Івонка Сурвілла. БНР. Зарука будучыні

Для хвалі беларускай эміграцыі, да якой я належу, дзень 25 Сакавіка быў заўсёды найвялікшым беларускім святам, які абавязкова адзначаўся ўва ўсіх беларускіх асяродках у свеце.

Івонка Сурвіла

Для хвалі беларускай эміграцыі, да якой я належу, дзень 25 Сакавіка быў заўсёды найвялікшым беларускім святам, які абавязкова адзначаўся ўва ўсіх беларускіх асяродках у свеце.

Гаворачы нядаўна з маімі атаўскімі сябрамі, — якія шмат пазней выехалі з Беларусі, — я здала сабе справу, што пра значэнне Дня Волі — як мы цяпер называем гэтае свята — у Беларусі дасюль людзі мала ведаюць. Да 80-х гадоў яго Масква старалася сцерці з памяці нашага народу, а цяпер мы звычайна болей гаворым у гэты Дзень пра будучыню, як пра мінулае. Будучыні я прысвяціла мой Сакавіковы Зварот і ў гэтым годзе. Аднак канчаю яго словамі: "Ведайма, што зарука будучыні ў памятанні мінуўшчыны". З нагоды 60-х угодкаў Абвяшчэння Незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, у 78-м годзе, мой муж Янка прысвяціў свой даклад між іншым тэме значэння і велічы падзей, якія адбыліся ў Менску 25 Сакавіка 1918 года. Хачу падзяліцца з Вамі гэтай часткай дакладу. "...Каб лепш зразумець незвычайную веліч і значэнне гэтай падзеі, мы павінны пабачыць яе на фоне гістарычнага працэсу, які яе папярэдзіў... Гісторыя нас вучыць, што ўсе народы, у розныя часы, перажывалі перыяды росту, росквіту, дабрабыту; перыяды заняпаду, галечы, няволі. Наш народ не быў ніякім выняткам; яго таксама спатыкаў розны лёс на жыццёвым шляху. Беларускі народ увайшоў у гісторыю, як народ дзяржаўны. З уласнымі дзяржаўнымі традыцыямі, з уласным духоўным скарбам і на працягу вякоў развіваў, удасканальваў і гераічна абараняў гэтыя свае нацыянальныя вартасці. Спачатку былі гэта удзельныя княствы феадальнае эпохі, якія упісалі прыгожыя бачыны ў гісторыю нашага народу, а пазней слаўнае, магутнае Вялікае Княства Літоўскае, у перыяд якога беларуская мова, пісьменства, беларускае права — заканадаўства, — беларуская культура асягнулі высокага узроўню дасканаласці, а развой палітычнай думкі дазволіў стварыць моцны і складаны дзяржаўны арганізм, слова якога мела незвычайную вагу ў палітычным жыцці тагачаснае Усходняе Еўропы. Але пасля гэтага перыяду росту, росквіту, славы і магутнасці наступаюць цяжкія часы. Зняможаны ў безустанных абарончых войнах, пакінуты кіруючым элементам, які ў тыя часы быў носьбітам нацыянальнай суверэннасці, беларускі народ апынуўся ў поўным палітычным зняволенні ва ўмовах жахлівага сацыяльнага прыгнечання; ён апынуўся на дне поўнага заняпаду. У 1793 годзе амаль уся тэрыторыя Беларусі была ўлучаная ў склад Расійскай Імперыі. І кожны з нас добра ведае, што гэта азначае. Пачаліся вывазы адукаваных людзей, спецыялістаў. Пачалася ліквідацыя навуковых і культурных установаў, а пазней і школьніцтва наагул. У 1839 годзе разганяецца Беларуская Нацыянальная Царква ды забараняецца ў святынях беларуская мова. У 1867 годзе забараняецца друк у беларускай мове. Праводзіцца гвалтоўная русіфікацыя ды задушванне ўсялякіх праяваў беларускага нацыянальнага жыцця. Наступіла цёмная, глухая ноч у жыцці беларускага народу. Ён страціў усялякае аблічча нацыі, уключна з нацыянальным назовам — апынуўся на скраі нацыянальнай смерці. Купала гэтак пісаў пра тыя часы: Спаў народ і ты спала і ворагі верылі — І дзялілі цябе, усімі