Пасля двух дзесяцігоддзяў жыцця ва Украіне “айцец беларускай нацыянальнай ідэі” Францішак Багушэвіч вярнуўся ў Вільню. З 1884 па 1898 год ён правёў у зялёным дворыку пана Казлоўскага на вуліцы Коннай (сённяшняя Arklių, 18).
"Аднапавярховы дом на рагу вуліцы Коннай, што прылягаў да базару, складаўся з некалькіх лепшых кватэр і цэлага шэрагу меншых, якія злучаліся з дваром заезнага дому для сялянаў, — апісваў жытло Багушэвіча віленскі журналіст Напалеон Роўба. — Адну з кватэр ад вуліцы Коннай займаў Ф. Багушэвіч з жонкай і двума дзецьмі. Лёгка было распазнаць гэтую кватэру, бо асабліва ў базарныя дні каля яе парога ажно раілася ад сялянаў..."
Усталяванне шыльды Багушэвічу на вуліцы Коннай. Фота: Алесь Адамковіч, westki.info |
Менавіта тут у верасні 2010 года адбылося адкрыццё мемарыяльнай шыльды ў гонар Багушэвіча. Ва ўрачыстай цырымоніі ўпершыню за многія гады ўзялі ўдзел як беларуская грамада Вільні, гэтак і прадстаўнікі афіцыйнага Мінска на чале з міністрам культуры Паўлам Латушкам. І з вуснаў усіх гучаў неўміручы заклік-запавет Багушэвіча: “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі“.
Штотыдзень Багушэвіч бываў дома ў сябра, віленскага мецэната Зыгмунта Нагродскага (Pylimo, 9).
На пачатку 20 стагоддзя кнігі “бацькі беларускай літаратуры” друкаваліся ў легендарнай друкарні Марціна Кухты (Totorių, 20).
КУПАЛА
Геній і паэт, пясняр і прарок. Ці не самы вядомы беларус сярод беларусаў прабавіў у Вільні адносна мала часу, аднак назаўжды ўпісаў сваё імя ў гісторыю горада, зрабіўшы вялікі ўнёсак у справу беларускага адраджэння.
Першы віленскі перыяд жыцця Івана Луцэвіча — з восені 1908 года па снежань 1909-га. Ужо досыць вядомы паэт, маючы ў актыве паэтычны зборнік “Жалейка”, зарабляў на пражыццё ў віленскай бібліятэцы-чытальні "Знание" на тагачасным Георгіеўскім праспекце (цяпер Gedimino, 2). Тамсама месцілася Беларускае выдавецкае таварыства "Наша хата". Уладальнікам "Знания", як і заснавальнікам "Нашай хаты", быў беларускі мецэнат Барыс Даніловіч.
Тут 27 студзеня 1913 года ў прысутнасці Купалы адбылася прэм'ера "Паўлінкі"
Паралельна Купала распачынае супрацу з рэдакцыяй "першай беларускай газэты з рысункамі" “Наша Ніва”, тагачасны будынак якой не захаваўся.
27 студзеня 1913 года Купала прыязджае ў Вільню з Пецярбурга, дзе жыў у той час, на прэм’еру сваёй п’есы "Паўлінка" ў пастаноўцы Беларускага музычна-драматычнага гуртка. Спектакль адбыўся ў клубе "Сокал" на вуліцы Віленскай (сёння — Vilniaus, 39).
Мемарыяльная дошка Купалу ля ўваходу ў будынак, дзе месцілася "Наша ніва" і жыў паэт"
3 кастрычніка 1913 года паэта зноў настала ў Вільні. Ён уладкоўваецца сакратаром Беларускага выдавецкага таварыства (Kaštonu, 5), фундатарам якога выступіла княгіня Магдалена Радзівіл.
З прызывам галоўнага рэдактара “Нашай Нівы” Аляксандра Уласава ў расійскае войска Купала ўзначальвае рэдакцыю, якая ў той час пераехала ў будынак па Віленскай, 29 (цяпер Vilniaus, 14). Сам Купала жыў пры рэдакцыі, аб чым сёння сведчыць мемарыяльная шыльда злева ад брамы.
