Вольга Іпатава
На дзень Волі
Пад Грунвальдам “ВОЛЯ!” прагрукаталі.
І слуцкіх паўстанцаў у сэрцы у кожным.
26 красавіка 2011 г. Таронта
26 сакавіка 2011 г. у Таронта адбылося святкаванне Дня Волі, арганізаванае Згуртаваннем беларусаў Канады. Не толькі таронтаўскія беларусы, але і жыхары навакольных гарадоў сабраліся на плошчы Нэйтан Філіпс каля будынка Гарадской управы (City Hall), каб адзначыць угодкі ўтварэння БНР і падтрымаць змагароў з дыктатурай на Бацькаўшчыне.
Арганізатары мітынга падрыхтавалі вялікія стэнды з фотаздымкамі, якія адлюстроўваюць цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі, з партрэтамі палітвязняў, што знаходзяцца пад арыштам пасля падзей 19 снежня, а таксама лозунгі супраць злачынстваў дыктатарскага рэжыму. Мноства бел-чырвона-белых сцягоў надалі плошчы ўрачысты і святочны выгляд.
Мітынг распачаўся гукамі дуды -- старадаўнія беларускія мелодыі прагучалі ў выкананні Хведара Апейкі.
Вядучы мітынга Зміцер Эльяшэвіч зачытаў вітальнае слова Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы.
Старшыня ЗБК Валянціна Шаўчэнка ўзгадала гісторыю станаўлення БНР і расказала аб тым, як на працягу гадоў святкаванне 25 сакавіка паступова стала днём пратэсту супраць рэпрэсіўнай улады, Днём Волі – днём вызвалення.
Яна адзначыла, што і сёння нашая краіна знаходзіцца ў палоне дыктатарскага рэжыму, які спыніў дэмакратычныя працэсы і трымаецца на жорсткім падаўленні свабоды, таму беларусы ўсяго свету мусяць праводзіць палітычныя акцыі ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі.
Вядомая беларуская пісьменніца Вольга Іпатава, якая гасцюе зараз у Канадзе, у сваем выступе падкрэсліла, што і пасёння беларуская мова пачувае сябе падчаркай у роднай хаце і што так званыя “чорныя спісы” аб забароне друкавацца і выступаць з канцэртамі творчым людзям Беларусі, якія выступілі супраць рэпрэсій, ужо дзейнічаюць. На заканчэнне свайго выступлення яна прачытала верш, напісаны спецыяльна да Дня Волі.
Верш аднаго з кандыдатаў у прэззідэнты, паэта Уладзіміра Някляева, які знаходзіццца цяпер пад хатнім арыштам і падвяргаецца псіхалагічнаму і фізічнаму ўціску, прачытала Алена Лявончанка.
З асуджэннем рэпрэсій і заклікам усебакова спрыяць дэмакратычным пераменам у Беларусі выступілі прафесар універсітэта Ватэрлоо Зінаіда Гімпелевіч і Алесь Кот.
Удзел у мітынгу ўзялі таксама міністар грамадзянства і эміграцыі Канады Джэйсан Кені і дырэктар па сувязях з грамадскасцю Канадскага камітэту за дэмакратычную Беларусь Майкл Лускінд. Яны падкрэслілі, што канадскі ўрад уважліва сочыць за падзеямі ў Беларусі і падтрымлівае імкненне да дэмакратычных пераменаў у гэтай краіне.
У рэзалюцыі мітынга прагучалі патрабаванні неадкладна вызваліць усіх палітвязняў, перапыніць усе крымінальныя справы супраць удзельнікаў мірнага шэсця 19 снежня, спыніць пераслед творчай інтэлігенцыі, нязгоднай з рэжымам, правесці справядлівыя і сумленныя выбары без удзелу Лукашэнкі, а таксама спыніць генацыд беларускай мовы і надаць ёй не папяровы, а рэальны статус дзяржаўнай.
На мітынгу ў Таронта праводзілася акцыя "Напішы ліст палітвязню", якую актыўна падтрымалі прысутныя. Людзі дасылалі беларускім змагарам з дыктытурай радкі з вершаў беларускіх паэтаў і свае словы падтрымкі.
Выступленне спеўнага гурту “Яваровы людзі” пад кіраўніцтвам Віялеты Кавалёвай і гімн “Магутны Божа”, які падхапілі ўсе прысутныя, сталі прыгожым і натхнёным завяршэннем Дня Волі ў Канадзе.
Выступае Алесь Кот
Вольга Іпатава
Выступае прафесар Зінаіда Гімпелевіч
Выступае Джэйсан Кені, міністр грамадзянства і эміграцыі
Гурт "Яваровы людзі"
Болей фота са святкавання глядзіце тут.
Юры Трубец