мерамі мералі, — Што памерла ўжо ты — не адзін так казаў чалавек, — Што нішто не разбудзіць цябе, што заснула навек. Але гэта не была смерць. У падсвядомасці тлела яшчэ, перамагаючы ўдушлівую атмасферу цяжкое расейскае няволі, нацыянальная іскра і чакала ажыўляючага подыху, каб разгарэцца ў магутнае полымя нацыянальнага адраджэння. Працэс нацыянальнага адраджэння пачынаўся і развіваўся ў незвычайна цяжкіх умовах. Асабліва неспрыяльным момантам было тое, што народ быў забыўся пра сваю ўласную мінуўшчыну, ды што была перарваная нітка дзяржаўных традыцыяў, гэтай жыватворчай крыніцы нацыянальных сілаў кожнага народу. У 1863 годзе першы падымаў народ да змагання "за сваё чалавечае і народнае права" Кастусь Каліноўскі. Ён жа выдае першую беларускую нелегальную газету "Мужыцкая Праўда". За ім, і бачачы пагрозу нацыянальнае смерці, Францішак Багушэвіч кідае магутны нацыянальны кліч: "Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі", кліч актуальны і сяння. Паўстае рух беларускіх нарадавольцаў. Пачынае выходзіць нелегальны часапіс "Гоман". У пачатку дваццатага стагоддзя паўстае ўжо першая беларуская палітычная партыя, "Беларуская Рэвалюцыйная Грамада", пазней названая "Беларускай Сацыялістычнай Грамадой". У 1906 годзе, пачынае выходзіць першая беларуская легальная газета, "Наша Доля". Была яна кароткатрывалая, але ейнае месца адразу ж займае газета "Наша Ніва" — слаўная "Наша Ніва", імем якое названы цэлы перыяд нашага нацыянальнага адраджэння "Нашаніўская пара". Каля "Нашае Нівы" гуртуюцца тагачасныя беларускія паэты і пісьменнікі з Янкам Купалам на чале, ды ў ёй друкуюць свае творы ўсёцэла скіраваныя на нацыянальнае адраджэнне. "Наша Ніва" збірае і творыць беларускія нацыянальныя кадры ды ажыўляе іхнюю дзейнасць сярод народных гушчаў. Яна становіцца ідэалагічнай правадыркай нашага нацыянальнага адраджэння, кузняй беларускай нацыянальнай думкі. Цяпер мы ўжо наглядаем не спарадычныя заклікі да самазахавання, да ратунку ад нацыянальнай смерці, а наважанае змаганне за людскую і народную годнасць. Нацыянальна-адраджэнскі працэс разгараецца магутным полымем і хутка крочыць наперад, каб зараз жа пераліцца ў беларускі нацыянальна-вызвольны рух. Янка Купала піша ў гэтым часе свой слаўны верш "А хто там ідзе", у якім гэтак добра адлюстроўвае гэтую пару беларускага нацыянальнага адраджэння. … Першая сусветная вайна стварае ўмовы, якія стымулююць ажыўленне беларускага нацыянальнага руху. Паўстаюць першыя беларускія нацыянальныя арганізацыі: Беларускі Нацыянальны Камітэт, Канфедэрацыя Вялікага Княства Літоўскага, Сувяз Незалежнасці і Непадзельнасці Беларусі. Газета "Гоман" прадаўжае традыцыі "Нашае Нівы". Беларусы выходзяць на міжнародную арэну і прымаюць удзел у міжнародных канферэнцыях. Рэвалюцыйныя падзеі 1917 года адчыняюць яшчэ шырэйшыя магчымасці. У Менску пачынае выходзіць газета "Вольная Беларусь". Узнаўляе сваю дзейнасць Беларуская Сацыялістычная Грамада. Паўстае Беларуская Партыя Народных Сацыялістаў, Беларуская Народная Грамада, Хрысціянская Дэмакратычная Лучнасць. Пачынаюць паўставаць першыя беларускія вайсковыя арганізацыі. У сакавіку 1917 года склікаецца ў Менску спалучаны з'езд беларускіх арганізацыяў і Беларускае Сацыялістычнае Грамады: паўстае агульнанацыянальны орган — Беларускі Нацыянальны Камітэт. У ліпені таго ж года, з'езд беларускіх нацыянальных арганізацыяў