Як цюменскія беларусы вясну гукалі

Цюменскія беларусы 26 лютага правялі абрадавае свята "Гуканне вясны". Пра гэта распавёў адзін з удельнікаў свята, начальнік аддзела беларускай культуры Палаца нацыянальных культур "Будаўнік" (Цюмень) Уладзіслаў Татарынцаў.

Цюменскія беларусы 26 лютага правялі абрадавае свята "Гуканне вясны". Пра гэта распавёў адзін з удельнікаў свята, начальнік аддзела беларускай культуры Палаца нацыянальных культур "Будаўнік" (Цюмень) Уладзіслаў Татарынцаў.

26 лютага 2011 г. Цюмень яшчэ спіць, а Палац нацыянальных культур "Будаўнік" напоўнены музыкай і песнямі. Гэта дэлегацыя Нацыянальна-культурнага таварыства “Аўтаномія Беларусь” рыхтуецца выправіцца ў Вікулаўскі раён, дзе на невялікай адлегласці адна ад адной размешчаны вёскі Ярмак, Ялоўка, Асінаўка. Яны былі заснаваны ў другой палове XIX ст. беларускімі перасяленцамі – “самаходамі”. Прайшло больш за сто гадоў, а жыхары, адарваныя ад гістарычнай радзімы, здолелі зберагчы сваю культуру, традыцыі, абрады, песні, касцюмы, мову, і, вядома ж, святы.

Гэтым разам наш шлях ляжаў у сяло Ярмак, на святкаванне 20-гадовага юбілею нашых добрых сяброў, народнага фальклорнага ансамбля “Россияночка”, кіраўнік Надзея Вычужаніна. Яшчэ на ўездзе ў вёску, прамільгнула думка: “Сёння, нават звычайныя дамы выглядаюць больш святочна і прыгожа, як быццам прынялі на сябе часцінку радасці сваіх уладальнікаў, будынак клуба, здавалася, быў зацягнуты магічнай смугой, такое чараўніцтва бывае толькі ў вёсках, дзе жывуць людзі з добрымі і адкрытымі сэрцамі”.

У клубе было шматлюдна, сваё высокае майстэрства паказвалі на сцэне юбіляры - вядомы ў Цюменскай вобласці ансамбль “Россияночка”, у рэпертуары якога “самаходскія” песні і пра гістарычную Радзіму - Беларусь, якія нябачнай нітачкай злучаюць скрозь стагоддзі цэлыя пакалення сібірскіх беларусаў.

“Песня - наша жыццё, чалавек нарадзіўся - яму калыханку спяваюць, жыве - сам спявае, калі весела або гаротна, нельга без песні” - сказала салістка ансамбля Валянціна Пракапцова, у якой з урачыстай датай супаў і асабісты юбілей.

Калектыў прымаў віншаванні, падарункі, лісты падзякі і ганаровыя граматы. Музычныя віншаванні гучалі ў выкананні: народнага фальклорна-этнаграфічнага ансамбля "Вячоркі" (кіраўнік Валянціна Міхеенка, ЦКД Вікулаўскага раёна; народнага ансамбля беларускай песні "Лянок" (кіраўнік Клаўдзія Зуева, ПНК "Будаўнік" г.Цюмень) і іншых.

На наступную раніцу мы адправіліся на тройках коней, за ваколіцу, на высокае месца гукаць вясну. Вадзілі карагоды, спявалі народныя песні і вясновыя заклічкі. Мы запускалі ў неба папяровых жураўлікаў, для таго каб хутчэй прыляцелі птушкі і прынеслі на сваіх крылах вясну, згодна старому беларускаму павер'ю.

Ля Ермакоўскага клуба сабраліся госці, калектывы, салісты і жыхары суседніх вёсак для ўдзелу ў народным гулянні “Гуканне вясны”.

Увесь дзень на плошчы гучала руская і беларуская гаворкі, цесна пераплятаючыся ў карагодах, песнях, гутарках, выконваліся "Ванюшка мой” і “Лявоніха”, “Семеновна” і "Беларуская полька”. Сярод удзельнікаў і гледачоў было шмат дзяцей. Хочацца спадзявацца, што ўбачанае дазволіць ім раскрыць свае творчыя здольнасці, дапаможа стаць добрым чалавекам, які паважае культуру іншых народаў.

Начальнік аддзела беларускай культуры
Палаца нацыянальных культур "Будаўнік" (Цюмень)
Уладзіслаў Татарынцаў