Беларусы Нью-Ёрка адсвяткавалі Дзень Волі

У нядзелю, 27 сакавіка  93-я ўгодкі абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі адзначалі беларусы ў Нью-Ёрку. Сьвяточную імпрэзу ладзіў Бруклінскі аддзел Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня.

У нядзелю, 27 сакавіка  93-я ўгодкі абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі адзначалі беларусы ў Нью-Ёрку. Сьвяточную імпрэзу ладзіў Бруклінскі аддзел Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня ў грамадзкай залі пры Катэдральным Саборы Сьв. Кірылы Тураўскага на Атлянтык Авэню.

Перад  пачаткам імпрэзы ў Саборы адбылася Багаслужба і Малебен за Беларусь, за сёньняшніх змагароў за вольную і незалежную Бацькаўшчыну, хто адзначае сьвята ў вязьніцах. Прыcутныя ўрачыста зачыталі супольна малітву за Беларусь і прасьпявалі гімн “Магутны Божа”. Пры гэтым царкоўную залю па сьвяточнаму ўпрыгожвалі  ўнесеныя сьцяганосцамі амэрыканскі і наш бел-чырвона – белы сьцягі. Пасьля сьвяточнага абеду пачалася ўрачыстая акадэмія, якую адчыніў старшыня Бруклінскага аддзелу сп. Расьціслаў Гарошка, далей ён папрасіў весьці акадэмію сп. Юрася Зяньковіча. Рэферат пра падзеі сакавіка 1918 года ў Менску, дзякуючы якім паўстала незалежная Беларуская Дзяржава, прачытала сп-ня Галіна Падлеская. Пра падзеі пачатку 90-х гадоў, калі Беларусь ізноў пасьля савецкага панаваньня адрадзіла сваю дзяржаўную незалежнасьць, распавёў  сп. Зянон Пазьняк. Пра сучасную дзейнасьць Рады БНР гаварыў намесьнік старшыні Рады  БНР сп. Вячка Станкевіч. Удзельнікі імпрэзы прынялі Рэзалюцыю з асуджэньнем сучаснай палітыкі беларускага рэжыму і ў падтрымку палітычных вязьняў. Былі зачытаныя віншаваньні  ад старшыні Рады БНР сп-ні Івонкі Сурвіллы, ад Уладыкі Сьвятаслава, ад іншых  беларускіх суполак і асабістыя віншаваньні. Асаблівы сьвяточны настрой стваралі прыгожа ўбраная заля ў бел-чырвона-белых колерах, выстава, партрэты прэзыдэнтаў Рады БНР на сьценах. Быў арганізаваны продаж беларускіх кнігаў. Кожны мог прагледзець і пачытаць сьвежы сакавіцкі нумар газэты “Беларус”, якая была надрукавана ў каляровым аздабленьні менавіта да 25 Сакавіка. Мастацкая частка Сьвята была падабраная з добрым густам. Чыталіся вершы Янкі Купалы, Рыгора Барадуліна. Малодшыя ўдзельнікі сьвята - дзеці, якія нарадзіліся і выраслі ў Амэрыцы ў беларускіх сем’ях, надавалі залі асаблівы аптымістычны настрой, калі з імпэтам сьпявалі і чыталі вершы на добрай беларускай мове. Быў паказаны фрагмэнт відэазапісу сьвяткаваньня 75-х угодкаў БНР ў сакавіку 1993 году ў Менскай філярмоніі. Гэта  пакуль адзіны выпадак, калі ў Беларусі ўпершыню з дзяржаўнаю падтрымкаю адзначалася 25 Сакавіка, калі ўпершыню у сьвяце змог узяць ўдзел дзейсны на той час прэзыдэнт Рады БНР Язэп Сажыч. З экрана прысутныя слухалі па-майстэрску і з вялікай эмацыянальнай сілаю прадэклямаваны Данчыкам твор Сяргея Палуяна “Хрыстос Уваскрос!”, які  гучыць актуальна і да сёньняшняга часу. Узрушаныя слухачы ўжо з цяжкасьцю хавалі сьлёзы, калі з экрана гучала “Малітва за Беларусь” у сольным выкананаьні Уладзіміра Мулявіна.

З вялікім натхненьнем і самі ўдзельнікі сьвята прасьпявалі на ягонае завяршэньне наш неўміручы гімн “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”.

Ганна Сурмач Нью-Ёрк