Нацыянальная бібіліятэка Беларусі перадала ў дар нядзельнай школе беларускай культуры імя Уладзіміра Караткевіча ў Таліне шэраг унікальных беларускіх кніг. Сярод іх - альбом рэпрадукцый вядомага беларускага мастака Напалеона Орды "Напалеон Орда. Шлях да Бацькаўшчыны".
Кніга з'яўляецца найбольш поўнай навуковай манаграфіяй на беларускай мове пра знакамітага мастака, кампазітара, піяніста Напалеона Орду (1807-1883). У выданні сабрана каля тысячы акварэляў і алоўкавых малюнкаў Орды з шматлікіх мастацкіх музеяў Еўропы.
Натуральна, што творчасць Напалеона Орды зацікавіла вучняў беларускай школы. Тыраж выдатнага альбома, на жаль, невялікі - 400 асобнікаў. Таму вучні старэйшай групы беларускай школы вырашылі данесці творчасць знакамітага беларускага мастака да шырокай аўдыторыі пры дапамозе інтэрнету.
А каб разглядаць малюнкі Напалеона Орды было больш цікава, пад кожным пейзажам, якому больш за 150 гадоў, навучэнцы размяшчаюць спасылку на сайты з сучаснымі фотаздымкамі архітэктурных славутасцяў.
На сайце нядзельнай школы беларускай культуры імя Уладзіміра Караткевіча ў Таліне можна пазнаёміцца з пачатай працай вучняў -- sites.google.com.
Працэс дазваляе маладым беларусам Таліна ў гульнявой форме знаёміцца з гісторыяй і архітэктурай Беларусі. Паводле etnoweb.ee