Беларусы замежжа: свае і чужыя

“Кіраўнік арганізацыі, якая аб’ядноўвае беларускія грамадскія структуры Літвы, Раман Вайніцкі сцвярджае, што беларусы Літвы выступаюць супраць увядзення эканамічных санкцый у адносінах да Беларусі, але за працяг дыялогу з суседняй краінай.

Дзеянні ўладаў гэтай краіны пасля выбараў прэзідэнта ён называе ўнутранай справай рэспублікі Беларусь, а апазіцыі – правакацыяй” – паведаміў сёння (9 сакавіка) літоўскі інфармацыйны партал Delfi.

Тут, на нашу думку, патрэбна ўдакладненне. Бо чалавек неабазнаны пасля такіх словаў сапраўды можа падумаць, што спадар Вайніцкі выказаў агульную думку беларусаў Літвы, якія разам з ім “пляшуць пад  дудку” беларускай амбасады ў Літве. Міжтым, сітуацыя іншая.

Не ўдаючыся ў глыбіні, зраблю невялікую даведку: Раман Вайніцкі ўзначаліў Згуртаванне беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы (менавітая гэтая структура маецца на ўвазе пад арганізацыяй, якая “аб’ядноўвае беларускія грамадскія структуры Літвы”) ў 2009 г., пасля смерці ягонага кіраўніка Лявона Мурашкі. Да гэтага Вайніцкі быў (і застаецца цяпер) кіраўніком Клуба аматараў беларускай народнай творчасці “Сябрына”. Згаданае Згуртаванне, у асноўным, складаюць філіялы клуба “Сябрына” ў Літве. Раман Вайніцкі “сціпла” ўзяў на сябе права выказацца ад імя ўсіх беларусаў Літвы, не ўдакладняючы пры гэтым, што ані “Таварыства беларускай культуры ў Літве”, ані “Таварыства беларускай мовы”,  не знаходзяцца пад яго кіраўніцтвам, гэтаксама як і “Віленскае таварыства палітвязняў і зняволеных”, іншыя арганізацыі і многія беларусы Літвы, што папросту не ўваходзяць у якія-кольвек грамадскія арганізацыі. Яны не толькі не ўваходзяць у згуртаванне, а наадварот, прытрымліваюцца супрацьлеглых поглядаў, як напрыклад, кіраўнік “Таварыства беларускай культуры” Хведар Нюнька, які вельмі катэгарычны ў ацэнцы сітуацыі, што склалася ў Беларусі:

- Калі візавыя меры не дапамагаюць змяніць сітуацыю, трэба пераходзіць да іншых, больш жорсткіх. Людзі, якія цяпер, па сутнасці, заложнікі ў руках Лукашэнкі, не вінаватыя, бо 19 снежня яны выйшлі на мірную акцыю, якая ператварылася ў правакацыю з боку рэжыму. І цяпер падыходзяць любыя меры дзеля вызвалення зняволеных, – упэўнены Хведар Якубавіч.

Хведар Нюнька (стаіць) і Раман Вайніцкі. Фота: Westki.info

Нязгодныя з Раманам Вайніцкім і сябры Віленскага таварыства палітвязняў і зняволеных. Кіраўнік Таварыства Валянцін Стэх паведаміў, што арганізацыя рыхтуе з гэтай нагоды заяву на адрас кіраўніцва Літвы (у МЗС, Прэзідэнту, у Сейм).

12 сакавіка ў Рызе пройдзе канферэнцыя беларусаў замежжа (Эстоніі, Латвіі, Літвы, Польшчы і Расіі), на якой, упэўнены Раман Вайніцкі, будзе прынята заява з заклікам не ўводзіць санкцыі ў адносінах да Беларусі, якую разашлюць кіраўнікам дзяржаў і ў СМІ.

Пра іншыя краіны казаць не буду, але ад беларусаў Літвы ў ёй возьме ўдзел толькі праўладная грамадская арганізацыя, якой кіруе спадар Вайніцкі. Выніковыя заявы такой канферэнцыі відавочныя. І ў лепшых традыцыях нашай дзяржавы ўжо загадзя ёсць упэўненасць , што яны будуць прынятыя.

Ларыса Шапавалава, vilnia-by.com