26 сакавіка беларусы Бельгіі, Францыі і Нямеччыны сабраліся разам, каб адзначыць Свята абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
Святкаванне пачалося ў Беларускай Грэка-Каталіцкай царкве Антверпена (Бельгія). Айцец Ян Майсейчык адслужыў Малебен за Беларускі народ, а ў святочным казанні нагадаў усім пра важнасць захавання сваёй беларускай ідэнтычнасці і неабходнасць цвёрдага трывання на падмурку ідэалаў высакароднасці і самаадданасці. Сённяшні дзень, зазначыў святар, вымагае ад беларусаў не пасиўнага выказвання симпатый да Беларушчыны, але руплівага адстойвання яе правоў па ўсіх накірунках, што выразна занатавана светлай паэткай-пакутніцай Ларысай Геніюш:
Сёньня на пласе родная мова. Вырваць жывую належыць з вагню. Слова «кахаю» – слабае слова. Мужнае слова – «абараню»!
Потым удзельнікі святкавання накиравалися на могілкі, дзе пахаваны радны БНР светлай памяці спадар Янка Жучка, які спачыў у снежні мінулага года. Там адбылася сустрэча з ягонымі роднымі і адпраўлена паніхіда за супакой ягонай душы і душаў усіх спачылых беларускіх дзеячаў.
Сябра Рады БНР Зміцер Піменаў усклаў на магілу Янкі Жучкі “Пагоню”, ўпрыгожаную белымі і чырвонымі кветкамі, і зачытаў віншаванне старшыні Рады Івонкі Сурвіллы, а прадстаўнік Беларуска-Еўрапейскага Задзіночання ў Францыі Павал Хівук прадэкламаваў верш Наталлі Арсенневай, прысвечаны Святу 25 Сакавіка. У святочнай прамове сп. Піменаў распавёў пра жыццё Янкі Жучкі, а таксама зазначыў, што Свята Абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі – гэта свята для тых беларусаў, хто на справе, а не толькі на словах, вызнае ідэалы 25 Сакавіка.
Ад 12 гадзіны ў цэнтры Бруселя распачаўся святочны пікет, падчас якога актывісты Беларуска-Еўрапейскага Задзіночання распаўсюджвалі ўлёткі з інфармацыяй аб Беларускім Свяце і балонікі з надпісам “BELARUS”.
Скончылася святкаванне праглядам дакументальнага фільма пра эміграцыйнае жыццё беларускага патрыёта Янкі Жучкі і яго сяброў-беларусаў і святочным сталаваннем.