У выдавецтве “Лімарыус” выйшла кніга Аляксандра Стагановіча “Успаміны пасла”. Акрамя ўласна ўспамінаў Аляксандра Стагановіча, які ў 1928 годзе быў абраны беларускім паслом у польскім Сейме, кніга змяшчае і ягоныя артыкулы мемуарнага характару, прысвечаныя падзеям у Заходняй Беларусі ў міжваенны перыяд.
Кніга “Успаміны пасла” адкрывае новую серыю “Беларуская мемуарная бібліятэка”. Тут будуць друкавацца ўспаміны, дзённікі, эпісталярыі, пакінутыя беларусамі або выхадцамі з Беларускіх земляў пра падзеі, што адбываліся ў Беларусі, у блізкім і далёкім замежжы цягам апошніх стагоддзяў.
Як адзначае ў прадмове гісторык Алесь Пашкевіч, да апошняга часу ў Беларусі фактычна не было звестак пра асобу Аляксандра Сагановіча. Прозвішча ягонае згадвалася хіба што пры пераліку паслоў, якія ў 1928 годзе прайшлі ў Польскі сейм са спіса Беларускага сялянска-работніцкага камітэта “Змаганне”.
Абавязкі беларускага пасла ў польскім сейме Аляксандр Стагановіч выконваў толькі год. Адмовіўшыся ад пасольскага мандату, ён страціў пасольскую недатыкальнасць, быў арыштаваны і асуджаны на 6 гадоў няволі. Аднак той год, калі Стагановіч выконваў абавязкі пасла, быў для яго шмат ў чым лёсавызначальным. Менавіта таму і мемуары ягоныя называюцца “Успаміны пасла”, хаця яны і ахопліваюць большы перыяд.
Пасля Другой сусветнай вайны Аляксандр Стагановіч апынуўся на эміграцыі, там ён актыўна займаўся беларускай дзейнасцю. Памёр ва ўзросце 98 гадоў, і ўвайшоў у гісторыю, як піша Алесь Пашкевіч, “не толькі тым, што пражыў даўжэй за ўсіх колішніх беларускіх нацыянальных прадстаўнікоў у міжваенным польскім парламенце ў абсалютным вымярэнні, але і тым, што ўсіх гэтых прадстаўнікоў перажыў фізічна”.
Змешчаныя ў кнізе ўспаміны і артыкулы Аляксандра Стагановіча з’яўляюцца каштоўнай крыніцай інфармацыі па палітычнай гісторыі Беларусі і будуць цікавымі як гісторыкам, так і проста аматарам беларускага чытва.
***
Успаміны пасла / Аляксандр Стагановіч; прадм. А.В. Пашкевіча; камент. А.В. Пашкевіча, А.Э. Грардзіенкі. — Мінск: Лімарыус, 2011. — 270 с.: іл. — (Беларуская мемуарная бібіліятэка)
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”