Беларусы Грузіі ўпершыню аб’ядналіся ў 2010 годзе, стварыўшы Міжнародную грамадскую гуманітарна-дабрачынную арганізацыю "Саюз беларусаў Грузіі “Беларускiя сябры”. Некалькі тыдняў таму наведаць бацькоў у Беларусь прыехала намесніца старшыні Саюза беларусаў Грузіі Лідзія Шацірышвілі-Лярская. Мы скарысталіся гэтай нагодай і папрасілі спадарыню Лідзію распавесці падрабязней пра дзейнасць беларускай суполкі ў Грузіі.
- Спадарныя Лідзія, раскажыце, калі ласка, як узнікла ідэя стварэння беларускай суполкі ў Грузіі.
- Не сакрэт, што зараз такая сітуацыя склалася, што нашы краіны не сябруюць. Але народ там добразычлівы, з грузінамі лёгка кантактаваць. І таму наша задача, каб на ўзроўні простага народа прабудзіць цікавасць да культуры, мастацтва, і каб нашы народы лепей разумелі адзін аднаго, каб яны не былі чужымі. У савецкі час людзі падтрымлівалі нейкія кантакты, ездзілі, канцэрты нейкія давалі. А зараз гэтага няма, сувязі паміж краінамі разарваліся. А мы хочам, каб на ўзроўні народаў было нейкае разуменне адзін аднаго. Калі параўноўваць з іншымі каўказскімі народымі, то грузіны бліжэй нам па менталітэту. У іх высокая культура і зараз, нягледзячы на беднасць. Хочацца, каб ў Беларусі ведалі грузінскае мастацтва, а там – нашае. Мы бачым, што ім гэта цікава.
- Ці шмат у вас сябраў у суполцы?
- Мы зараз іх шукаем. Мы спецыяльна праводзім мерапрыемствы, даём абвесткі, каб людзі пра нас даведваліся. Пакуль што ў нас зарэгістравана 100 з нечым чалавек. Гэта людзі, якія маюць карані беларускія, у асноўным са змешаных сямей. Вось наш старшыня Аляксандр Жыляеў, у яго таксама бацька – беларус, а маці – данская казачка. Па менталітэту ён тыповы беларус: спакойны, досыць даверлівы, мяккі чалавек, з ім лёгка кантактаваць.
- Суполка была зарэгістраваная летам 2010 года?
- Так, але нам прыйшлося перарэгістравацца, бо спачатку ў праўленні было толькі два беларуса – наш старшыня і я. І праўленне пачало збірацца асобна, без старшыні. Узнікла пагроза яго пераабрання і на маё месца таксама павінна была прысці армянка. Тады мы вырашылі стварыць асобна беларускае таварыства, дзе будуць менавіта этнічныя беларусы, каб праводзіць тэматычныя вечарыны беларускія, канцэрты, прапагандаваць культуру Беларусі, адзначаць беларускія святы.
- Раскажыце, калі ласка, пра сябе
- Я адной нагой тут, адной там. У мяне два грамадзянства. Палавіна сям’і ў Беларусі, палавіна ў Грузіі. Тут бацькі жывуць. Яны ўжо сталага веку. Мой бацька, дарэчы, вядомы чалавек – Лярскі Пётр Аляксеевіч. Ён географ. У яго больш за 60 публікацый ў інтэрнеце, ён быў аўтарам школьнага падручніка па прыродазнаўству за 4-5 клас. Я сама скончыла БДУ, факультэт біялогіі. Дзеці мае таксама ў Беларусі скончылі школу. Старэйшая дачка атрымала вышэйшую адукацыю ў Тбілісі, а малодшая зараз навучаецца ў ЕГУ.
- А як сям’я ставіцца да Вашай працы ў беларускай суполцы?
- Муж вельмі адмоўна, ён лічыць, што жанчына павінна сядзець дома, нікуды не ездзіць і не хадзіць. А старэйшая дачка сама ў нашай суполцы і абяцала садзейнічанне, як толькі будзе мець нейкі час. Яна ведае беларускую мову, можа і верш прачыць. Збіраемся нядзельную школу беларускую адкрываць. Я падрыхтую настаўнікаў.
- Ці ёсць ужо жадаючыя вучыцца ў школе?
- Ёсць жадаючыя і для школы, і жадаючыя прымаць удзел у нашых мерапрыемствах. Там любяць выступаць. Цікавасць ёсць. Увогуле зараз жа Расія закрыла мяжу і лятаюць праз Мінск усе. Таму зараз многія ўжо ведаюць пра Беларусь, добрыя водгукі даюць, што чыста і прыгожа ў Беларусі. Гэта падымае імідж і іабуджае цікавасць. У Грузіі захавалася свая мова, і грузіны заўжды мяне папракалі, што ў нас няма мовы. І вось я хачу паказаць, што ёсць у нас мова.
