Архіпелаг Беларусь альбо сфера беларускай музыкі

Аляксей ШотаТакую назву мае блог, які папулярызуе беларускую музыку сярод палякаў. Гэта адзін з праектаў Беларускага Таварыства ў Кракаве, якое аб'ядноўвае студэнтаў, аспірантаў і выкладчыкаў Ягелонскага Універсітэта, зацікаўленых беларускай тэматыкай.
Такую назву мае блог, які папулярызуе беларускую музыку сярод палякаў. "Archipelag Białoruś czyli strefa białoruskiej muzyki" - гэта адзін з праектаў Беларускага Таварыства ў Кракаве, якое аб'ядноўвае студэнтаў, аспірантаў і выкладчыкаў Ягелонскага Універсітэта, зацікаўленых беларускай тэматыкай. Пра блог распавядае адін з яго стваральнікаў Аляксей  Шота.

Аляксей Шота

-На каго разлічаны блог?

- На людзей, якія толькі пачынаюць цікавіцца Беларуссю, якія яшчэ не ведаюць, дзе і як адшукаць патрэбную інфармацыю. У сеціве няшмат даступнай палякам інфармацыі пра гурты, канцэрты, новыя альбомы, няма тлумачэнняў тэкстаў песен.

- Чаму вы абралі такую назву?

- Беларуская музыка для польскага чытача і слухача застаецца тэмай амаль што невядомай.

Нешматлікія паведамленні пра падзеі, звязаныя з беларускай музычнай прасторай, застаюцца раскіданымі ў акіяне сучаснай культуры выспачкамі.

Але мы ўпэўненыя, што на музычнай мапе свету ёсць месца Беларусі і месца гэтае далёка не апошняе.

Таму мы запрашаем польскіх (і не толькі) чытачоў у падарожжа па музычным “Архіпелагу Беларусь”, падчас якога пакрысе мы адкрыем багацце і разнастайнасць беларускай музыкі.

Назва блога, запазычаная ў выбітнага беларускага мысляра Валянціна Акудовіча, адлюстоўвае стан ведаў пра Беларусь за мяжой – яе раздробленасць, некансалідаванасць.

- Наколькі палякі цікавяцца беларускай музыкай, наведваюць канцэрты беларускіх выканаўцаў у Польшчы?

- Сёння ў Польшчы максімум, што вядома палякам з беларускай музыкі - гэта Н.Р.М., часам яшчэ некалькі вядомых старых гуртоў, Троіца, Стары Ольса, Ляпісы. Але сёння ў нас ёсць шмат каманд, асабліва рускамоўных, на высокім узроўні, вельмі арыгінальных і самабытных, такіх як "Серебряная Свадьба", ёсць сусветнага ўзроўню этна-джаз гурт Акана, пра якія, на жаль у Польшчы не ведаюць нічога - пра іх мы пішам на блогу.

Канцэрты беларускіх гуртоў у Польшчы вельмі часта асацыююцца ў наведнікаў з палітыкай - такі стэрэатып "забароненага" музыкі стварылі польскія СМІ ў апошнія гады.

Таму на канцэрты часта прыходзяць людзі, якія бачаць цэтлік "забаронена ў Беларусі". Апошнім часам сітуацыя змяняецца і нас гэта цешыць. Бо музыка павінна прадавацца перадусім з-за сваіх музычных вартасцяў.

- А наколькі, з твайго пункту гледжання, беларусы ведаюць сучасную польскую музыку?

- Сітуацыя такая самая, як з палякамі - беларусы сёння не ведаюць фактычна нічога пра сучасную польскую музыку - пра гэта кажа хаця б невялікае зацікаўленне канцэртам супергурта Myslovitz у Мінску.

Польскія гурты не граюць у нас, бо вядома, што без падтрымкі якога-небудзь Польскага Інстытута канцэрт будзе стратным, ніхто не прыйдзе нават на зорак, калі не ведае іх музыкі.

Вельмі шкада, бо ў Польшчы ёсць гурты сусветнага ўзроўню: Hey, Lao Che, джазмэны Tomasz Stańko i Leszek Możdżer, маладыя гурты, такія як Pustki, людзі, якія эксперыментуюць з рэпам - L.U.C. i Fisz Emade - гэтыя назвы і імёны нічога ў нашай краіне нікому не кажуць, а павінны!

У нас максімум што ведаюць - гэта польскія гурты з 80-ых гадоў і некаторыя з іх сапраўды да сёння застаюцца непахіснымі глыбамі ў плане музычнай канцэпцыі - хаця б Republika - але з таго часу з'явілася шмат новага пра што беларусам проста сорамна не ведаць.

Адмысловых сайтаў, якія б папулярызавалі ў Беларусі польскую музыку няма - прынамсі я не бачыў.  Мабыць, беларусы пачуць актуальную (і тое не заўсёды) польскую музыку могуць толькі на Басовішчы.

- Хто займаецца напаўненнем вашага блогу?

- Гэтым займаюцца, па сутнасці, дзве асобы - я, ды Майя Зентара - аспірантка ў Інстытуце Рэгіянальных Даследванняў Ягелонскага Універсітэта, якая абараніла магістарскую працу на тэму сучаснай беларускай музыкі і цяпер піша кандыдацкую на гэтую ж тэму.  Таксама нам дапамагаюць іншыя сябры Беларускага Таварыства.

- Якія яшчэ творчыя задумы  плануеце рэалізаваць?

- Збіраемся зрабіць блог яшчэ і на тэму падарожжаў па Беларусі.  Таксама для палякаў, з падставовай інфармацыяй: пачынаючы ад таго, як атрымаць беларускую візу і дзе тут лепей мяняць грошы ці есці. Такога кшталту інфармацыі палякам бракуе - ёсць толькі 2 падарожныя кніжкі (я больш не бачыў) і тыя кепскія.

Потым, сабраўшы адпаведную колькасць матэрыялаў, можна было б нават выдаць кнігу.

В. Дрэма, "Твой стыль"