Сапраўднае застанецца!

У лютым месяцы ў Таварыстве Беларускай Культуры ў Літве адбылося мерапрыемства, прысвечанае беларускім дзеячам, якія нарадзіліся ў гэтым месяцы. На апошняй радзе ТБК старшыня таварыства Хведар Нюнька прапанаваў , каб кожны месяц за мерапрыемства адказваў адзін з чальцоў рады. У гэтым месяцы быў адказным Алесь Адамковіч. Праграма атрымалася вельмі багатая.

    Лілея Плыгаўка

    У хуткім часе адзначыць 20-годдзе дзейнасці Цэнтр беларускай мовы, літаратуры і этнакультуры ў Віленскім педагагічным універсітэце (раней катэдра беларусістыкі). Першай на імпрэзе ТБК выступіла кіраўніца цэнтра Лілея Плыгаўка. Мы жывём у вельмі цікавы час і на ўнікальнай тэрыторыі, якая называецца Віленскі край, адзначыла спадарыня Лілея. Побач жывуць прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў: палякі, літоўцы, беларусы, караімы і другія, адбываецца ўплыў розных культур, моў, рэлігій. Тыповы жыхар гэтага рэгіёна валодае некалькімі мовамі, ужывае словы з іншых моў, адбываецца цеснае культурнае перапляценне. Каля Вільні ёсць вёска Ашашнікі, у якой жывуць у асноўным жанчыны беларускі, а мужчыны літоўцы. Яшчэ ў гэтым рэгіёне існуе такі ўнікальны феномен, як "тутэйшы". Я "тутэйшы" жыхар, мая мова "тутэйшая". У гэтым рэгіёне ніколі не было міжнацыянальных канфліктаў. На гэтай тэрыторыі пражывае шмат беларусаў, іх можна падзяліць на две часткі - аўтахтоны, якія тут нарадзіліся, і тыя, хто прыехаў у пасляваенны перыяд. У пасляваенны перыяд у Літве не існавала ніводнай навучальнай установы з навучаннем на беларускай мове. Дзякуючы перабудове ў канцы 80-х гадоў у Літве пачалі ўзнікаць першыя беларускія суполкі: "Сябрына", Таварыства Беларускай Культуры, адкрыўся першы беларускі клас пры 13 школе, калі набралася больш за 200 заяў ад бацькоў, паўстала пытанне сваёй школы.

    Дзякуючы намаганням Хведара Нюнькі, Лявона Луцкевіча, Лілеі Плыгаўкі памяшканне было атрымана, пачала працаваць Віленская беларуская школа № 69, цяпер школа імя Францыска Скарыны, адбылося ўжо 17 выпускаў. Паспяхова працуе і кафедра беларусістыкі пры педагагічным універсітэце, яе бяссменна ўзначальвае доктар навук Лілея Плыгаўка. У 2009 годзе выйшла кніга Л.Плыгаўкі "Беларуская мова ў Літве: сацыякультурны і лінгвістычны аспекты", дапаможнік для студэнтаў і для тых, хто цікавіцца беларускай мовай. Выпускнікі атрымоўваюць добрую адукацыю, валодаюць некалькімі еўрапейскімі мовамі, многія займаюцца прафесійна журналістыкай. Ёсць сярод іх выкладчыкі, перакладчыкі і г.д.

    Наступным выступіў сябра ТБК , войт Вацлаў Гульбіновіч. Сп.В. Гульбіновіч падрабязна распавёў пра сваё стараства, якое па выніках працы займае першае месца ў горадзе сярод дваццаці аднаго.

    Сп. Алесь Адамковіч займаецца даследаваннем жыцця і дзейнасці беларускіх святароў. Гэтым разам ён распавёў пра жыццядзейнасць Тамаша Падзявы і Янкі Быліны (Ян Семашкевіч). Абодва працавалі на карысць Бацькаўшчыны, стараліся данесці слова Божае да сваіх прыхажан на роднай мове, абодва і пацярпелі, адбывалі пакаранне ў сталінскіх лагерах. Янка Быліна нарадзіўся на памежжы, цяпер Астравецкі раён, служыў у Лаварышках. Кажуць, што 20 гадоў назад бабулькі Лаварыскага прыходу спявалі каталіцкія песні на беларускай мове і казалі, што іх навучыў ксёндз Ян Семашкевіч.

    Вельмі цікавым і змястоўным быў даклад Артура Яўмена, прысвечаны Тадэвушу Касцюшку.

    Анатоль Уласенка распавёў у сваім выступленні пра графа Канстанціна Тышкевіча. Ён першым праплыў 682 вярсты па Вяльлі ад вёскі Каменкі, пад час вандроўкі рабіліся замалёўкі, вынікам стала кніга К. Тышкевіча “Вілія і яе берагі", якая выйшла пасля смерці аўтара ў Дрэздэне. Кніга цікавая і сучаснікам.

    Сп.Хведар Нюнька сваё выступленне прысвяціў гісторыку, грамадскаму і палітычнаму дзеячу Усеваладу Ігнатоўскаму. Выступоўца падрабязна распавёў пра жыццёвы шлях і дзейнасць У.Ігнатоўскага.

    Леакадзія Мілаш распавяла пра жыццё і творчасць. У 1885 годзе Марк Твэн пісаў: "Ёсць толькі адзін эксперт, які прафесійна валодае кваліфікацыяй, дастатковай, каб зразумець душу і жыццё народа і адэкватна іх ацаніць - гэта нацыянальны раманіст, якіх вельмі мала нават у шматлюднага народа”. У 1914 годзе М. Гарэцкі марыў, каб побач з кнігай вершаў Янкі Купалы "Шляхам жыцця" ляжала тоўстая кніга прыгожай прозы. Мы можам ганарыцца, што ў нас ёсць "Каласы пад сярпом тваім", "Новая зямля", "Людзі на балоце". Такім нацыянальным раманістам быў Іван Мележ. Мала ён пражыў, мог яшчэ шмат сказаць, але тое, што сказаў сапраўднае, а сапраўднае застанецца.

    Праграма была вельмі багатай, адзначылі і прысутныя журналісты, нават не паспелі ўсё запланаванае ажыццявіць.

    Леакадзія Мілаш, Вільня, люты 2011 г.