Чужы сярод сваіх

Першае ў гэтым годзе мерапрыемства адбылося ў Таварыстве Беларускай  Культуры ў Літве 28 студзеня. Яно было прысвечана абмеркаванню падзей, якія адбыліся 19 снежня ў Мінску і ўскалыхнулі сусветную грамадскасць.

Першае ў гэтым годзе мерапрыемства адбылося ў Таварыстве Беларускай  Культуры ў Літве 28 студзеня. Яно было прысвечана абмеркаванню падзей, якія адбыліся 19 снежня ў Мінску і ўскалыхнулі сусветную грамадскасць.

Першым выступіў мастак Алег Аблажэй, ён па запрашэнню беларусаў ЗША два тыдні гасцяваў  за акіянам. Падчас візіту адбылася сустрэча не толькі з суайчыннікамі, а і з аднакурснікамі, якія даўно жывуць у ЗША, таксама Алег Аблажэй наведаў  каля дзесяці вернісажаў сучаснага мастацтва. Мэтаю паездкі было знаёмства беларусаў Амерыкі з мастацкімі працамі беларускага мастака з Вільні. Вандроўка адбылася дзякуючы намаганням Зянона Пазняка.

Алег Аблажэй

Выступае Алег Аблажэй

Другім выступіў старшыня таварыства сп.Хведар Нюнька. Яго прамова прысвечана незаслужана забытаму дзеячу Язэпу Малецкаму. Нарадзіўся ён у 1906 годзе каля Друі, актыўна ўключыўся ў беларускую грамадскую дзейнасць, змагаўся супраць паланізацыі беларусаў, за што  пераследваўся польскімі ўладамі. У часе другой сусветнай вайны займаў адказныя пасады ў акупаванай Вільні і Беларусі, спрычыніўся да вызвалення з лагероў шматлікіх  ваеннапалонных і арыштаваныў па ілжывых даносах беларусаў. Паспяхова праводзіў, ва ўмовах акупацыі, палітыку беларусізацыі ў Баранавічах і Вілейцы. Да канца заставаўся верным ідэі незалежнасці і адданым сынам беларускага народа.Пасля вайны апынуўся за мяжой, напачатку ў Еўропе, а пасля і ў Аўстраліі. У Канадзе выдаў кнігу "Пад знакам пагоні".  Прысутныя  атрымалі шмат цікавай інфармацыі і ўпершыню адкрылі для сябе гэтую цікавую постаць.

Наступны прамоўца распавёў пра беларускага святара Уладзіслава Чарняўскага, якому ў гэтым годзе споўнілася  б 95 год з дня нараджэння. Ксёндс Уладзіслаў нарадзіўся ў вёсцы каля Гародні, служыў у розных прыходах у Вільні і на віленшчыне, а з 1954 года і да апошніх дзён - у Вішневе, каля Валожына. Ён быў адзіным святаром, які праводзіў службы па-беларуску. Ён быў чужым сярод сваіх. У 1987 годзе група беларусаў-віленчукоў наведала святара. Жыў ён вельмі сціпла, тады працаваў над перакладам Бібліі на беларускую мову. Захаваліся да сённяшняга дня малітоўнікі, тэксты рэлігійных песень,  апрацаваные святаром Уладзіславам Чарняўскім.

На мерапрыемстве выступілі і госці з Мінска: праваабронца Галіна Сіўчык, Андрэй Ларры, Кастусь Манкус. Яны расказалі пра падзеі апошнія ў Мінску, удзельнікамі якіх былі.

Кастусь Манкус

Кастусь Манкус

Андрэй Ларры

Андрэй Ларры

Студэнт ЕГУ Кірыл Атаманчык  прэзентаваў свае кнігі пра Вільню: “Сучасная беларуская прысутнасць у Вільні. Ля вытокаў незалежнай Беларусі. Сярэдзіна ХІХ – пачатак ХХ ст.” і “Сучасная беларуская прысутнасць у Вільні. Адукацыя”. Свае кнігі падараваў таварысту і народны пісьменьнік Беларусі Ніл Гілевіч.

На наступны дзень яшчэ адна цікавая сустрэча за філіжанкай гарбаты адбылася ў Хведара Нюнькі з Мацеем Канапацкім. Асабліва цікавыя яго ўспаміны пра вучобу ў Віленскай Беларускай Гімназіі, захаваліся фотаздымкі гэтых далёкіх часоў. Частку гістарычных дакументаў і здымкаў М.Канапацкі ахвяраваў ТБК.

Паводле Леакадзіі Мілаш
Вільня  1 лютага 2011 г.