны ўдзел прымалі і віленскія беларусы. І як лічаць многія даследчыкі, што калі б не настойлівасць віленскіх беларусаў, то БНР маглі б і не абвясіць. У гэтым іх заслуга.

Заканчваючы свой выступ Артур перанёсся да нашых дзён і між іншым зазначыў, што крыўдна тое, што ў сёняшняй Беларусі няма ні помнікаў заснавальнікам БНР, ні іх імёнамі не названыя вуліцы беларускіх гарадоў. І да гэтага часу яны застаюцца ворагамі і іх імёны забароненыя ў самой Беларусі. У Беларусі пануе акупацыйны антыбеларускі рэжым і самае страшнае, што гэта ўнутраная акупацыя, а не знешняя. У гэтым яе найвялікшая небяспека. Алена Базюк зрабіла даклад пра Максіма Багдановіча. У сваім дакладзе, які быў надзвычай эмацыйным і шматвектарным, Алена каснулася асноўных вехаў з жыцця і творчасці класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча, якому лёс адвёў толькі 26 год. Але нягледзячы на такі маленькі адрэзак пілігрымавання па гэтым белым свеце, змог увайсці ў лік класікаў беларускай літаратуры і стварыць некалькі шэдэўраў.

Толькi ў сэрцы трывожным пачую За краiну радзiмую жах – Ўспомню Вострую Браму сьвятую I ваякаў на грозных канях.

Ў белай пене праносяцца конi, Рвуцца, мкнуцца i цяжка хрыпяць... Старадаўняй Лiтоўскай Пагонi Не разьбiць, не спынiць, не стрымаць.

Гэтымі неўміручымі словамі і распачала Алена свой расповед пра нашага класіка. Закранулася надзвычай багатай тэматыкі ягонай творчасці. Ён у сваіх творах змог перадаць душу Беларусі, яе вобразы, прыроду, звычаі, людзей. У ягоных словах засталася Беларусь, яе гісторыя і надзея на яе вольнасць. Максім толькі год не дажыў да абвяшчэння БНР, але саму дату прадчуваў, і верыў:

Беларусь, твой народ дачакаецца Залацiстага, яснага дня. Паглядзi, як усход разгараецца Сколькi у хмарках залетных агня…

Алена Базюк адзначыла той момант, што лёс Багдановіча цесна пераплятаецца з Вільняй. Магчыма, тут і нараджалася ў яго душа беларуса-паэта. З Вільні распачаўся яго творчы шлях, бо тут у друкарні Марціна Кухты была надрукавана яго адзіная пражыццёвая кніга вершаў „Вянок“. І тады, калі адыходзіў у нябесную Беларусь, на чыстым аркушы паперы напісаў:

У краiне светлай, дзе я умiраю, У белым доме ля сiняй бухты Я не самотны, я кнiжку маю З друкарнi пана Марцiна Кухты.

Будзем верыць, што збудуцца яго мары пра вольную Беларусь і прарочымі стануць яго словы:

Вось сімвал твой, забыты краю родны! Зварушаны нарэшце дух народны, Я верую, бясплодна не засне, А ўперад рынецца, маўляў крыніца, Каторая магутна, гучна мкне, Здалеўшы з глебы на прастор прабіцца.

Студэнт ЕГУ Уладзіслаў Гурыновіч распавёў ад падзеях плошчы 19 снежня 2010 г., непасрэдным удзельнікам якой з’яўляўся, а таксама аб падзеях 25 сакавіка ў Менску, у якіх таксама удзельнічаў. Думаючы аб гэтых падзеях, разумееш, што гэты рэжым вырашыў не толькі сябе ўмацаваць, але і знішчыць саму Беларусь. Гэтая азвярэўшая ўлада палюе на ўсё беларускае. Людзі, якія размаўляюць у Менску на беларускай мове арыштоўваюцца толькі таму, што размаўляюць на гэтай мове, нацыянальныя сімвалы забароненыя і калі хтосьці з імі з’яўляецца, то гэтых людзей таксама арыштоўваюць, а сімвалы знішчаюць. Па-сутнасці, тое, што было абвешчана 25 сакавіка 1918 года стала забароненым. Для рэжыма бел-чырвона-белы сцяг і Пагоня, відаць, нясуць паразу, іначай бы так варожа ён да іх не ставіўся. А значыць і тыя ідэалы аб вольнай і незалежнай Беларусі, якяі прагучалі 25 сакавіка 1918 года для акупацыйнага рэжыма нясуць небяспеку. І гэта падцвердзілася падзеямі 25 сакавіка ў Менску, калі людзей не пускалі на плошчу, не давалі магчымасці ўскласці кветкі да помнікаў Янку Купалу і Якубу Коласу і арыштоўвалі ўсіх, хто прыйшоў такім чынам адзначыць самае вялікае беларускае свята.

Беларускі студэнт з Польшчы Аляксей Буранок, які ўзначальвае ініцыятыву „Вольная Беларусь“ распавёў аб беларускім жыцці ў Варшаве. Ён адзначыў, што само польскае грамадства салідарызуецца з Беларуссю і беларускімі праблемамі. Калі пачынаеш казаць аб гэтым, адразу знаходзіш водгук і спачуванне. У Варшаве яны ладзяць беларускія канцэрты, арганізоўваюць пікеты, разам адзначаюць шматліткія беларускія святы.

