Пра гэта не толькі добра ведаюць, але і каторы год робяць на практыцы беларусы Іркуцка. Адбываецца тое 2 лютага, у дзень калі адзначаюцца Грамніцы.
Святкаванне Грамніцаў пачынаецца з раскладання рытуальнага вогнішча. Агонь распальваецца старажытным спосабам без запалак і запальнічкі, ад іскры, якая высякаецца з крэсіва. Згодна з павер’ем, вогнішча распальваюць толькі хлопцы, дзяўчаты не павінны нават побач стаяць, бо лічылася, што “не дзеўка агонь раскладала”. Пасля таго як Перунова жонка Грамаўніца пачуе просьбу хлопцаў і ўбачыць іх высілкі, яна дасылае “Перунову іскру” і агонь разгараецца.
Пасля спявання абрадавых песень, абраны старэйшы запальвае вялікую грамнічную свечку, ад яе запальвае свечкі іншых удзельнікаў свята, пры гэтым кожны загадвае сваё пажаданне на бягучы год.
Лічылася, шо грамнічная свяча мае магічную сілу, такую свячу трэба захоўваць дома і не паказваць “чужым” людзям.
Абрад “Грамніцы” ў Іркуцку праводзіцца ў тры этапы, распавядае галоўны арганізатар свята, старшыня Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Я. Чэрскага Алег Рудакоў. Спачатку ўдзельнікі свята здзяйсняюць абрадавыя дзеянні каля вогнішча, спяваюць грамнічныя песні, пасля ўсе гуляюць у старажытныя беларускія гульні, і апошні этап -- гэта танцавальныя вячоркі, усе жадаючыя танчаць беларускія побытавыя танцы.
Пра сёлетняе адзначэнне Грамніцаў распавядае адна з удзельніц свята Алена Сіпакова: “Мы сабраліся вечарам, апранулі прыгожыя строі. Калі мы прыйшлі, хлопцы высеклі агонь, запалілі вогнішча. Усе трымалі свае свечкі з добрымі думкамі, з добрымі пажаданнямі для сябе, сваіх блізкіх і ўсіх прысутных. У нас было два гурткі – Зіма і Лета. Яны змагаліся паміж сабой у гульнях. Перамагла Зіма, таму цяпер мы ведаем, што ў гэтым годзе Лета нехутка будзе, вясна будзе позняя. У мінулым годзе мы гулялі таксама, і Зіма перамагла. Дык сапраўды вясна была позняя, таму мы ў гэтым годзе засмучаныя, што таксама так будзе. Але вельмі прыемна, што свята адбылося, сабралася шмат людзей, яны прыйшлі, каб пабачыць нашыя старадаўнія традыцыі.”
Таямніцу Зімы і Лета раскрывае Алег Рудакоў. “Сёлета ў якасці Зімы і Лета былі дзве дзяўчыны-блязняты Ірына і Ганулька, адна была апранута ў белую куртку, другая – у чырвоную, -- распавядае Алег Рудакоў. – Яны спачатку нібыта пасварыліся, а пасля пачалі змагацца адна з адной у гульнях. Перамагла каманда Зімы. Падчас вячорак у гэтым годзе мы разам развучылі новы беларускі танец “Верабей”. Танчылі і нашыя любімыя танцы “Ойру”, “Падэспань”, “Маразулю” ды іншыя”.
Па словах Алега Рудакова, самае галоўнае ў арганізацыі абрадавых святаў, не проста знайсці апісанні абрада, а адаптаваць яго, зрабіць цікавым для масавага ўдзельніка.
“Добрае свята. Цудоўна прайшло. Нават феерычна, я бы сказала, -- дзеліцца сваімі ўражаннямі ад сёлетніх Грамніц старшыня Маладзёвага клуба “Крывічы” Вольга Галанава. -- Быў адвячорак. Мы ў прыцемках ужо запалілі агонь, высеклі з іскры. Выказалі свае таемныя пажаданні. Ужо першыя зорачкі з’явіліся на небе. Было вельмі добрае надвор’е, цёпла як для зімы, градусаў 10 марозу. Вакол гурбы снегу. Мы сярод іх гулялі, некаторыя нават і галавой у снег траплялі, але не крыўдавалі, усім было смешна. Потым мы танчылі да сёмага поту. Шмат людзей сабралася, 60 чалавек дык дакладна было. Усім спадабалася, і бабулькам, і дзядулькам, і дзеткам малым, і людзям сярэдняга ўзросту. Усім было цікава”.
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
Фотарэпартаж Наталлі Бакуновіч