Беларускія дзеячы культуры прадставілі ў Берліне сваё бачанне сітуацыі на радзіме

Рэпрэсіі ў Беларусі не пакінулі абыякавымі дзеячаў культуры ў Германіі. У Берліне прайшла дыскусія, падчас якой беларускія пісьменнікі і музыкі разам з нямецкімі калегамі абмеркавалі свае магчымасці паўплываць на сітуацыю.

Рэпрэсіі ў Беларусі не пакінулі абыякавымі дзеячаў культуры ў Германіі. У Берліне прайшла дыскусія, падчас якой беларускія пісьменнікі і музыкі разам з нямецкімі калегамі абмеркавалі свае магчымасці паўплываць на сітуацыю.

Нямецкая публіка атрымала магчымасць абмеркаваць сітуацыю ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў з беларускімі дзеячамі культуры, якія прыехалі ў Берлін па запрашэнні ПЭН-цэнтра і чатырох іншых грамадскіх арганізацый Нямеччыны. 8 лютага ў ходзе дыскусіі пад назвай "Моц слова" пісьменніца Святлана Алексіевіч, пісьменнік і мастак Артур Клінаў, а таксама музыка Лявон Вольскі гаварылі пра тое, як культурная грамадскасць можа спрыяць пераменам да лепшага. "Чырвоны салон" берлінскага тэатра Volksbühne быў цалкам запоўнены. Людзі стаялі ў праходах, мясціліся на вузкіх сядзеннях. Але адно чорнае крэсла на сцэне заставалася свабодным. Гэта традыцыя нямецкага ПЭН-цэнтра: пустое крэсла ў дадзеным выпадку было зарэзервавана для тых, хто знаходзіцца ў Беларусі пад хатнім арыштам або ў засценках КДБ і таму не мог прыехаць у Берлін. Рука Крамля? Усе тры беларускія ўдзельнікі дыскусіі настроены рэзка крытычна ў адносінах да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Але сітуацыю на радзіме, падаплёку трагічных падзеяў 19 снежня мінулага года і іх наступствы яны ацэньваюць па-рознаму. Артур Клінаў, напрыклад, бачыць ва ўсім інтрыгі Крамля. Тое, што адбылося, нікому ў Беларусі не было патрэбна - ні народу, ні дэмакратычнай апазіцыі, ні ўладам, перакананы ён. "Адзіны, каму гэта было выгадна - гэта Крэмль", - заявіў Клінаў.

Артур Клінаў

Ён упэўнены, што гэта быў "маскоўскі сцэнар", разлічаны на тое, каб не дапусціць вылучэння на наступных прэзідэнцкіх выбарах у 2015 годзе адзінага праеўрапейскага кандыдата ад апазіцыі. Такі кандыдат, па словах Клінава, меў бы рэальныя шанцы абыйсці Лукашэнку, калі б у Беларусі працягвалася эвалюцыя ў бок дэмакратычных рэформаў. Аднак яшчэ пяць гадоў дэмакратычнай эвалюцыі не задавальнялі Маскву, у якой, на думку Клінава, свае планы на 2015 год. "Крэмль правёў невялікую рэпетыцыю. Яму трэба было заваяваць плацдарм у Беларусі. А на выбарах у 2015 годзе ў Расіі будуць рэальныя шанцы на перамогу прамаскоўскага кандыдата", - заявіў ён. Як гаварыць з народам

Святлана Алексіевіч

Святлана Алексіевіч аспрэчыла гэтую, як яна выказалася, "канспіралагічную тэорыю", хоць ведае, што такога роду тэорыі вельмі модныя сярод радыкальна настроенай часткі беларускай моладзі. На яе думку, гэта -- усяго толькі спроба адвесці праблему ад сябе. "Маўляў, зноў не мы вінаватыя. Гэта ўсё рускія", - адзначыла пісьменніца. Алексіевіч заклікала набрацца мужнасці і паглядзець у твар праўдзе. А праўда, з яе пункту гледжання, заключаецца ў тым, што ёсць большасць беларускага народа, якое апазыцыя хоча абагнаць, а абагнаць яго нельга. "Мы гаворым на адной мове са сваім народам, - сказала Святлана Алексіевіч. - А Лукашэнка - на іншай, больш зразумелай і пераканаўчай, чым развагі аб дэмакратыі, свабодзе друку і правах чалавека". І гэта - віна апазіцыі, лічыць пісьменніца. "Экс-кандыдаты ў прэзідэнты зрабілі значна больш для асветы свайго народа, калі апынуліся ў турме, чым тады, калі выступалі на вуліцы" .- заявіла яна. Па словах Алексіевіч, беларусы хочуць пераменаў, але баяцца рэвалюцыі і спадзяюцца, што жыццё памяняецца сама сабой. Аптымістычны паэт

Лявон Вольскі

Лявон Вольскі не пагадзіўся ні са Святланай Алексіевіч, ні з Артурам Клінавым. Ён заклікаў калег не прыпадабняцца да палітолагаў. "Мы людзі мастацтва, - адзначыў ён. - І ў гэтай вялікай гульні, якая адбываецца ў нашай краіне і суседніх дзяржавах, мы не вельмі кампетэнтныя". Місія ж дзеячаў культуры - выхоўваць і фармаваць новае пакаленне беларускай нацыі, падкрэсліў музыка. Ён верыць у свой народ. Вольскі актыўна карыстаецца сацыяльнымі сеткамі ў інтэрнэце, чытае шмат розных каментароў і прыходзіць да высновы, што народ зусім не знаходзіцца ў стане фрустрацыі. "Калі яму гаварыць праўду ў твар, то наш голас будзе пачуты", - перакананы ён. Падчас выбараў Лявон Вольскі быў на двух выбарчых участках і не бачыў, каб людзі з прасветленымі асобамі, песнямі і скокамі ішлі галасаваць за падаўжэнне паўнамоцтваў "чалавека-сонца". Паводле яго словаў, выбаршчыкі хіба што толькі "ў скрыню не плявалі".

Аўтар: Мікіта Жолквер, Берлін Рэдактар: Вікторыя Заранка

dw-world.de

Фота: lingvinistka.livejournal.com