Дакладна вядома, што класік бавіў час не толькі ў цесных рэдакцыях, але любіў і гульнуць.
На першым паверсе дома № 12 на былым Георгіеўскім праспекце (сёння — Gedimino, 12), дзе ў 1904 г. адчынілася бібліятэка "Знание", з пачатку ХХ ст. і да Другой сусветнай вайны знаходзілася ўлюбёная кавярня Янкі Купалы "Красный Штраль".
А вось урывак з купалаўскага верша ўжо пра іншы рэстаран — “Шуман” (Vilniaus, 32), пастаянным наведнікам якога, верагодна, быў паэт.
“Ці то летам, ці зімою,
Сып да “Шумана”, друг мой! —
Там растанецца з нудою,
Хто з кішэняй непустой.
“Шуман” — Вільні кроў і косць,
Быў і будзе, як і ёсць”.
Мяркуецца, што “нашаніўская” беларуская “тусоўка” магла мець з рэстарацыяй камерцыйныя сувязі.
ТАРАШКЕВІЧ
Нараджэнец Віленшчыны і выпускнік 2-й віленскай гімназіі, Браніслаў Тарашкевіч першым “выявiў галоўныя заканамернасцi беларускай лiтаратурнай мовы, гiстарычна абумоўленую сувязь яе фанетыка-граматычных рыс найперш з цэнтральнымi беларускiмi гаворкамi”. Гэтак, у верасні 1918 г. у віленскай друкарні Марціна Кухты (Totorių, 20) пабачыла свет першая ў гісторыі “Беларуская граматыка для школ".
Тарашкевіч узначальваў Віленскую беларускую гімназію (Aušros Vartu, 7а, першы паверх) і Таварыства беларускай школы (ТБШ). Высілкамі апошняга ў 1920-х гг. у Заходняй Беларусі было адкрыта каля 200 беларускіх школ, гімназія, настаўніцкая семінарыя і курсы. Усе яны карысталіся "Граматыкай" Тарашкевіча, якая за 10 гадоў перавыдавалася шэсць разоў, забяспечыўшы выкарыстанне беларускай мовы практычна ва ўсіх сферах.
Тут месцілася Беларуская віленская гімназія
У 1922-м мовазнаўцу абралі дэпутатам у польскі сейм, дзе ён ачоліў Беларускі пасольскі клуб (Daukšos, 13), каб з высокай трыбуны палымяна бараніць беларускага селяніна і права нашага народа на самавызначэнне. У 1925-м Тарашкевіч стаў на чале 120-тысячнай Беларускай сялянска-работніцкай грамады — самай масавай грамадскай арганізацыі Заходняй Беларусі.
Вядома, што ў 1921-1922 гг. Тарашкевіч жыў у доме на вуліцы Бакшта (Bokšto, 21). Будынак захаваўся да нашага часу, але знаходзіцца ў занядбаным стане з цэглай заміж шыбаў.
З 1923 па 1926 гг. лідара заходнебеларускага руху можна было адшукаць у кватэры № 7 на Віленскай, 12 (сёння Vilniaus, 37). У левым крыле будынка ў розны час месціліся рэдакцыі радыкальных часопісаў, бюро Таварыства беларускай школы, Школьнай рады, Беларускі студэнцкі саюз. У некалькіх пакойчыках тут жылі дзеячы беларускага адраджэння: кампазітар Антон Грыневіч і мастак Язэп Драздовіч. На фасадзе будынка прымацаваная мемарыяльная дошка з барэльефам Тарашкевіча.
У гэтым доме на Віленскай збіраліся ідэолагі беларускага жыцця ў Заходняй Беларусі.
Лідар заходніх беларусаў атрымаў два турэмныя прысуды ад польскіх уладаў, бавіў час на віленскіх Лукішках (Lukiškiu skg., 6), але скончыў жыццё ў засценкас НКУС у Маскве.
