“Пралеска” - “подснежник”, “сябры” – “друзья”, “арэлi” – “качели”… Так перабіваючы адзін аднаго, перакладалі з беларускай на рускую мову вучні школы № 60 г. Цюмень. А сабраліся яны ў Цюменскай абласной дзіцячай навуковай бібліятэцы ім. К. Лагунова, дзе ў рамках тыдня дзіцяча-юнацкай кнігі 2011 года “Юбілей пісьменніка - свята для чытача” праводзілі тэматычны занятак супрацоўнікі аддзела беларускай культуры Дома нацыянальных культур "Будаўнік" і сябры Нацыянальна-культурнага таварыства “Аўтаномія Беларусь”.
Дзеці пазнаёміліся з біяграфіяй і творчасцю беларускага пісьменніка Кандрата Крапівы, 115-гадовы юбілей з дня нараджэння якога, адзначаецца ў сакавіку. Гучалі байкі, вершы і, вядома ж, беларускія песні.
Затым быў арганізаваны паказ фільма “Гуканне вясны”. І пасыпаліся пасля прагляду пытанні: “Хто пячэ з цеста галёпы?”, “Навошта папяровых птушак на дрэвы развешваюць?”, “Чаму абавязкова трэба пагушкацца на арэлях?”. Ні адно з пытанняў не засталося без увагі арганізатараў, якія адказвалі на ўсе “навошта?” І “чаму?”. І гэта - выдатна, што сучасных дзяцей можа зацікавіць не толькі кампутар, але і традыцыйныя абрады! Такая перадача “народнай памяці”, звычаяў, традыцый, знаёмства з гісторыяй, далучэнне дзяцей да сапраўдных культурных каштоўнасцяў - магутны выхаваўчы сродак. Нашай мэтай было - зацікавіць дзяцей гісторыяй сваёй сям'і, навучыць іх шанаваць дасягненні таго ланцугу пакаленняў, які быў перад намі, і адчуваць сябе звяном гэтага ланцугу.
Варта адзначыць, што ўсе праграмы і праекты, распрацаваныя ў аддзеле беларускай культуры, маюць станоўчыя водгукі не толькі сярод гледачоў і ўдзельнікаў, яны таксама атрымліваюць высокую ацэнку, адміністрацыі ДК "Будаўнік", і камітэта па справах нацыянальнасцяў Цюменскай вобласці. У аддзеле праходзяць практыку студэнты Акадэміі культуры мастацтваў і сацыяльных тэхналогій г.Цюмень, якія таксама актыўна прымалі ўдзел у арганізацыі гэтай сустрэчы.
На працягу двух тыдняў, будзе працягваць сваю працы выстава кніг на беларускай мове для дзяцей і падлеткаў, дзе ўсе жадаючыя змогуць адкрыць для сябе Беларусь.
У канцы сакавіка ў Цюмені адбудзецца 11 абласны фестываль дзіцячай нацыянальнай самадзейнай творчасці “Вясёлка”. Тады ў слоўніку дзяцей, з'явіцца яшчэ адно беларускае слова – “вясёлка”.