і партыяў ператварае Беларускі Нацыянальны Камітэт у Цэнтральную Раду Беларускіх Арганізацыяў і Партыяў. Нацыянальныя з'езды беларускіх вайскоўцаў прыводзяць да стварэння Цэнтральнае Беларускае Вайсковае Рады. Гэтая Рада ў кастрычніку 1917 года зліваецца з Цэнтральнай Радай Беларускіх Арганізацыяў і Партыяў і ў выніку паўстае Вялікая Беларуская Рада, якая, беручы на ўвагу дынамічны развой беларускага нацыянальнага руху ды ўзровень яго палітычнае спеласці з аднаго боку, а з другога агульнае палажэнне як міжнароднае, так і ўнутры Расійскае Імперыі, прыступае да склікання Усебеларускага Кангрэсу. Першы Усебеларускі Кангрэс адбыўся ў снежні 1917 года. "Ніводная нацыя былое Расейскае Імперыі, — піша Пётра Крачэўскі, — не мела такога рэпрэзентацыйнага ўва ўсіх дачыненнях, сапраўды агульнанароднага сходу, выражальніка народнае волі да адбудовы свайго гаспадарства". Кангрэс праняў пастанову аб устанаўленні ў Беларусі рэспубліканска-дэмакратычнага ладу ў форме Беларускай Народнай Рэспублікі. Нягледзячы на гвалтоўную рэакцыю на гэтую пастанову з боку бальшавікоў, ён выбраў Раду і перадаў ёй свае паўнамоцтвы да часу магчымых вольных выбараў. Рада ж Кангрэсу паклікала із сябе Выканаўчы Камітэт, які і павёў дзейнасць, скіраваную на рэалізацыю пастановаў Кангрэсу. Дзейнасць гэтая была энергічная ў сваім развоі і наважаная ў сваёй скіраванасці. Першы акт Выканаўчага Камітэту — пераняцце ўлады ў краіне. "Выканаўчы Камітэт Рады Усебеларускага З'езду, ... здзяйсняючы мэты З'езду, абвяшчае сябе часовай уладай на Беларусі", — кажацца ў Першай Устаўной Грамаце, выданай 21 лютага 1918 года. Неўзабаве творыцца першы беларускі ўрад. Другі дзяржаўна-палітычны акт — абвешчанне асноваў канстытуцыі Беларускай Народнай Рэспублікі — дакананы ў форме Другой Устаўной Граматы, 9 сакавіка таго ж года. Кансеквентна, Выканаўчы Камітэт Рады Першага Усебеларускага З'езду абвяшчаецца Радай Беларускай Народнай Рэспублікі. І непаўстрымны працэс крышталізацыі Беларускае нацыянальна-палітычнае думкі, натуральнае імкненне душы беларуса (я тут сказала "нашага народу") да паўніні людскога і нацыянальнага жыцця прыводзяць да кульмінацыйнага моманту беларускага нацыянальна-вызвольнага руху, да акту 25 сакавіка 1918 года: "Цяпер мы, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, скідаем з роднага краю апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасці... Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнай і вольнай дзяржавай". Беларускі народ, пасля векавое няволі, аднавіў сваю дзяржаўнасць, вярнуў сабе сваю нацыянальную годнасць, асягнуў сваю мэту быць вольным, незалежным, суверэнным. Асягнення гэтага, на жаль, замацаваць не ўдалося. Беларусь апынулася паноўна ў фізічнай няволі. ...Беларусь была парэзаная, падзеленая між суседзямі. Усходні панявольнік не мог ігнараваць беларускі нацыянальна-вызвольны рух. На месца знішчанае ім адноўленае беларускае дзяржаўнасці ён быў вымушаны стварыць свой твор, Беларускую Сацыялістычную Савецкую Рэспубліку, безумоўна поўнасцю ад яго залежную. Але памятайма, каб не было Акту 25 сакавіка, каб не было БНР, не было б і БССР, і сёння Беларусь не была б сябрам Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў..." Гэта быў даклад, прачытаны ў 1978 годзе. Цяпер мы смела можам дадаць, што не было б і другога абвешчання незалежнасці Беларусі ўжо ў нашыя часы.

naviny.by