Беларуска перамагла ў фотаконкурсе варшаўскага музея Незалежнасці

Беларуска Анастасія Царук заняла першае месца ў фотаконкурсе “Даўнія крэсы ў сучасным аб’ектыве”, арганізаваным музеем Незалежнасці ў Варшаве.

Беларуска Анастасія Царук заняла першае месца ў фотаконкурсе “Даўнія крэсы ў сучасным аб’ектыве”, арганізаваным музеем Незалежнасці ў Варшаве.

На конкурс неабходна было прадставіць фотаздымкі, зробленыя на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай. Менавіта фотаздымкак Анастасіі Царук з выявай фрагменту палаца ў Ружанах заняў першае месца ў конкурсе.

Анастасія Царук. Палац у Ружанах

Маці Анастасіі – фотамастачка, краязнаўца, заснавальніца і кіраўнічка таварыства філаматў “Прамень” Таццяна Царук таксама брала ўдзел у конкурсе. Яе праца атрымала асобную адзнаку журы.

Таццяна Царук. Ленін у Ашмянах

Анастасія Царук нарадзілася ў Наваградку. Пасля заканчэння школы ў 2004 годзе пераехала ў Польшчу. Там Анастасія вывучыла польскую мову наведваючы ў якасці вольнага слухача заняткі ў каталіцкім ліцэі  сясцёр-назарацянак і паступіла ў Вышэйшую школу публічнай адміністрацыі ў Беластоку на спецыяльнасць “Міжнародныя адносіны”. Таксама навучалася ў Беластоцкім універсітэце па спецыялізацыі “Сацыялогія”,  атрымала паслядыпломную адукацыю ў  Collegim Civitas (Warszawa) па спецыялізацыі “Дыпламатыя культуры”. Валодае беларускай, рускай, польскай,англійскай мовамі. Цяпер жыве ў Варшаве, дзе працуе гідам.

“Ганаруся дачкой за поспехі і сілу духа, -- гаворыць Таццяна Царук. -- Я сама яе вучыла фатаграфаць, падарыла апарат,  цягала па экскурсіях, бо сама многа праводзіла, а яе не было з кім пакінуць, то  яна са мной ездзіла. Так  што ўсе нашыя помнікі яна ведае  з малых гадоў”.

Уручэнне дыпломаў пераможцам фотаконкурсу адбылося 31 студзеня ў Варшаўскім музеі Незалежнасці.

Павіншаваць Анастасію і Таццяну Царук прыйшлі сябры. На фота злева направа: Кася Крывіцка -- географ, падарожніца; Уршула Зеліньска – прадстаўнік дэпартамента аховы помнікаў; Іаланта Пухальска -- унучка апошніх гаспадароў маёнтка Чамброва (каля Наваградка), Томаш Крывіцкі -- аўтар пуцевадзіцеля “Слядамі Адама Міцкевіча па Беларусі і Літве”; Таццяна Царук, Анастасія Царук; Богдан Булгак - унук знакамітага фатографа Яна Булгака; Тадэуш Быстрам, рэжысер, аутар фільма пра Міцкевіча "Litwo Ojczyzno moja..".

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”