- Самі плануеце выкладаць у школе?
- Я не ведаю, як атрымаецца. Я магу выкладаць або падрыхтаваць выкладчыка. Да прыкладу жонка нашага старшыні – армянка, але яна выкладчыца рускай мовы , і я думаю, што яе можна падрыхтаваць. Галоўнае, каб было жаданне. Ад на з заснавальніц нашай суполкі скончыла Педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка ў Мінску, гістарычны факультэт, яна можа частку часу расказваць пра гісторыю Беларусі. У нас не будзе адзнак і нейкай строгай сістэмы як у школе. Заняткі будуць праходзіць у вольнай форме, каб людзяям цікава было і яны прыходзілі з задавальненнем. У Грузіі людзі любяць такое. Працы няма і людзі вельмі любяць збірацца разам, камунікаваць.
- То бок Вы разлічваеце, што не толькі беларусы будуць наведваць заняткі?
- Так, канешне. Вось зараз дадзім абвестку ў газету, каб людзі ведалі пра школу.
- Ці ёсць у Вас ужо нейкае памяшканне, каб праводзіць заняткі?
- Мы думаем, што можна будзе знайсці. Да прыкладу, у нейкай школе маглі б нам выдзеліць памяшканне на палтары гадзіны ў суботу ці ў нядзелю.
- Ці ёсць памяшканне, дзе вы можаце збірацца?
- Не. Няма. Мы збіраемся ў кавярні, бяром мінеральную ваду, бо грошай няма, або дома ў сябра нашай суполкі Алены Сідаровіч. А для таго каб мерапрыемствы праводзіць памяшканне ёсць. У нас ёсць Каўказскі дом у Тбілісі, і туды нас бясплатна пускаюць. Там зала прыкладна на 50 месцаў. Туды можна запрашаць і проста людзей і таксама нейкіх службовых асобаў, каб яны паглядзелі, як мы працуем і аказалі нам дапамогу, садзеянне. Зараз ў Беларусі ад міністэрства культуры нас запрашалі ўзяць удзел у Фестывалі беларусаў замежжа. Яны бяруць на забеспячэнне, але ж яшчэ даехаць трэба, білеты вельмі дарагія. І гэта вялікая праблема. Там народ вельмі бедна жыве, працы няма, многія з’язджаюць у пошуках працы.
- Пры суполцы ёсць нейкі мастацкі калектыў?
- Ёсць харавы калектыў, у ім 6-8 чалавек. Яны раней былі ва украінскай суполцы. У многіх з іх ёсць музычная адукацыя. Яны могуць развучыць песні і добра праспяваць. Толькі з імі працаваць трэба. Галоўнае, яны хочуць выступаць. Калі ім знайсці касцюмы, папрацаваць з імі як след, то нешта атрымаецца. Некалькі песень мы ўжо развучылі.
- Якія мерапрыемствы збіраецеся праводзіць бліжэйшым часам?
- Збіраемся музычныя, паэтычныя вечарыны праводзіць. Я ўжо праводзіла вечар беларускай паэзіі ў нашым рускамоўным таварыстве, бо тады яшчэ не было беларускай суполкі. Пераклала некаторыя вершы беларускіх паэтаў на беларускую мову, нават Багдановіча верш пераклала, але там быў лёгкі верш. Падрадоўнік лёгка клаўся на рыфму. Я распавядала крыху пра Беларусь, пра гісторыю Беларусі і прачытала гэтыя вершы па-беларуску, а пасля пераклад на рускую мову. Потым чытала вершы і без перакладу, і людзі ўсё разумелі.
- Ці збіраецеся Вы праводзіць традыцыйныя беларускія святы кшталту Гукання вясны, Купалля?
- Гэта пакуль складана на нашым этапе, але вельмі цікава. Я думаю, можа нават, з нейкай іншай суполкай скааперавацца. Да прыкладу, у літоўцаў таксама Купалле святкуецца, Ліга ў іх гэтае свята называецца. Можна было б разам штосьці правесці. Але пакуль гэта складана, бо гэта ўжо трэба антураж спецыяльны ствараць., касцюмы трэба, сцэнар адмысловы. Гэта цікава. Але пакуль гэта ў перспектыве. Пакуль нам трэба стаць на ногі, як гаворыцца, заявіць пра сябе.