На прыканцы імпрэзы быў паказаны фільм, які перанёс нас у Вільню 1997 года, калі адзначаўся Дзень Волі. Слухаючы прамовы выступоўцаў у фільме, а там прамаўлялі: Зянон Пазняк, Станіслаў Шушкевіч, Радзім Гарэцкі, Андрус Кубілюс, Лявон Мурашка, задумваешся над тым, што прайшло з таго часу 14 год, а так нічога і не змянілася. Для нас, беларусаў, засталіся тыя самыя праблемы і надалей мы працягваем змагацца за вольную Беларусь. Сумна іншае, тое, што зрабіў рэжым за гэты час, наўрад ці можна чым-небудзь будзе апраўдаць. Яму практычна ўдалося знішчыць Беларусь і беларускасць. Людзі саромеюцца размаўляць на сваёй мове, моладзь у Беларусі не мае магчымасці нават даведацца аб гісторыі сваёй краіны, затое цудоўна ведае імёны рускіх катаў, якія нашу беларускую зямельку залівалі нашай беларускай крывёй. Успомнім Суворава, які жорстка патапіў паўстанне Касцюшкі менавіта ў крыві беларусаў, палякаў, літоўцаў. Успомнім паўстанні 1831 года, 1863-64 гадоў, калі ў чарговы раз наш край заліваўся ў крыві, калі паўсюль стаялі віселіцы, дзе каралі смерцю тых, хто быў не згодны з расійскім акупацыйным рэжымам. Успомнім 1840 і 1841 гады, калі адмянялі дзейнасці статутаў ВКЛ і забаранялі ўжываць слова БЕЛАРУСЬ, успомнім 1839 год, калі забаранілі нашу нацыянальную беларускую царкву і па варварску яе знішчылі. Па-сутнасці, як толькі нараджалася новае пакаленне, яно паўставала супраць рускага акупацыйнага рэжыма, і гэты рэжым яго выразаў пад корань, каб застрашыць з аднаго боку, з іншага, каб выразаць у народа памяць пра тое, хто яны такія. Але ўзрастала новае пакаленне, і яно зноў уздымалася супраць акупацыйнага рэжыма. І народ не скараўся, маладыя, адукаваныя, поўныя жыцця людзі ахвяроўвалі свае жыцці, каб наш край быў вольным. І іх мара збылася. Прыйшоў дзень 25 сакавіка 1918 і мы сталі свабоднымі і незалежнымі. Так прыйдзе і яшчэ адзін дзень 25 сакавіка, каб мы змаглі асягнуць і ўвасобіць у жыццё дарагія кожнаму смэрцу беларуса ідэалы Беларускай народнай рэспублікі.

І ў заканчэнні хацелася б адзначыць той момант, што далёка не ўсе беларускія арганізацыі далучыліся да святкавання Дня Волі ў Вільні. Не было Валянціна Стэха, які ўзначальвае Віленскае беларускае таварыства палітычных вязняў і ссыльных, не было Юрася Юркевіча, які ўзначальвае Таварыства беларускай мовы Віленскага краю. Варта адзначыць, што гэтыя асобы і іх арганізацыі адмовіліся падпісацца пад зваротам за прыняцце санкцый супраць рэжыма ў Беларусі. Сумна, што гэтае свята не стала нагодай для таго, каб пакінуць спрэчкі, непаразуменні і разам адзначыць самае вялікае беларускае свята. Крыўдна глядзець, як беларусы зноў раздзяляюцца, як зноў хочаць быць лаяльнымі да рэжыма ў Беларусі. Па-сутнасці, сваім маўчаннем, яны падтрымоўваюць тыя дзеянні, якія там адбываюцца, падтрымоўваюць антыбеларускі рэжым, даюць яму магчымасць да далейшага існавання. Баязлівасць, самая страшная загана, як пісаў класік.

Час ідзе. І Беларусь будзе вольнай і незалежнай. Дыктатары прыходзяць і сыходзяць, а Беларусь застаецца. І як паказала гісторыя, колькі Беларусь не знішчалі, яна знаходзіла ў сябе сілы адрадзіцца наноў. Гэта, відаць, па-за межамі чалавечых магчымасцяў. Недзе там у космасе, яна захоўваецца для будучых пакаленняў, якую немагчыма будзе проста знішчыць. А за спробы яе знішчэння яшчэ давядзецца ўсім адказаць перад тымі, што паміралі і пакутвалі за Беларусь і перад тымі, якія яшчэ народзяцца беларусамі. І прыйдзе час, яна ўваскрэсне, каб увасобіць святыя ідэалы 25 сакавіка 1918 года.

Са Святам і з верай у Беларусь, Алесь Адамковіч

Старшыня ТБК Хведар Нюнька зачытвае віншаванне Прэзідэнта БНР Івонкі Сурвілла
Раман Вайніцкі
Артур Яўмен
Алена Базюк
Улад Гурыновіч
Аляксей Буранок