СТАНКЕВІЧ
З Вільняй знітавана жыццё лідара беларускага каталіцкага адраджэння ксяндза Адама Станкевіча, які быў адной з самых яскравых постацяў нацыянальнага руху ў Заходняй Беларусі першай паловы ХХ ст.
Нараджэнец Смаргоншчыны, Адам Станкевіч натхніўся беларускай ідэяй падчас навучання ў 1910-14 гг. у Вiленскай каталiцкай духоўнай семiнарыi (K. Sirvydo, 4). Лідар партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, ксёндз Станкевіч сярод першых пачынае карыстацца беларускай мовай у набажэнствах.
Адзін з ініцыятараў адкрыцця Віленскай беларускай гімназіі, дзе з невялікімі перапынкамі выкладаў рэлігію амаль чвэрць стагоддзя. Кіраўнік Таварыства беларускай школы, заснавальнік Віленскай друкарні імя Ф. Скарыны, рэдактар-выдавец "Крыніцы" — адзінай беларускай газеты, якая выходзіла ў Заходняй Беларусі цягам 23 гадоў (1917–1940), старшыня Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры (Aušros Vartu, 6), пасол польскага сейма...
У міжваенны перыяд ксёндз Станкевіч служыў у касцёле Святога Мікалая (Šv. Mikalojaus, 4). На яго беларускамоўныя набажэнствы з усяго горада сцякаліся беларусы, вучні Беларускай гімназіі.
Падчас нацысцкай акупацыі Вільні беларускае рэлігійнае жыццё перамясцілася ў касцёл Святога Міхала (Sv. Mykolo, 9), дзе Станкевіч служыў пробашчам.
Увесь гэты час каталіцкі святар, выдавец, гісторык, публіцыст, літаратуразнавец жыў у раёне Зарэчча (Uzupis) на вуліцы Полацкай 9/4 (Polocko, 9). У ягонай кватэры, уваход у якую месціўся ў браме, пабывала не адно пакаленне гімназістаў, сябры па БХД, іншыя беларусы.
“Кс. Адам меў вялікую бібліятэку, з якой карыстаўся не толькі ён сам, але і многія, хто цікавіўся беларускай справай. На сцяне аднаго з пакояў вісеў вялікі партрэт беларускага спевака Міхася Забэйды-Суміцкага работы мастака Пётры Сергіевіча. З Забэйдам кс. Адам быў добра знаёмы, сустракаўся з ім кожнага разу, калі спявак прыязджаў з канцэртамі ў Вільню. Быў тут і партрэт самога кс. Адама, таксама работы Сергіевіча”, — пісалі Лявон Луцкевіч і Галіна Войцік.
13 красавіка 1949 г. супрацоўнікі МДБ арыштавалі ксяндза Станкевіча ў доме на Полацкай, каб прысудзіць да 25 гадоў канцлагераў і закатаваць праз тры месяцы ў Іркуцкай вобласці. Багаты архіў "славутага кiраўнiка беларускага буржуазна-дэмакратычнага руху" чэкісты забралі з сабой.
ШЫРМА
Ад часу пераезду ў Вільню (1925) збіральнік і прапагандыст беларускага народнага песеннага фальклору Рыгор Шырма выкладаў у Беларускай віленскай гімназіі спевы, арганізаваў хор ды жыў у "Базыльянскіх мурах" (Aušros Vartu, 7) у невялікім пакойчыку над уваходнай аркай.
Пакойчык выкладчыка спеваў Беларускай гімназіі знаходзіўся па-над уваходам у Базыльянскія муры
З 1928 па 1939 гг. Шырма, які быў нязменным сакратаром Таварыства беларускай школы, жыў на першым паверсе дома № 13 на былой вуліцы Святой Ганны (Maironio, 13). Кватэру ён атрымаў ад размешчанага побач старажытнага Прачысценскага кафедральнага сабора (Maironio 14), у якім быў рэгентам царкоўнага хора. Сёння на сцяне дома вісіць мемарыяльная дошка ў гонар беларуса.
У гэтым доме, размешчаным побач з Прачысценскім саборам, жыў Рыгор Шырма
Кастусь Лашкевіч, Tut.by