Каля паўсотні сяброў Беларускага Моладзевага Руху Амерыкі, нью-ёркскага аддзелу БАЗА ды проста неабякавых да будучыні Беларусі людзей, негледзячы на даволі халоднае надвор'е і моцны вецер, сабраліся а другой гадзіне насупраць штаб-кватэры ААН, каб сумесна падтрымаць беларусаў, якія пераследуюцца на Радзіме. У мітынгу прынялі ўдзел беларусы штатаў Нью-Ёрк, Нью-Джэрсі, Мэйн, Масачусэтс ды Пенсільванія.
Акцыя салідарнасці распачалася са спеваў беларускага патрыятычнага гімну "Мы выйдзем шчыльнымі радамі" і выступу сябра Беларускага Моладзевага Руху Амерыкі ды нью-ёркскага аддзелу БАЗА Яўгена Барысевіча. Ён паведаміў, што падобныя акцыі адбываліся у той жа дзень не толькі ў Беларусі, але і ў іншых кутках свету - ў Гаазе, Лондане, Ванкуверы.
Беларусы Амерыкі спяваюць "Мы выйдзем шчыльнымі радамі!"
Яўген узгадау імены тых, хто усё яшчэ знаходзіцца за кратамі ці супраць каго заведзены крымінальныя справы: Андрэй Саннікаў, Алесь Міхалевіч, Мікола Статкевіч, Павел Севярынец, Анатоль Лябедзька, Зміцер Дашкевіч, Наста Палажанка, Ірына Халіп, Аляксандар Класкоўскі, Зміцер Бандарэнка, Наталля Радзіна, Аляксандар Атрошчанкаў, Сяргей Вазняк, Аляксандр Фядута, Андрэй Дзмітрыеў, Алесь Кіркевіч, Уладзімір Кобец, Алег Корбан, Мікіта Ліхавід, Уладзімір Лобан, грамадзяне Расіі Арцём Брэўс і Іван Гапонаў ды яшчэ каля двух дзесяткаў чалавек.
Узгадаў сябра Беларускага Моладзевага Руху Амерыкі ў сваім выступе таксама пра Мікалая Аўтуховіча, які знаходзіцца па надуманых абвінавачаннях за кратамі за свае палітычныя погляды ўжо другі раз.
Пасля Яўгена Барысевіча слова ўзяла спадарыня Валянціна Якімовіч. Яна адзначыла, што вельмі цяжка перажывае падзеі ў Беларусі: “Асабліва цяжка даводзіцца, калі даведваешся інфармацыю пра людзей, з якімі знаёмы блізка. Калі людзі, з якімі размаўляў ды перапісваўся апынаюцца за кратамі і абвінавачваюцца ў дзяржаўным перавароце і ім за іх дзейнасць на карысць Беларусі пагражае паўтара дзесятка гадоў пазбаўлення волі – гэта жахліва...”
Падчас акцыі выступіў таксама сябра Беларускага Моладзевага Руху Амерыкі Мікола Сагановіч. “ Татальнае знішчэнне ўсяго беларускага ды свабоднага ў краіне прыводзіць да таго, што ўсё больш людзей выказваюць намер пакінуць Беларусь і з’яжджаюць з краіны. Асабліва гэта датычыцца моладзі”, -- адзначыў Мікола Сагановіч.
Ён падзяліўся сваімі ўражаннямі ад перажытага падчас Плошчы-2010.
Прамоўцы коратка распавялі пра дзейнасць Беларускага Моладзевага Руху Амерыкі, які быў створаны беларускімі маладзёнамі амаль 5 гадоў назад – як раз пасля падзеяў Плошчы-2006. За гэтыя гады ў амерыканскім асяродку вакол Беларускага Моладзевага Руху Амерыкі стварылася сапраўднае кола сяброў заўсёды гатовых дапамагчы сумленным і актыўным маладзёнам, якія робяць першыя крокі на амерыканскім кантыненце. Удзельнікі акцыі скандавалі “Свабоду палітвязням!” ды “Жыве Беларусь!”.
Напрыканцы мітынга беларусы традыцыйна праспявалі “Пагоню” ды “Магутны Божа”.