У Літве беларускую мову вывучаюць нават нігерыйцы

На сённяшні момант беларуская прысутнасць на тэрыторыі сучаснай Літоўскай Рэспублікі — неабвержны факт. Адным з асяродкаў беларушчыны тут з’яўляецца Цэнтр беларускай мовы, літаратуры і этнакультуры ў Віленскім педагагічным універсітэце.

На сённяшні момант беларуская прысутнасць на тэрыторыі сучаснай Літоўскай Рэспублікі — неабвержны факт. Адным з асяродкаў беларушчыны тут з’яўляецца Цэнтр беларускай мовы, літаратуры і этнакультуры ў Віленскім педагагічным універсітэце. Пра беларусаў у Літве “Тут і Цяпер” распавяла дырэктар цэнтра Лілія Плыгаўка.

— Нядаўна Літва адзначала 20-годдзе аднаўлення незалежнасці. Сёлета і беларуская кафедра Віленскага педагагічнага ўніверсітэта святкуе 20 гадоў сваёй дзейнасці. Ці звязаны гэтыя падзеі паміж сабой?

— Канечне. Мы з’явіліся якраз у сувязі з тым, што Літва вярнула сваю дзяржаўную незалежнасць. Таму быў прыняты шэраг заканадаўчых актаў па рэалізацыі жыццядзейнасці нацыянальных меншасцей. У пачатку 90-х гадоў быў такі ўздым нацыянальна-культурнага жыцця літоўскага народа, нацыянальных меншасцей. Зразумела, што беларусы не маглі аказацца па-за межамі гэтага працэсу. У той час узніклі таксама грамадска-культурныя беларускія арганізацыі, паўстала і пытанне задавальнення адукацыйных патрэб беларусаў. Таму згодна з пастановай Савета Міністраў ад 31 ліпеня 1991 года была створана кафедра беларускай мовы, літаратуры і этнакультуры. Усе гэтыя гады мы працавалі ў статусе кафедры, і толькі апошнія два гады — як цэнтр.

— Атрымліваецца, што калі б не было аднаўлення літоўскай незалежнасці, то не было б і кафедры?

— Безумоўна, так. Таму што асноўная мэта кафедры — падрыхтоўка настаўнікаў для беларускіх школ тут. Дарэчы, былі патрэбны не толькі настаўнікі, але і спецыялісты-беларусісты, якія валодаюць літоўскай і беларускай мовамі, арыентуюцца ў культурных праблемах Беларусі; людзі, якія могуць займацца не толькі адукацыйнай, але і перакладчыцкай дзейнасцю, працаваць у СМІ і г.д. У прынцыпе, за гэты час мы задаволілі патрэбы краіны ў такіх спецыялістах.

— Расскажыце, калі ласка, пра сваіх студэнтаў. Хто яны — літоўцы, беларусы?

— У першую чаргу мы прымаем грамадзян Літоўскай Рэспублікі: для іх ёсць бюджэтнае дзённае навучанне. Ёсць у нас і завочнае платнае навучанне — там вучыцца шмат замежных грамадзян. У асноўным гэта грамадзяне Беларусі, але былі і з Іспаніі, Англіі, Расіі. Цяпер вось у нас вучыцца грамадзянін Нігерыі.

— У Нігерыі таксама патрэбна беларуская мова?

— Яму цікава, вось ён і вучыцца. А чаму і не?

А што ён плануе рабіць далей?

— Не ведаю, пакуль гэта не акрэслена. Раптам чалавек будзе займацца перакладам? Чаму і не? Ва ўсякім разе ён робіць нам супастаўленне беларуска-нігерыйскага фальклора і прыходзіць да высновы, што ёсць пэўныя агульныя рэчы. Чаму мы вывучаем нейкія там экзатычныя мовы, а нашу мову не могуць вывучаць, напрыклад, у Нігерыі? Даследваць, займацца перакладамі наўпрост, а не праз некую там мову-пасрэдніка?

— 20 гадоў — гэта час, за які з немаўляці вырастае дарослы чалавек. А чаго дасягнула ваша кафедра за гэтыя гады? Якімі здабыткамі можаце пахваліцца?

— Найперш гэта выпускнікі, яны працуюць у розных краінах у розных сферах. Зараз яны прысылаюць нам лісты, у якіх выказваюць жаданне ўдзельнічаць у святкаванні, узгадваюць свае гады вучобы. І я гляджу, што, сапраўды, для іх гэта вельмі важны перыяд жыцця.

— Ці ўзнікалі якія складанасці ў той час, калі беларусы разам з іншымі нацыянальнымі меншасцямі заявілі пра сваё існаванне на тэрыторыі Літвы?

— Складанасцей не было, было непаразуменне: “Адкуль вы з’явіліся?” Але калі чалавеку тлумачыш, паказваеш глыбокую гістарычную глебу, традыцыі, то першапачатковае здзіўленне праходзіць, і на змену яму прыходзіць разуменне. Афіцыйная савецкая ідэалогія была накіравана на тое, каб беларусы адчувалі сябе непаўнавартаснымі як нацыя. Міф пра тое, што мы з’явіліся ледзь ці не дзякуючы Кастрычніцкай рэвалюцыі, розныя версіі, якія ўзнікалі, адмаўлялі народу ў жаданні быць самастойным, мець сваю гісторыю, культуру, мову. Хаця тое, што беларусы — самастойны народ, упершыню навукова даказаў Карскі. І значэнне яго асобы для беларусаў дагэтуль не ацэнена беларусамі. Яна лічыцца вартаснай для ўсіх славістаў, але не для беларусаў. Яго шматтомнае даследаванне якраз і было прысвечана асноўнаму пытанню пачатку XX стагоддзя, звязанаму з меркаваннем аб тым, што беларусы — гэта абсалютна самастойны народ з мовай, гісторыяй, культурай. Хаця цягам XX стагоддзя ўсе высновы гэтага чалавека свядома ўтойваліся. У такой атмасферы замоўчвання з’яўленне беларусаў за межамі сваёй дзяржавы натуральна выклікае здзіўленне. Такія працэсы мелі месца і ў Польшчы, на Беласточчыне. Калі ў 90-х гадах пачаўся актыўны працэс нацыянальнаага адраджэння, беларусы таксама захацелі быць беларусамі.

Ларыса Шапавалава, "Тут і цяпер"